У Лідзе прайшла чарговая прэс-канферэнцыя з губернатарам Гродзенскай вобласці

11:51 / 26.03.2011
8159

Чарговая прэс-канферэнцыя журналістаў цэнтральных, абласных і раённых СМІ са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам адбылася ў мінулую сераду ў Лідзе. Папярэднічала ёй знаёмства прадстаўнікоў мас-медыя з некаторымі найбольш цікавымі прамысловымі прадпрыемствамі і аб’етамі сацыяльнай сферы гэтага горада.



Прадпрымальнасць у дзеянні

Пачалося яно з наведвання ЗАТ “Каскад”. За някідкай назвай хаваецца ўнікальнае прадпрыемства, адзінае падобнае на тэрыторыі СНД, ды і ў Еўропе ў яго канкурэнтаў – на пальцах адной рукі можна пералічыць.  “Унікальнае” – гэта не перабольшванне, бо выпускаюць на прадпрыемстве эксклюзіўную светлатэхніку. Тыя, хто наведваў адрэстаўрыраваны Нацыянальны тэатр оперы і балета ў Мінску і захапляўся веліччу і прыгажосцю яго ўбранства, шматлікімі арыгінальнымі люстрамі і свяцільнікамі, асабліва – галоўнай люстрай, у большасці сваёй і не здагадваліся, што гэта – вырабы  Лідскага прадпрыемства “Каскад”. Як і  свяцільнікі ды люстры, што ўпрыгожваюць зараз будынак сталічнага цырка, падземны гандлёвы цэнтр “Сталіца”, галоўную залу Нацыянальнай бібліятэкі – і сотні іншых будынкаў у Беларусі, Расіі і краінах СНД. Сёння на прадпрыемстве працуюць над вялікім заказам – свяцільнікамі для Нясвіжскага палацавага комплексу, кожны з якіх – без перабольшвання – твор мастацтва. І ў журналістаў была магчымасць пабачыць увесь працэс іх стварэння: ад эскізаў, вырабу з пластыліну скульптур, стварэння спецыяльных форм, ліцця дэталяў, шліфоўкі і далейшай апрацоўкі іх– да зборкі, упакоўкі і ззяння гатовай прадукцыі. Прыгажосць неапісальная! І праца – таксама. А пачыналася ўсё з таго, што некалькі інжынераў-энтузіястаў з Лідскага прадпрыемства “Оптыка” дзесяць гадоў назад захацелі стварыць уласнае прадпрыемства па выпуску светлатэхнікі – вырашылі, што і ў Беларусі можна рабіць люстры не горшыя, чым знакамітыя чэшскія. Пачыналі з некалькіх напаўразбураных будынкаў і банкаўскіх крэдытаў пад грабежніцкія працэнты – а сёння гэта высокатэхналагічнае прадпрыемства з самым сучасным абсталяваннем вядучых сусветных вытворцаў, дзе працуе каля двух соцень чалавек, усе працэсы механізаваны – і кожны год у развіццё вытворчасці ўкладваецца каля мільёна долараў. І пры ўсім гэтым галоўны інжынер ЗАТ “Каскад” адзначыў, што самым цяжкім было не арганізаваць гэтую ўнікальную вытворчасць, высокатэхналагічныя працэсы, а пераламіць псіхалогію людзей, навучыць іх працаваць па-новаму, па-еўрапейску.
Прадукцыю, якую выпускае адно з вядучых прадпрыемстваў айчыннага машынабудавання – завод “Лідсельмаш”: сеялкі, прэс-падборшчыкі, успушвальнікі і шматлікую іншую  – журналісты прывыклі бачыць на палях. А ў той дзень у іх была магчымасць пазнаёміцца з працэсам яе стварэння – і нават такіх вялізных і тэхнічна складаных машынных комплексаў, як знакаміты збожжасушыльны “ЛідаАрай” – хоць, па праўдзе кажучы, мала хто з іх змог разгледзець у стосах металу і дэталяў рознай канфігурацыі абрысы будучай сушылкі…
Затое ў адкрытым летась да свята рэспубліканскіх “Дажынак” другім у вобласці лядовым палацы ўсё было зразумела і пры гэтым — цікава: і трэніроўкі юных хакеістаў на матавым лёдзе (першае ўражанне – пластык! Ад якога тым не менш патыхае холадам…), і трэнажорны і фітнэс-залы, і басейн ды саўна. Большасць  журналістаў уздыхнула з зайздрасцю: вось каб і ў нашым горадзе быў такі... А я – яшчэ і з надзеяй: хочацца спадзявацца, што пасля таго, як Астравец стане горадам энергетыкаў, у нас з’явіцца і лядовы палац – да радасці дзяцей і дарослых.
А ў раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйных культур мы, што называецца, адагрэліся душой і шчыра парадаваліся за лідчан. І не толькі таму, што да “Дажынак” ім зрабілі такі шыкоўны падарунак – перадалі для Дома рамёстваў адрэстаўрыраваны колішні кінатэатр, дзе змаглі адкрыць і невялікую краму па продажу сувенірнай прадукцыі, вырабленай сваімі рукамі, і кафэ, дзе частуюць нацыянальнымі стравамі – усё тое, пра што даўно марым, ды ніяк не зробім мы.  Галоўнае, што працуюць тут  цудоўныя, апантаныя сваёй справай людзі, якія бачаць сваёй асноўнай задачай не толькі захаванне і зберажэнне народнай спадчыны, але і развіццё яе. За невялікую плату не толькі дзеці, але і дарослыя могуць тут запісацца ў розныя гурткі – і навучыцца традыцыйным народным рамёствам – саломапляценню, ганчарнай справе, ткацтву, вышыўцы, мадэліраванню адзення… А яшчэ – паўдзельнічаць у народных святах, якія – неад’емная частка рамёстваў, паглядзець батлейку і цікавыя тэатральныя пастаноўкі – і самім у іх паўдзельнічаць. Як патрэбна ўсё гэта нам – асабліва з улікам будаўніцтва АЭС і непазбежнай асіміляцыі карэннага насельніцтва…



Размова з губернатарам

А пасля знаёмства з найбольш цікавымі прадпрыемствамі і сацыяльна-культурнымі ўстановамі Ліды адбылася прэс-канферэнцыя з губернатарам, якая доўжылася  амаль дзве гадзіны.
Пачалася яна з самай актуальнай на сённяшні дзень тэмы – блізкай пасяўной. Сямён Барысавіч расказаў журналістам пра нараду ў кіраўніка дзяржавы, якая прайшла напярэдадні, і аб тым, што такая ж неўзабаве адбудзецца і ў аблвыканкаме – з тым, каб мабілізаваць усе сілы для правядзення пасяўной – як найбольш працаёмкай і фінансаваёмістай кампаніі. Правесці яе патрэбна максімум за месяц, таму што навукай даказана: чым большы тэрмін вегетацыі расліны, тым большы яна дае ўраджай. А на Гродзеншчыне сёння ёсць усе падставы разлічваць на атрыманне двух мільёнаў тон збожжа – гэта рэальная задача, да вырашэння якой хлебаробы вобласці ўжо падыходзілі ўшчыльную, і для яе вырашэння створаны ўмовы. Угнаенняў, па словах губернатара, сёлета назапашана ў 2,5 разы больш, чым было летась. Вырашаецца пытанне з дызельным палівам. Завяршаецца рамонт тэхнікі. Больш таго: на час пасяўной 500 трактароў, пагрузчыкаў і 400 механізатараў з гарадоў будуць накіраваны на вёску для аказання дапамогі ў правядзенні пасяўной.
Працягваючы размову пра сельскую гаспадарку, С.Б. Шапіра ў чарговы раз закрануў тэму мадэрнізацыі ферм – па яго словах, пакуль што ў вобласці толькі трэць іх адпавядае сучасным патрабаванням. Для мадэрнізацыі астатніх трэба браць банкаўскія крэдыты – але гэта неабходна рабіць, клапоцячыся пра будучыню, думаючы на перспектыву.
Асаблівая ўвага на прэс-канферэнцыі была нададзена тэме развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы. Сямён Барысавіч падкрэсліў, што разбудзіць актыўнасць людзей сёння яшчэ больш важна, чым дабіцца нейкіх канкрэтных паказчыкаў у тым ці іншым накірунку. Для гэтага ў вобласці створаны цэнтр развіцця прадпрымальніцтва з мэтай аказання канкрэтнай дапамогі актыўным і дзелавым людзям, якія маюць цікавыя ідэі, але не маюць сродкаў для іх ажыццяўлення. У гэты цэнтр могуць звярнуцца не толькі жыхары Гродна, але і любога кутка вобласці, і, прадставіўшы бізнес-праект і іншыя неабходныя дакументы, атрымаць крэдыт на льготных умовах.
У чарговы раз была закранута на прэс-канферэнцыі тэма добраўпарадкавання гарадоў і вёсак вобласці – старшыня аблвыканкама зноў паставіў у прыклад іншым раёнам Астравеччыну, дзе, па яго словах, у вёсках парадку больш, чым у некаторых райцэнтрах. А сам Астравец Сямён Барысавіч назваў самым функцыянальным, прадуманым, прыгожым і акуратным горадам Гродзеншчыны, асабліва адзначыўшы нашу бальніцу, райгаз, РЭС.
Ішла на прэс-канферэнцыі размова і пра прыцягненне інвестыцый – губернатар зазначыў, што справа гэтая вельмі няпростая, але неабходная. Закраналіся тэмы развіцця спорту, захавання і адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны, у прыватнасці, каралеўскага палаца ў Гродне, магчымасці будаўніцтва медыя-цэнтра ў Лідзе і іншыя.
Як заўсёды, губернатар быў шчыры і адкрыты ў размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, пастараўся адказаць на ўсе пытанні і акрэсліў у размове найбольш важныя тэмы жыцця вобласці.


Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений