Тыдзень postfactum: такія розныя нагоды

11:15 / 23.03.2011
8413
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Мінулы тыдзень пакінуў нямала нагод як для радасці, гонару, так і для расчаравання.
Японскі характар

Кожны дзень прыносіць новыя звесткі аб колькасці ахвяр землятрусу і цунамі ў Японіі. Лік загінуўшых ужо перавысіў 20 тысяч і, па ўсім відаць, гэта далёка не канчатковая лічба. Па меры таго, як адступае вада, адкрываецца вачам сапраўдная велічыня катастрофы нацыянальнага маштабу.
Становішча на аварыйнай АЭС у Фукусіме працягвае заставацца складаным. Аднак паступова саступае месца ў першых радках навін інфармацыйных агенцтваў. Персанал станцыі робіць усё магчымае для таго, каб наступствы аварыі не выйшлі за межы самой АЭС. Інфармацыя аб радыяцыйным фоне ў акаляючым станцыю рэгіёне супярэчлівая.
Эколагі і міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі супакойваюць, што Далёкаму Усходу радыяцыйнае забруджанне не пагражае. Гэткай жа думкі прытрымліваюцца спецыялісты, якія аналізуюць характар аварыі.
Напалоханае ж Чарнобылем насельніцтва раскупіла амаль увесь запас прэпаратаў, што ўтрымліваюць ёд.
У Кітаі з прылаўкаў магазінаў знікла спачатку ёдаваная соль. А затым і ўся астатняя, таму што пайшлі чуткі, нібыта ад радыяцыі ратуе і яна. Не падзейнічала і перасцярога ўрачоў ад празмернага і неабгрунтаванага прымянення ёду.
На фоне істэрыі, што разгарнулася ў суседніх з Японіяй дзяржавах, самі жыхары Краіны Узыходзячага Сонца вызначаюцца неверагоднай стойкасцю і мужнасцю. У краіне няма панікі, рабаванняў, насілля. Не адзначана ніводнага факту марадзёрства і, нават, ажыятажнага попыту ў магазінах і на бензакалонках.
Такі вось ён — нацыянальны менталітэт, японскі характар.



Вайна

Пачатак вайны ў Лівіі – быў справай часу. Здзіўляе толькі паспешлівасць, з якой краіны Захаду ўзяліся за вырашэнне лівійскага пытання. 19 сакавіка лідэру джамахерыі быў прад’яўлены ўльтыматум аб спыненні баявых дзеянняў супраць паўстанцаў, а ўжо 20-га на Лівію было выпушчана звыш 100 баявых ракет. Ясная справа, усе яны трапілі выключна ў ваенныя аб’екты.
Па іроніі лёсу, аперацыя пачалася ў той самы дзень, што і амерыканская вайна ў Іраку 8 гадоў таму.  Рэжым Хусейна паў на працягу некалькіх месяцаў, зброі масавага паражэння, якая паслужыла падставай для ўварвання, у Іраку так і не знайшлі. Незразумелая вайна выклікала ў ЗША масавыя пратэсты, на хвалі якіх гучалі абяцанні вяртання салдат дадому, чарговую прэзідэнцкую гонку выйграў цяперашні прэзідэт Барак Абама.
Афіцыйна вайна завяршылася 1 верасня мінулага года, аднак амерыканскія ўзброеныя сілы па-раннейшаму знаходзяцца ў Іраку, мір у краіне так і не наступіў і калі ён прыйдзе на шматпакутную зямлю, застаецца невядомым.
Не трэба быць вялікім аналітыкам, каб падобны сцэнарый развіцця падзей прадказаць і для Лівіі.



Беларусь і Расія

Войны паміж саюзнымі дзяржавамі калі і былі, то выключна “малочныя”, “цукровыя” і “газавыя”, ды і то, надзеленыя гэтым статусам прагнымі да гучных эпітэтаў журналістамі. Аднак і такім войнам, па ўсім відаць, прыйшоў канец. Падпісанае напрыканцы мінулага года пагадненне аб стварэнні адзінай мытнай прасторы паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам зняло штучныя перашкоды на шляху тавараў і паслуг. Аналітыкі яшчэ доўга будуць спрачацца, хто ад гэтых пагадненняў выйграў больш. Напярэдадні пасяджэння Савета Міністраў саюзнай дзяржавы, якое адбылося 15 сакавіка, кіраўнік расійскага ўрада Уладзімір Пуцін адзначыў, што Расія такім чынам прасубсідзіравала беларускую эканоміку на  4-5 мільярдаў долараў.
“Зноў вы нас абдурылі!”, — не без хітрынкі заўважыў расійскі прэм’ер. Пажартаўваў, канешне. Што ніколькі не змяншае відавочнай эканамічнай выгады як для беларускіх, так і для расійскіх вытворцаў ад падпісаных у апошні час пагадненняў. У тым ліку і тых, што былі зацверджаны на пасяджэнні саюзнага саўміна.



Наша Даша

Ох ужо гэта наша Даша Домрачава! Колькі разоў за год яна прымушала нас то хапацца за валідол, то радавацца яе прызавым месцам на этапах Кубка свету па біятлону! Толькі заўсёды для таго, каб узняцца на самую высокую прыступку п’едэсталу гонару, чагосьці крышачку не хапала.
І вось, на самае завяршэнне сезона, на дэсерт Даша прыгатавала ўсім нам самае смачнае – бліскучую перамогу ў апошняй гонцы года!
Не была б Даша Дашай – на шляху да чэмпіёнства яна традыцыйна ўмудрылася 3 разы патрапіць у “малако”.
Да такіх хуткіх ног яшчэ б і хоць крыху стрыманасці і спакою! Спадзяёмся, у наступным сезоне Даша авалодае і гэтымі якасцямі!

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений