Астравецкі РАУС: падведзены вынікі мінулага года

16:09 / 18.01.2011

На мінулым тыдні ў раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшло аператыўнае пасяджэнне па  падвядзенню вынікаў мінулага года. На яго, акрамя асабовага складу аддзела, былі запрошаны намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, пракурор раёна А.І. Марцінчык, начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Г.І.  Калтан, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Астравецкаму раёну А.А. Мароз, старшы афіцэр аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Д.М. Алісейка і старшыня савета ветэранаў РАУС Л.Б. Стэх.


Удзел у аператыўным пасяджэнні прынялі начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, палкоўнік міліцыі  Валянцін Уладзіміравіч Міхневіч і куратар Астравецкага РАУС ад Міністэрства ўнутраных спраў, начальнік аддзела пашпартнай работы і выезду за мяжу дэпартамента па грамадзянству і міграцыі маёр міліцыі  Дзмітрый Сяргеевіч Леўчанка.


Адкрыў пасяджэнне начальнік Астравецкага РАУС Віктар Вікенцьевіч Дамуць, які падвёў вынікі работы за 2010 год. Ён агучыў меры, якія  ажыццяўляліся супрацоўнікамі аддзела па прафілактыцы правапарушэнняў і барацьбе са злачыннасцю, забеспячэнню парадку, барацьбе з п’янствам, бытавой злачыннасцю, прафілактыцы асацыяльных паводзінаў, захаванні асабістай і дзяржаўнай маёмасці.
Як паведаміў Віктар Вікенцьевіч, большасць мерапрыемстваў была поўнасцю выканана. Але не ўсе, і ў выніку колькасць злачынстваў, здзейсненых у мінулым годзе,  павялічылася. Асноўная праблема ў  нашым раёне – гэта крадзяжы. Не поўнасцю вырашана праблема захавання маёмасці на аб’ектах будаўніцтва інфраструктуры АЭС і маёмасці грамадзян.
Радуе той факт, што нягледзячы на  агульны рост злачынстваў, адзначаецца зніжэнне цяжкіх і асабліва цяжкіх, не зарэгістравана забойстваў. Зменшылася колькасць злачынстваў, якія былі зроблены ў стане алкагольнага  ап’янення. Больш мінулагодняга ўчынена злачынстваў у  сельскай мясцовасці. Таму на бягучы год кіраўніцтва  РАУС ставіць шэраг задач па актывізацыі работы пунктаў грамадскага правапарадку на тэрыторыях сельскіх Саветаў і ў г.п. Астравец. Па гэтай жа прычыне неабходна павысіць эфектыўнасць работы па наркакантролю і падняць яе на больш высокі ўзровень. Патрабуецца таксама палепшыць работу з асобамі, якія ўжываюць спіртныя напоі, і з тымі, якія былі раней судзімымі. З павелічэннем транспартнага потоку, у тым ліку і вытворчай тэхнікі, гэтаму накірунку таксама будзе надавацца павышаная ўвага.
Што тычыцца негатыўных момантаў, то стан захавання дысцыпліны і законнасці  ў Астравецкім  РАУС у 2010 годзе быў прызнаны нездавальняючым. Вынікі маніторынга грамадскай думкі паказалі, што 35% насельніцтва поўнасцю давяраюць міліцыі, аднак каля 19%  указваюць на раўнадушша, грубасць і бестактоўнасць пры зносінах з супрацоўнікамі міліцыі. Зыходзячы з гэтага, было прынята рашэнне змяніць падыходы да арганізацыі работы з асабовым складам аддзела па  захаванню дысцыпліны і законнасці, па паляпшэнню меркавання насельніцтва пра дзейнасць міліцыі.
Актыўны ўдзел у абмеркаванні даклада начальніка РАУС прыняў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Валянцін Уладзіміравіч Міхневіч. У прыватнасці, ён спыніўся на тым, што Астравецкі раён на самой справе з’яўляецца дастаткова спакойным у крымінагенным  плане, тым не менш падкрэсліў, што ёсць праблемы, якія трэба тэрмінова вырашаць.
Па-першае, гэта ўзровень даверу насельніцтва да мясцовай міліцыі. Ён павінен быць вышэйшым, таму што міліцыя павінна працаваць для насельніцтва. Людзям  патрэбен ахоўнік правапарадку, які можа аператыўна вырашыць складаную сітуацыю. Любая катэгорыя грамадзян заслугоўвае павагі – нават той, хто апусціўся на самае дно, мае права на тое, каб яго ўважліва выслухалі і дапамаглі вырашыць праблему
Валянцін Уладзіміравіч падкрэсліў, што па меры будаўніцтва АЭС колькасць супрацоўнікаў аддзела  будзе павялічвацца. Тым не менш,  расслабляцца не варта. Ужо цяпер самую  вялікую ўвагу неабходна звярнуць на  прафілактыку. Гэта той ключавы момант, праз які міліцыя  павінна ўплываць на ўзровень злачыннасці, на зніжэнне  дарожна-транспартных здарэнняў, распаўсюджванне п’янства і алкагалізму, работу з раней судзімымі.
Ёсць у дзейнасці аддзела ўнутраных спраў і станоўчыя моманты, і добрыя прыклады, за якія Валянцін Уладзіміравіч  выказаў усім супрацоўнікам словы ўдзячнасці  – забяспечаны прынцып рэагавання і эфектыўнасці работы па забеспячэнню  непазбежнасці пакарання.
Выступілі на пасяджэнні таксама першы намеснік начальніка аддзела, маёр міліцыі Андрэй  Матулевіч, які  спыніўся на праблемах, што  ўзнікаюць у рабоце. Марэк  Сінкевіч, намеснік начальніка РАУС, начальнік папярэдняга расследавання расказаў пра захаванне законнасці і аператыўнасці пры расследаванні крымінальных злачынстваў. Намеснік начальніка РАУС В.Ф. Яроміч гаварыў аб недастатковым узроўні захавання дысцыпліны супрацоўнікамі міліцыі і ў выніку – зніжэнні яе аўтарытэту ў насельніцтва. Некаторым супрацоўнікам РАУС начальнікам упраўлення былі зададзены канкрэтныя пытанні па нявырашаных праблемах.
Свае заўвагі па рабоце супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў выказаў і намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, які, да таго ж, з’яўляецца старшынёй камісіі па справах непаўналетніх. Намеснік старшыні райвыканкама падзякаваў супрацоўнікам за работу на ўчастках для галасавання, за арганізацыю работы падчас мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам. І разам з тым адзначыў негатыўныя моманты ў рабоце раённай міліцыі, якія кідаюць цень на ўсіх ахоўнікаў правапарадку. Калі ў турму трапляюць асобныя супрацоўнікі міліцыі, то гэта падрывае аўтарытэт і давер і да іх калег,  усіх людзей у пагонах.
Сваё меркаванне аб рабоце аддзела ўнутраных спраў выказаў пракурор раёна А.І. Марцінчык.
І ўсё ж закончылася пасяджэнне на мажорнай ноце. Начальнік упраўлення паведаміў аб прысваенні некаторым супрацоўнікам міліцыі чарговых званняў і ўручыў пагоны. Так,  загадам Міністэрства ўнутраных спраў  інспектар дарожна-патрульнай службы Д.В. Блашкевіч атрымаў званне малодшага лейтэнанта міліцыі, а загадам упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама дазнавацель групы дазнання В.С. Арлоўскі, інспектар дарожна-патрульнай службы Д.Л. Малочка і оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю А.І. Махнач – чарговыя званні старшага лейтэнанта міліцыі.


Алена ЯРАШЭВІЧ.