Тыдзень рostfactum: смутак, надзея і радасць

16:22 / 10.11.2010
10788
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

“Хацелі як лепш, атрымалася як заўсёды”, “Якую б партыю ні будавалі, ўсё роўна атрымліваецца КПСС”, “Горш гарэлкі – лепш няма”…
На мінулым тыдні не стала аўтара гэтых і яшчэ добрага дзесятка іншых вострых выразаў, якія станавіліся крылатымі, разрываліся на цытаты на наступны дзень пасля іх вымаўлення. Пайшоў з жыцця колішні заснавальнік і кіраўнік “Газпрама”, прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі, напэўна, адзін з самых знакавых, мажліва, нават, адыёзных, палітыкаў сучаснай Расіі Віктар Сцяпанавіч Чарнамырдзін.
У гісторыі ён застанецца не столькі майстрам афарызмаў, колькі жорсткім, прагматычным і разам з тым разважлівым палітыкам, які прадвызначыў палітычны курс Расіі ў самы складаны для яе перыяд.
Далёка не апошняй была роля палітыка і ў гісторыі суверэннай Беларусі. Як бы ні ацэньвалі яго дзейнасць сучаснікі, роўныя Чарнамырдзіну фігуры на палітычным алімпе з’яўляюцца не часта.
Сваю жонку Віктар Сцяпанавіч перажыў крыху больш, чым на паўгода…
А ў Беларусі 5 лістапада завяршыў работу ХІІІ Мінскі форум – міжнародная канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел 450 чалавек – палітыкаў, эканамістаў, аналітыкаў, грамадзянскіх актывістаў – з 22-х краін.
“Беларусь і ЕС пасля крызісу: выклікі і шанцы ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства” – такім быў дэвіз форуму. Выразны эканамічны вектар канферэнцыі аднак не перашкодзіў засяродзіцца на пытаннях удзелу Беларусі ва “усходнім партнёрстве” і маючых адбыцца выбарах прэзідэнта. Нягледзячы на пэўны градус дыскусій, абумоўлены апошнім фактарам, “кропку кіпення” яны не пераадолелі. Больш таго: аналітыкі прызналі 13-ты форум самым спакойным, бясстрасным з усіх. Не зашкодзіў нават нешчаслівы парадкавы нумар. Прадузятасць, стэрэатыпнасць і тэндэнцыйнасць, характэрныя для ўспрымання беларускай рэчаіснасці ў апошняе дзесяцігоддзе, па ўсім відаць, саступаюць месца разуменню Беларусі як неад’емнай часткі еўрапейскай супольнасці. Аб гэтым вельмі ярка выказаўся на форуме яго старшыня, прафесар Райнер Ліндне: “Палітыка вылучэння ўмоў, а тым больш ізаляцыі – контрпрадуктыўная. І Брусель павінен аб гэтым ведаць”. Яшчэ больш катэгарычна выказаўся дэпутат нямецкага Бундэстага Георг Шырмбек: “Мы не маем права выстаўляць Беларусі тыя патрабаванні, якія не выстаўляем іншым краінам. Калі мы нешта патрабуем ад Беларусі, мы павінны спытаць, а ці ўсё правільна мы робім”.
Як кажуць беларусы – гэтыя б словы ды Богу ў вушы. Зрэшты, Бог тут ні пры чым – палітыку вызначаюць людзі.
Што б там ні гаварылі зласліўцы, у тым ліку і на сайце “АП”, Беларусь умее сябраваць. Толькі вось у народзе шануюць дружбу шчырую і сумленную. А сяброўства кшталту: калі ты мне лапатку не дасі, то я ў цябе вядзерца забяру – для дзіцячай пясочніцы. Хацелася б, каб гэта хутчэй зразумелі як на Захадзе, так і на Усходзе. Дарэчы, геапалітычнае месца Беларусі ў сучаснай Еўропе вельмі дакладна абазначыў на форуме намеснік начальніка ўпраўлення знешнепалітычнага аналізу міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Шупляк. На пытанне, якое чамусьці так хвалюе нашых суседзяў: з кім будзе Беларусь – з Бруселем ці Масквой? – ён адказаў: “Беларусь будзе там, дзе яна сёння знаходзіцца – у цэнтральнай частцы Еўропы, на сваім месцы”. І ўдакладніў, што наша краіна жадае быць не буферам альбо санітарнай зонай паміж двума цэнтрамі сілы, а мостам, які злучыць Захад і Усход.
На Астравеччыне тым часам, завяршыўся чарговы этап выбарчай кампаніі. Завяршыўся будзённа, спакойна, без лішніх эмоцый і скандалаў. Хоць без пэўных кур’ёзаў і не абышлося. Рашэннем раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “зялёнае святло” на працяг выбарчай гонкі – прынамсі, ад імя жыхароў Астравецкага раёна – атрымалі ўсе кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы, за якіх падпісаліся нашы землякі.
І аб футболе… Гульня №1 зноў дала нам падставу для радасці на мінулым тыдні. Падобна грандам еўрапейскага футбола, каманда з раённага цэнтра Беларусі – Барысава – за два туры да завяршэння групавога раўнда лігі Еўропы забяспечыла сабе выхад у наступны круг. Дзве гульні, якія засталіся, ужо нічога не вырашаюць. Праўда, адна з іх – з кіеўскім “Дынама”. Сапраўдныя балельшчыкі разумеюць, што я маю на ўвазе. Едзем хварэць за БАТЭ?

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений