Абраны дэлегаты ад Астравецкага раёна на IV Усебеларускі народны сход

15:13 / 09.11.2010

Як вядома, 6-7 снежня ў Мінску пройдзе чацвёрты Усебеларускі народны сход, на якім будуць разгледжаны вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады і прыняты асноўныя палажэнні праграмы развіцця краіны на будучую пяцігодку. У сходзе прымуць удзел 2500 грамадзян нашай краіны, у тым ліку 350 прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці. У іх ліку будзе і 8 дэлегатаў ад Астравеччыны – квота ад кожнай адміністрацыйнай адзінкі вызначаецца ў залежнасці ад колькасці жыхароў.
У мінулы чацвер, 4 лістапада,  прайшоў раённы сход упаўнаважаных, на якім былі абраны дэлегаты на ІV Усебеларускі народны сход ад Астравеччыны.


На раённы сход упаўнаважаных на сходах працоўных калектывах былі абраны 384 дэлегаты. Яны прадстаўлялі ўсе галіны: ад сельскай гаспадаркі на сход было абрана 137 чалавек, медыцыну прадстаўлялі 28 дэлегатаў, адукацыю – 55, культуру – 10, гандаль і бытавое абслугоўванне – 31, транспарт і сувязь – 16, прамысловасць – 42, будаўніцтва – 23, жыллёва-камунальную гаспадарку – 18, сілавыя структуры – 7, іншыя арганізацыі і ўстановы – 17 упаўнаважаных.
Сход адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Пасля таго, як быў сфарміраваны прэзідыум сходу, кіраўнік раённай вертыкалі расказаў абраным на сход упаўнаважаным, як працуе раён, якія задачы выконвае, з якімі паказчыкамі заканчвае бягучы год і якія задачы давядзецца выконваць усім працаўнікам раёна ў наступнай пяцігодцы.
Па выніках работы за 9 месяцаў года ў раёне дасягнуты станоўчыя паказчыкі па выкананню прагнозных паказчыкаў. Забяспечана выкананне прагнозу па тэмпах росту экспарту паслуг, імпарту тавараў і паслуг, рознічнага тавараабароту цераз усе каналы рэалізацыі, платных і бытавых паслуг, уводу жылля, паказчыка па энергазберажэнню, росту заработнай платы.
Прамысловай прадукцыі за студзень –верасень года выпушчана на 8 мільярдаў, спажывецкіх тавараў – на 533 мільёны рублёў. Удзельная вага новай прадукцыі ў агульным аб’ёме прамысловай прадукцыі складае 6,1 працэнта. Аб’ём знешняга гандлю ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года ўзрос на 17,5 працэнта. Раён ажыццяўляе знешнегандлёвую дзейнасць з 18 краінамі свету. Асноўнымі пастаўшчыкамі экспартнай прадукцыі ў раёне з’яўляюцца ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка”, Астравецкі лясгас, раённае спажывецкае таварыства, вытворчыя фірмы “Верас”, “БелЭЛСА”.
Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі за 9 месяцаў склала ў супастаўных цэнах 77,3 мільярда рублёў. Тэмп росту валавой прадукцыі раслінаводства склаў 86,2 працэнта, жывёлагадоўлі – 101,5 працэнта. Вытворчасць малака за гэты перыяд вырасла на 1081 тону, ці на 4 працэнты да ўзроўню мінулага года, сярэдні надой малака ад каровы склаў 3956 кілаграмаў. У гэтым годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі набылі 9 трактароў, 6 збожжаўборачных камбайнаў, 7 пагрузчыкаў, 7 касілак і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Вядзецца работа па рэканструкцыі і тэхнічнаму перааснашчэнню жывёлагадоўчых ферм у СВК “Гудагай” — ферма Германішкі, СВК “Гервяты” — ферма Рымдзюны, закончана будаўніцтва малочнатаварнай фермы Рытань саўгаса “Падольскі”, пачата будаўніцтва новай фермы Маркуны ў СВК “Міхалішкі”.
За 9 месяцаў увод інвестыцый у асноўны капітал павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 23,4 працэнта. Па выніках 9 месяцаў у раёне ўведзена ў эксплуатацыю 17071 квадратны метр жылля, у тым ліку 40-кватэрны дом жыллёва-будаўнічага кааператыва, 38 кватэр агульнай плошчай 3690 квадратных метраў уведзена ў эксплуатацыю ў сельскай мясцовасці.
Рознічны тавараабарот за азначаны перыяд узрос на 45,8 працэнта, у сярэднім на душу насельніцтва ён склаў 5,1 мільёна рублёў. Попыт насельніцтва задавальняецца ў асноўным за кошт тавараў айчыннай вытворчасці, доля якіх у агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту склала 93,8 працэнта.
За 10 месяцаў у раёне адкрыта 19 аб’ектаў гандлю і адзін аб’ект грамадскага харчавання на 16 пасадачных месцаў.
Высокімі тэмпамі ў гэтым годзе развіваліся паслугі транспарту (139,8 працэнта да ўзроўню мінулага года), сувязі (125,5 працэнта), турыстычныя і экскурсійныя (162,9), фізічнай культуры і спорту (278,3), медыцынскія (124,4), банкаўскія (142,9 працэнта).
За восем месяцаў года у цэлым па раёну чысты прыбытак склаў 10,4 мільярда рублёў (118,8 працэнта да ўзроўню мінулага года), рэнтабельнасць – 7,3 працэнта.
Прымаюцца меры па развіццю малога прадпрымальніцтва. У Астраўцы зарэгістраваны 74 малыя прадпрыемствы, з іх 8 — у гэтым годзе. У мясцовы бюджэт ад іх дзейнасці за 9 месяцаў паступіў 481 мільён рублёў падаткаў і збораў, што складае 4,3 працэнта ад усіх фактычных паступленняў за гэты перыяд.
За студзень-верасень намінальная налічаная заработная плата склала 863,4 тысячы рублёў – яна павялічылася да ўзроўню мінулага года на 20,8 працэнта.
Дынамічна развіваліся ў гэтым годзе ўстановы сацыяльнай сферы – культуры, адукацыі, медыцыны.
У недалёкай будучыні Астравец чакаюць вялікія перспектывы ў сувязі з будаўніцтвам у нашым раёне першай беларускай атамнай электрастанцыі, а ў самім райцэнтры – горада энергетыкаў. Плануецца стварэнне ў Астраўцы шэрагу новых прадпрыемстваў машынабудавання, будаўнічай індустрыі, харчовай і лёгкай прамысловасці, а ў будучым – размяшчэнне ў горадзе энергетыкаў прадпрыемстваў-праваднікоў высокіх тэхналогій, стварэнне цэнтра лагістыкі – з улікам памежнага становішча горада, наяўнасці буйных аўтамабільных і чыгуначных магістраляў міжнароднага значэння. Гарадское асяроддзе будзе фарміравацца з улікам сучасных горадабудаўнічых патрабаванняў, якія прадугледжваюць стварэнне кварталаў мала- і сярэднепавярховай забудовы ў 2-4 паверхі, стварэнне кантрасных архітэктурных кампазіцый.
У сувязі з будаўніцтвам АЭС плануецца правесці рэарганізацыю шэрагу прадпрыемстваў: мадэрнізацыю адкрытага акцыянернага таварыства “Астравецкі завод “Радыёдэталь”, філіяла “Аўтамабільны парк №4”, каўбаснага цэха райспажыўтаварыства, хлебапякарнай і кандытарскай вытворчасці з арганізацыяй імпартазамяшчэння. Плануецца пашырэнне швейнай вытворчасці на плошчах камбіната бытавога абслугоўвання. Для гарантаванага забеспячэння насельніцтва Астраўца, якое вырасце да 30 тысяч чалавек, сацыяльна-значных паслуг, прадугледжваецца будаўніцтва сямі аб’ектаў гандлю агульнай плошчай 4500 квадратных метраў, двух аб’етаў грамадскага харчавання на 140 пасадачных месцаў, новага Дома быту з арганізацыяй рабочых месцаў цырульніка, абутніка, фатографа і г.д.
У сельскай гаспадарцы плануецца пабудаваць комплекс па вырошчванню і адкорму свіней на 24 тысячы галоў з перапрацоўчым цэхам і колькасцю працуючых каля 100 чалавек, цяплічнага камбіната па вырошчванню гародніны з колькасцю занятых каля 350 чалавек, плодагароднінасховішча на станцыі Гудагай, закладка саду плошчай да 300 гектараў, будаўніцтва новага водазабору і станцыі абезжалезвання вады магутнасцю 10 тысяч кубаметраў у суткі, ачысных збудаванняў такой жа магутнасці.
Словам, перспектывы перад Астраўцом у сувязі з будаўніцтвам АЭС адкрываюцца грандыёзныя. Але канчатковае “дабро” на ажыццяўленне усіх гэтых планаў, і не толькі для развіцця нашага раёна, а краіны ў цэлым, павінен даць ІV Усебеларускі народны сход, на якім будуць прысутнічаць і прадстаўнікі Астравеччыны.
Упаўнаважаныя на раённым сходзе адкрытым галасаваннем аднадушна даверылі ажыццявіць гэтую ганаровую місію паважаным у раёне людзям, прадстаўнікам найбольш буйных арганізацый і прадпрыемстваў, тым, хто сваёй паўсядзённай працай мацуе дабрабыт раёна — а значыць, і ўсёй краіны.



Такім чынам, дэлегатамі ІV Усебеларускага народнага сходу ад Астравецкага раёна былі абраны:


Марыя Іосіфаўна Бушмовіч, начальнік комплексу па вырошчванню і адкорму буйной рагатай жывёлы СВК “Гервяты”;


Адам Дзмітрыевіч Кавалька, старшыня раённага выканаўчага камітэта;


Генадзь Феліксавіч Куцько, слесар-рамонтнік ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка”,


Эдуард Іванавіч Садоўскі, старшыня СВК “Гудагай”;


Пётр Іванавіч Сяргей, трактарыст-машыніст СВК імя Гашкевіча;


Аляксандр Браніслававіч Стурліс, дырэктар РУП ЖКГ;


Надзея Андрэеўна Субач, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульаанадукацыйная сярэдняя школа”;


Валянцін Ігнатавіч Тачоны, галоўны ўрач УАЗ “Астравецкая раённая бальніца”.

Пажадаем нашым дэлегатам плённай работы на сходзе!


Ніна РЫБІК.