Губернатар вобласці сустрэўся з журналістамі

08:12 / 06.10.2010
10587

Першая падобная размова журналістаў з кіраўніком вобласці адбылася неўзабаве пасля прызначэння Сямёна Барысавіча на пасаду губернатара, калі ён, па ўласным прызнанні, яшчэ толькі ўваходзіў у курс спраў у рэгіёне і нават пажартаваў, што па вобласці пакуль ездзіць па компасу.
Другую сустрэчу С.Б. Шапіра таксама пачаў з жарту, якім звязаў дзве прэс-канферэнцыі: паведаміў, што компас ён ужо адклаў, а вось картай яшчэ калі-нікалі карыстаецца. Але першае ўражанне пацвердзіў і на гэты раз: Гродзеншчына – гэта рэгіён з вялікімі патэнцыяльнымі магчымасцямі, дзе працуюць вельмі граматныя, высокаадукаваныя спецыялісты. Сказаў, што ўжо пачынае любіць Гродна і перакананы ў тым, што наш абласны цэнтр павінен стаць самым прыгожым і ўтульным горадам Беларусі. А з райцэнтраў выдзеліў найперш Астравец, зазначыўшы, што з першага позірку відаць, як тут людзі любяць свой горад.



Аб канкурэнцыі і абароне мясцовага таваравытворцы

У адказ на пытанне журналіста газеты “Беларусь сегодня” аб тым, чаму ў Гродне можна купіць віцебскую і брэсцкую гарэлку, а ў Віцебску гродзенскую – немагчыма, Сямён Барысавіч нагадаў, што стварэнне ўдзельных княстваў стала першым крокам да гібелі не адной імперыі. У савецкія часы лепшай грузавой машынай лічыўся ЗІЛ, які выконваў грузоперевозки і “з’ядаў” па 30 літраў бензіну – але з-за адсутнасці канкурэнцыі ніхто не працаваў над яго ўдасканаленнем і мадэрнізацыяй прадпрыемства.
—Як толькі мы пачнём аберагаць мясцовага таваравытворцу, ствараць для іх цяплічныя ўмовы ў рэалізацыі прадукцыі – мы адстанем назаўсёды. У кожнага тавару павінен быць шанс на тое, каб знайсці свайго спажыўца – гэта стратэгічная ўстаноўка. Канкурэнцыя павінна быць – менавіта яна прымушае прадпрыемствы рухацца наперад. Сёння ў нашых крамах шмат малочнай прадукцыі вядомага брэнда “Савушкін прадукт” – але найперш такой, якой наш “Малочны мір” не выпускае. Сёння ў нас працуе 9 малочных і 5 мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў – стаіць задача пакінуць іх у вобласці па два, але з тым, каб яны маглі мадэрнізаваць сваю вытворчасць, правесці тэхнічнае пераўзбраенне, стварыць нармальныя ўмовы – і выпускаць прадукцыю не горшую, чым той жа “Савушкін прадукт” і “Бабуліна крынка”, — сказаў губернатар.
А што тычыцца паступленняў у бюджэт, то ён нагадаў: не трэба забываць, што абласны бюджэт датацыйны, і тое, што мы недаатрымаем у выглядзе прамых паступленняў, потым вернецца ў выглядзе датацыі з рэспубліканскага бюджэту.



Аб інвестыцыях

На пытанне аб прыцягненні ў рэгіён інвестыцый і найбольш буйных інвестыцыйных праектах губернатар расказаў аб тым, што плануецца зрабіць у бліжэйшыя часы ў Гродне і вобласці. У прыватнасці, у абласным цэнтры неўзабаве закончыцца сямігадовае будаўніцтва заапарка, з’явіцца новы чыгуначны вакзал, кардыяцэнтр і іншыя важныя аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння.
У плане вытворчасці найбольш буйныя інвестыцыйныя праекты – гэта будаўніцтва новага цукровага завода магутнасцю мільён тон перапрацоўкі цукровых буракоў коштам 250 мільёнаў долараў. Патрэба ў такім прадпрыемстве наспела, бо на сённяшні дзень 700 тысяч тон сыравіны, якія вырошчваюцца ў вобласці, адпраўляюцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы за яе межы. Аб’ём вырошчвання цукровых буракоў на Гродзеншчыне трэба давесці да 2 мільёнаў тон, мільён перапрацаваць на Скідзельскім заводзе, а для перапрацоўкі другога мільёна пабудаваць новае прадпрыемства.
Яшчэ адзін інвестыцыйны праект – будаўніцтва буйной птушкафабрыкі, своеасаблівага холдынгу, дзе будуць задзейнічаны каля дзесятка прадпрыемстваў.
Прапрацоўваецца магчымасць будаўніцтва ў вобласці макароннай фабрыкі магутнасцю 20 тысяч тон макаронаў у год – менавіта гэтай колькасці на сённяшні дзень не хапае краіне.
У сельскай гаспадарцы шмат праектаў па будаўніцтву жывёлагадоўчых комплексаў па вырошчванню свініны і ялавічыны.
—Увогуле па выніках года кожны старшыня райвыканкама павінен будзе даць справаздачу, колькі інвестыцый ён прыцягнуў у раён. Я не супраць таго, каб нашы людзі – кіраўнікі, спецыялісты – ездзілі за мяжу, вучыліся там лепшаму, пераймалі вопыт, наладжвалі новыя сувязі і кантакты. Але пры ўмове, што гэта будзе не турызм, а прынясе канкрэтную карысць рэгіёну.
Сёння не праблема знайсці грошы – яны ёсць, і інвестары таксама, нам пастаянна паступаюць цікавыя прапановы. Праблема ў іншым: знайсці праекты хуткаакупальныя і эфектыўныя, — сказаў Сямён Барысавіч.




Аб выбарах Прэзідэнта

—Кампанія па выбарах прэзідэнта павінна прайсці максімальна адкрыта, свабодна і дэмакратычна. Існуючай уладзе, у тым ліку і мне, як яе прадстаўніку, няма чаго баяцца. Так, у нас ёсць недапрацоўкі, ёсць нейкія памылкі, ёсць пакрыўджаныя людзі: здараецца, што нечые пытанні мы не вырашылі, завалакіцілі ці вырашылі не так, як чалавеку хацелася. Але ў цэлым наш народ, я ўпэўнены, падтрымлівае існуючую ўладу і выкажа гэтую падтрымку на выбарах.
І потым, мы ж ведаем: любы прэцэдэнт будзе выкарыстаны апазіцыяй, каб у чарговы раз узняць вэрхал: маўляў, у Беларусі няма свабоды, дэмакратыі. Яны ведаюць, што прайграюць, таму і імкнуцца знайсці любую магчымасць, каб паліць брудам не толькі ўладу, але і ўсю краіну, яе народ. Такім я б сказаў: радзіму трэба любіць нават тады, калі не любіш уладу. А калі яны дзейнічаюць па прынцыпу: чым горш, тым лепш, шукаюць любую магчымасць ці нават ідуць на правакацыі, каб ачарніць сваю радзіму ў вачах міжнароднай супольнасці, то не трэба пры гэтым прыкрывацца высокімі словамі пра адраджэнне беларускай мовы, — так выказаў свае адносіны да стартаваўшай выбарчай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы і да апазіцыі старшыня аблвыканкама.



Аб беларускай мове

На пытанні, якія задаваліся на беларускай мове – ад журналістаў газет “Звязда”, “Астравецкая праўда” – Сямён Барысавіч Шапіра адказваў таксама па-беларуску, дэманструючы добрае веданне роднай мовы. Ён расказаў, што да 15 гадоў, пакуль бацькі не пераехалі ў Мінск, вучыўся ў беларускай школе і ні слова не ведаў па-руску: у мінскай школе на перапынках ля яго збіраліся дзеці, каб паслухаць беларускую мову. І сёння ў яго няма ніякіх праблем з тым, каб гаварыць па-беларуску – хоць справядлівасці дзеля губернатар заўважыў, што ўсё ж часцей даводзіцца размаўляць на рускай мове.
—Сёння ў нашых школах няма ніякіх перашкод, каб вучыць дзяцей на беларускай мове. А чаму бацькі не выказваюць жадання аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы, таксама зразумела. Я добра памятаю той пакутлівы пераход з беларускай мовы навучання на рускую, які ў мяне адбываўся пры змене школы – тое ж цяпер чакае выпускнікоў пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Але калі нават пяць чалавек захоча вучыцца ў школе на беларускай мове – мы створым класы і для пяці чалавек, — сказаў С.Б. Шапіра.



Аб гісторыі і ўладзе

—Улада – гэта перш за ўсё вялізная адказнасць, — з гэтай думкі пачаў адказ на пытанне, якое тычылася гістарычных помнікаў, губернатар. —Ты кожны дзень прымаеш рашэнні, ад якіх залежаць лёсы людзей, і калі праз нейкі час бачыш, што гэтае рашэнне было няправільнае, то, па-першае, сам вельмі балюча перажываеш, а, па-другое, атрымліваеш рэакцыю ў адказ ад тых людзей, каго пакрыўдзіў.
Яшчэ ў большай ступені, перакананы Сямён Барысавіч, гэта тычыцца гісторыі.
—Пытанні гісторыі – святыя пытанні, і вырашаць іх трэба вельмі асцярожна, каб нашчадкі потым не смяяліся з нас ці, яшчэ горш, не ківалі дакорліва галовамі: вось, маўляў, сядзелі ў аблвыканкаме гадоў паўсотні назад нейкія чыноўнікі — і такіх дроў наламалі з нашай гісторыяй. Таму я перакананы, што ўсе падобныя рашэнні павінны праходзіць праламленне праз грамадскую думку.
—Я, да прыкладу, да гэтага часу не ўпэўнены, што трэба рэстаўрыраваць Каложу, хоць мяне актыўна ў гэтым пераконваюць, — шчыра прызнаўся кіраўнік абласной вертыкалі. — Лічу, што, перш чым прымаць канчатковае рашэнне па гэтаму пытанню, трэба параіцца са спецыялістамі з таго ж ЮНЕСКА, з гісторыкамі, з духавенствам, грамадскасцю.



Аб журналістах

—Калі я бачу, як некаторыя праблемы трактуюцца ў сродках масавай інфармацыі – няправільна, бязграматна, — то разумею, што трэба сустракацца з журналістамі, каб адказваць на ўсе пытанні, каб яны маглі атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, а не падаваць інфармацыю, зыходзячы з нейкіх пабочных звестак сумніўнага паходжання. Я не супраць крытыкі – яна абавязкова павінна прысутнічаць на старонках газет і ў эфіры – але трэба, каб гэта была аб’ектыўная, справядлівая, паважлівая, культурная крытыка.
Падобныя сустрэчы з журналістамі і прэс-канферэнцыі будуць праводзіцца і ў далейшым — магчыма, у больш свабоднай абстаноўцы, не ў аблвыканкаме, а на месцах. І неабавязкова гэта павінны быць афіцыйныя мерапрыемствы – я заўсёды гатовы адказаць на ўсе пытанні, якія ўзнікаюць у журналістаў.
Хоць увогуле я вельмі ўдзячны журналістам за вашу працу – за тое, што інфармуеце людзей, выхоўваеце іх. Гэта вельмі важная справа, — гэтымі словамі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра закончыў прэс-канферэнцыю з журналістамі вобласці.


Справаздачу з прэс-канферэнцыі падрыхтавала Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений