Новый председатель Островецкого райисполкома Игорь Шалудин дал первое интервью "Астравецкай праўдзе"
10:21 / 16.02.2017
Вядома, што самая дакладная крыніца інфармацыі – «з першых вуснаў». Журналісты «Астравецкай праўды» сустрэліся са старшынёй райвыканкама і папрасілі яго адказаць на некаторыя пытанні.
– Ігар Яраслававіч, якія ў вас першыя ўражанні ад знаёмства з раёнам? Што здзівіла, парадавала, засмуціла?
– Астравецкі раён не з’яўляецца для мяне нечым невядомым – як справядліва зазначыла падчас зацвярджэння маёй кандыдатуры на сесіі раённага Савета дэпутатаў яго старшыня Ірына Эдуардаўна Тальчук, я свой чалавек, паўночны. Калі працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смаргонскага райвыканкама, часта даводзілася наведваць Астравеччыну, найперш – сельгаспрадпрыемствы. У нас даўно склаліся цесныя партнёрскія і сяброўскія адносіны. Шмат новаўвядзенняў мы пераймалі ў астравецкіх калег – многія падыходы, тэхналогіі, да прыкладу, у кормавытворчасці, травасеянні. Летась шматлікая дэлегацыя са Смаргоні – кіраўнікі гаспадарак, эканамісты – наведвалі флагман сельскагаспадарчай вытворчасці Астравецкага раёна – КСУП «Гудагай», у прыватнасці, комплекс «Германішкі». І зараз у гэтай гаспадарцы ёсць цікавыя напрацоўкі – літаральна перад маім прызначэннем старшыня Смаргонскага райвыканкама ставіў задачу вывучыць гудагайскія метады матывацыі працы ў жывёлагадоўлі: яна тут вельмі прадуманая – напэўна, таму і паказчыкі адпаведныя. Гэты вопыт трэба прымяніць ва ўсіх нашых гаспадарках – тым больш, што ехаць далёка не трэба.
Ёсць, канешне, пэўныя пытанні – я завастрыў на іх увагу на першай аператыўнай нарадзе з актывам раёна. Раней па-добраму зайздросціў таму, як у Астравецкім раёне была наладжана сістэма навядзення парадку на зямлі – да гэтага трэба вяртацца і ўдасканальваць. І гэта задача агульная. Бо, гаворачы пра навядзенне парадку, мы часцей за ўсё маем на ўвазе найперш сельсгаспрадпрыемствы – але на зямлі жывуць і працуюць усе. Хацелася б большую зацікаўленасць і аддачу ў гэтым пытанні бачыць ад кіраўнікоў сельвыканкамаў, прадпрыемстваў. Гэта патрабаванне не толькі маё – на ім пастаянна завастрае ўвагу кіраўнік дзяржавы. А для Астравецкага раёна гэта актуальна як ні для якога іншага, бо мы ў пэўным сэнсе – вароты дзяржавы і павінны быць прывабнымі не толькі для мясцовых жыхароў, але і для прыезджых, у тым ліку – замежных грамадзян. Трэба, каб у нас было прыгожа, утульна, чыста, акуратна. І над вырашэннем гэтых пытанняў павінны працаваць усе – ад старшыні райвыканкама да вартаўніка на ферме ці дворніка.
За два тыдні я паспеў пазнаёміцца з большасцю суб’ектаў гаспадарання – зрабіць гэта было нескладана, бо зараз якраз праходзіць абарона мерапрыемстваў. Дарэчы, лічу, што форму іх правядзення варта змяніць і праводзіць на месцах, каб не толькі кіраўнікоў і спецыялістаў паслухаць, але і з вытворчасцю пазнаёміцца. Думаю, ад гэтага будзе большая карысць.
– Якія задачы вы вызначаеце як першачарговыя?
– Астравецкі раён – знакавы, я гаварыў аб гэтым на сесіі раённага Савета. Але, калі не кранаць будаўніцтва АЭС – гэта асобная тэма, то галоўная задача на бліжэйшую перспектыву: вярнуць страчаныя ў апошні год з-за шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын пазіцыі Астравецкага раёна ў сельскай гаспадарцы. У нас была сур’ёзная дынаміка, добрыя паказчыкі, паўтаруся – я па-добраму зайздросціў Астравецкаму раёну. Патэнцыял тут вялізны, і яго трэба рэалізаваць. Пустуючыя памяшканні задзейнічаць – гэта рэзерв для павелічэння пагалоўя, а будзе жывёла – будуць грошы, а значыць – і развіццё.
– Хацелася б больш даведацца пра вас. Мяне, напрыклад здзівіў такі факт вашай біяграфіі: вы – смаргонскі хлопец, раслі і вучыліся ў горадзе. І раптам захацелі стаць аграномам. Чаму? Адкуль такая цяга да зямлі?
– Ну, гарадскі я адносна, толькі па прапісцы. Мяне заўсёды цягнула ў вёску. Усе канікулы прападаў у бабулі з дзедам. З маленства займаўся сялянскай працай: тады сённяшняй механізацыі не было, і мы, падлеткі, дапамагалі калгасу, чым маглі: салому вазілі на конях, сена збіралі.
У старэйшых класах я ўжо працаваў на камбайне, апошні год наш экіпаж заняў першае месца ў раёне. Ну і першы запіс у маёй працоўнай кніжцы – слесар у калгасе: працаваў ім пасля школы да паступлення ў інстытут.
Так што рашэнне звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай не было выпадковым ці спантанным: працу гэтую я ведаю з маленства.
– Добра ведаючы жыццё вёскі – прама скажам, нялёгкае, дзе вынік залежыць не толькі ад працы людзей, але і ад «нябеснай канцылярыі» – вы ніколі не хацелі змяніць сферу дзейнасці на лягчэйшую, больш стабільную, выгадную?
– Тыя, хто мяне ведае, такіх пытанняў не задаюць. Мы лёгкіх шляхоў не шукаем…
– Астраўчане за першыя два тыдні вашай работы паспелі заўважыць: у 7 гадзін раніцы ў вокнах вашага кабінета ўжо гарыць святло – значыць, вы на рабоце. Вы так рана прыходзіце таму, што зараз шмат працы, – ці ў вас увогуле такі рабочы графік?
– У мяне такі рэжым работы. Дзе б ні працаваў, у 7 гадзін раніцы я ўжо на месцы, а ў летні перыяд – і таго раней. Да пачатку працоўнага дня, каб аддаваць нейкія распараджэнні, трэба недзе пабываць, каб ведаць абстаноўку на месцах.
Таго ж патрабую і ад падначаленых. Працоўная дысцыпліна павінна быць – гэта аснова.
Я і ў выхадныя часта бываю на аб’ектах. Для мяне не з’яўляецца нечым звышнатуральным пабываць на ранішняй дойцы у 5 гадзін – вобразна кажучы, карона не спадзе. Хочацца, каб там бывалі і кіраўнікі гаспадарак, і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі, і старшыні сельвыканкамаў: гарадскія жыхары, інтэлігенцыя павінны ведаць, чым пахне малако і адкуль бярэцца хлеб.
– А як вы адпачываеце? Што для вас з’яўляецца «перазагрукай» пасля цяжкага працоўнага дня ці тыдня?
– «Перазагрузка», як вы кажаце, для мяне – гэта лазня. Некалі, калі пачаў будаваць свой дом, перш за ўсё зрабіў лазню. Гэта ўжо стала для нас з сынам традыцыяй: кожны тыдзень ісці ў лазню.
Яшчэ люблю рыбалку – але, на жаль, чым вышэй пасада, тым менш на гэтае захапленне застаецца часу. Грыбы люблю збіраць – ці проста паблукаць у цішыні па лесе.
Яшчэ выхадныя – добры час для роздуму, аналізу. І часта нейкія рашэнні прыходзяць менавіта ў гэты час.
Паляванне? Не ведаю, на жаль ці на шчасце, але гэтым я не «хварэю».
– Ігар Яраслававіч, раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.
– Жонка прыехала ў Смаргонь услед за мной – спадзяюся, што неўзабаве мы станем жыхарамі Астраўца. Жонка па адукацыі – гандлёвы работнік, зараз працуе аператарам аўтазаправачнай станцыі.
У нас двое дзяцей. Дачка закончыла Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, яна – урач-дыягност, працуе ў Мінску ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.
Сын вучыцца на другім курсе БНТУ, атрымлівае спецыяльнасць геадэзіста. Але я спадзяюся, што з цягам часу ім захочацца працаваць тут, у Астраўцы.
– Якія якасці вы больш за ўсё цэніце ў людзях і якія лічыце непрымальнымі?
– Для мяне самыя галоўныя чалавечыя якасці – гэта шчырасць і прыстойнасць. Можна сказаць, што гэта маё жыццёвае крэда. Я не проста цаню гэта ў людзях – такія якасці абавязкова павінны быць у тых, хто ідзе са мной па жыцці. Рады, што такіх побач са мной нямала.
Я з даверам адношуся да людзей – і чакаю гэтага ж у адказ. Калі чалавек пачынае юліць, хітрыць, падманваць, выкручвацца – нам не па дарозе. Калі нешта не атрымліваецца, то лепш шчыра сказаць праўду.
– Зараз у раёне многія застылі ў чаканні: якіх змен чакаць, як стане месці «новая мятла»? Што б вы сказалі тым, хто насцярожана прыглядваецца да новага кіраўніка раёна?
– Сказаць магу адно: рэвалюцыі не будзе! Махаць шашкай – гэта не мой метад. Мастацтва музыканта ў тым, каб настроіць інструмент так, каб загучала стройная прыгожая мелодыя, а не ў тым, каб рваць струны.
Я вельмі спадзяюся, што людзі павераць мне і пойдуць за мной. І разам мы зробім шмат цікавых і карысных спраў.
Гутарыла Ніна РЫБІК.