Сёлетні “Тыдзень лесу” стаў самым масавым
14:01 / 23.04.2018
– Нас вельмі ўзрадавала, што шмат людзей выказала жаданне садзіць лес, – расказвае намеснік дырэктара ДЛГУ «Астравецкі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Пётр Зянонавіч Крупенчык. – Лесаводам дапамагалі працоўныя калектывы, школьнікі, актывісты грамадскіх аб’яднанняў. У апошні дзень акцыі пасадзілі лес работнікі раённага выканаўчага камітэта і прадстаўнікі дэпутацкага корпусу. Прыемна, што ў нашых людзей такая актыўная грамадзянская пазіцыя.
Падчас тыдня лесу былі засаджаны 43 гектары. Толькі ў першы дзень на 20 гектарах зазелянелі сасонкі на пару з бярозамі.
Аднак заканчэнне акцыі не азначае, што лесааднаўленне ў Астравецкім лясгасе спыніцца.
– Сёлета плануем пасадзіць 250 гектараў лесу. Зазначу, што ўвесь пасадачны матэрыял вырашчаны ў нашым лесагадавальніку, – расказвае інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Кацярына Сяргееўна Кавальчук. – Актывісты не толькі садзілі лес, але і прыбіралі яго ад несанкцыянаваных звалак, наводзілі парадак у месцах масавага адпачынку людзей.
Падчас акцыі ў Астравецкім лясгасе пайшлі на невялікі эксперымент: высадзілі нехарактэрную для нашага рэгіёна кедравую сібірскую сасну.
– Ініцыятыва закласці доследны ўчастак з плантацыяй сасны кедравай сібірскай належыць гаспадару аграэкасядзібы «Хутар «Камарышкі» Аляксандру Адамавічу Дарашэвічу, – расказвае Пётр Зянонавіч. – Мы яе падтрымалі – выдзелілі сеянцы, дапамаглі зрабіць разбіўку ўчастка плошчай 0,2 гектары.
…Верыцца, што тысячы сеянцаў і саджанцаў, прыгорнутыя падчас тыдня лесу клапатлівымі рукамі лесаводаў і людзей, якія шчыра любяць свой край, пусцяць трывалыя карані…