Завершились районные соревнования по волейболу и баскетболу среди школьников

08:27 / 11.04.2016
баскетболистыНасычана, цікава і відовішчна прайшлі фінальныя раённыя спаборніцтвы па валейболе і баскетболе.

Юныя спартсмены з навучальных устаноў Астравеччыны спачатку “мераліся сіламі” ў групах, а затым лепшыя з іх спаборнічалі ў фінале – і парадавалі гледачоў сапраўды цікавай і непрадказальнай гульнёй.

У выніку ў змаганні пад валейбольнай сеткай сярод дзяўчат не было роўных камандзе Гудагайскай СШ (настаўнік фізічнай культуры і здароўя – У.Л. Батура): яны ўпэўнена і прыгожа перамаглі ўсіх сваіх саперніц. Другое месца занялі валейбалісткі з гімназіі №1 (настаўнік – А.М. Пашук), а каманда Міхалішкаўскай СШ (настаўнік – М.В. Трафімчык) стала бронзавым прызёрам.

Гульня юнакоў таксама парадавала балельшчыкаў інтрыгай, напружанымі і вострымі момантамі. Асабліва вызначыліся валейбалісты Кямелішкаўскага НПК (настаўнік фізічнай культуры А.П. Мажута): хлопцы прадэманстравалі майстэрства і ўменне гуляць камандай, што і дапамагло ім стаць пераможцамі. Каманда Гудагайскай СШ (настаўнік – У.Л. Батура) стала сярэбраным прызёрам, а спартсмены з Гервяцкай СШ (настаўнік – А.М. Кавалеўскі) – бронзавым.

Хуткасць, маланкавая рэакцыя, дакладныя пасы і ўменне трапляць у кальцо – асновы баскетбола. У спартзале гімназіі №1 сышліся лепшыя школьныя каманды, каб іх прадэманстраваць.

Сярод дзяўчат найбольш удала гэта атрымалася ў каманды Гервяцкай СШ (настаўнік – А.М. Кавалеўскі). Другое месца занялі спартсмены Варнянскага НПК (настаўнік – А.Ч. Бумбуль). А вучаніцы з Гудагайскай школы (настаўнік У.Л. Батура) сталі бронзавымі прызёркамі.

Золата гервяцкіх баскетбалістак пераможным дублетам падтрымала і каманда юнакоў. Выхаванцы А.М. Кавалеўскага ўжо даўно славяцца выдатнай гульнёй і перамогамі ў спаборніцтвах па баскетболе. І яны зноў прадэманстравалі сваё майстэрства. Сярэбранымі прызёрамі сталі варнянскія ўдзельнікі (настаўнік – А.Ч. Бумбуль), а каманда з Гудагайскай СШ заняла трэцяе месца.