Присоединяйтесь к игре-экскурсии "Тутэйшы квэст"!

09:00 / 12.10.2015
квестКалі вам надакучылі стандартныя экскурсіі, то далучайцеся да гульні-экскурсіі “Тутэйшы квэст”, якая адбудзецца ў Смаргоні 18 кастрычніка. Будзе цікава як дарослым, так і дзецям!

Чатыры энергічныя дзяўчыны Ганна Самаль (дызайнер квэста), Ганна Агафонава і Кацярына Луцэвіч (“мазгавы дуэт”), Вольга Трубач (каардынатар) вырашылі, што трэба неяк прыцягнуць увагу да маленькіх гарадоў Беларусі, і арганізавалі першы “Тутэйшы квэст”. Дзе б вы думалі? Канешне ж, у сваім родным Маладзечне ў ліпені гэтага года.
– Тады прыйшло няшмат людзей, але ўдзельнікі былі настолькі задаволены, што мы яшчэ больш загарэліся ідэяй паказаць прыгажосць і непаўторнасць правінцыйных гарадоў. Праз два месяцы рушылі ў Вілейку. Колькасць каманд значна павялічылася. Паўдзельнічаць у квэсце ужо можна было не толькі пешшу, але і на веласіпедзе. Цікава, што 7 з 11 каманд “падарожнічалі” за адказамі на роварах! Пакуль гарады мы выбіраем па прынцыпу ”чым бліжэй да чыгункі” – зручней даехаць. У планах выбірацца далей, а напярэданні арганізоўваць велапаход ад чыгункі бліжэйшага гарадка да месца правядзення квэста, – расказвае Вольга.
Праект трымаецца на ініцыятыве арганізатараў, таму для ўдзелу трэба зрабіць невялікі ўнёсак – 30 тысяч рублёў з чалавека. Грошы ідуць на падарункі пераможцам. Умовы гульні вельмі простыя: камандай (ад аднаго да трох чалавек) за тры гадзіны неабходна разгадаць заданні ў межах горада. Прыкладна 17 пытанняў для “веласіпеднай” каманды і 15 – для “пешай”. Хто хутчэй знойдзе правільныя адказы, той, зразумела, перамог. А заданні дзяўчаты прыдумваюць складаныя, інтэрнэт тут не падкажа! Напрыклад: у вілейскім радзільным аддзяленні ёсць адмысловая традыцыя: пры з’яўленні на свет немаўляткі ўрач звоніць у звон. Адкажыце, на чым замацаваны звон?. Аказваецца, на крыжы. Бачым, што без ведання мясцовай гісторыі і культуры, без дапамогі жыхароў, без лагічнага мыслення – нікуды!
– Падчас правядзення апошняга квэста адна з удзельніц расказала, як мясцовая бабуля дапамагала знайсці адказы на пытанні і нават падзялілася гісторыяй пэўнага месца, – з усмешкай гаворыць Вольга. – Вось так і адбываецца ўзаемадзеянне мясцовых з “турыстамі”.
Арганізатары ўжо рыхтуюцца да чарговага квэста ў Смаргоні. Пляцоўкай для старту гульні стане мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. Аб гэтым ужо ёсць дамова з дырэктарам музея Марынай Валер’еўнай Кіроўскай. А ў групе гульні “УКантакце” (vk.com/pravintccvest) амаль кожны дзень з’яўляюцца новыя невялічкія артыкулы пра Смаргоншчыну, каб хоць крыху падрыхтаваць каманды.
– Хочацца, каб у нашых квэстах удзельнічалі як людзі з іншых гарадоў і вёсак, так і жыхары той мясцовасці, дзе праходзіць гульня-экскурсія, – працягвае размову Вольга. – Трэба паднімаць рэйтынг малых гарадоў, бо там ёсць на што паглядзець: рэлігійныя ўстановы, арт-аб’екты, помнікі і проста з густам аформленыя будынкі. Да сустрэчы на квэсце!

----------------------
Юлія Букель.
Фота з уласнага архіва арганізатараў.