Спартыўныя выхадныя

15:03 / 22.10.2010
9783

1-3 кастрычніка прайшла абласная спартакіяда сярод сельскіх жыхароў. Астравецкі раён прадстаўлялі некалькі каманд па відах: лёгкая атлетыка, валейбол, гіравы спорт, стрытбол, настольны тэніс і міні-футбол.



Вельмі ўпэўнена пачалі выступленне нашы лёгкаатлеты. У мужчын спаборніцтва складалася з наступных відаў: бег на дыстанцыю 100 метраў, скачкі ў даўжыню з месца і бег на дыстанцыю 800 метраў. І нашы лёгкаатлеты прадэманстравалі выдатныя здольнасці. Руслан Пляўга па суме месцаў у трохбор’і стаў чэмпіёнам вобласці і атрымаў дыплом, залаты медаль і грашовы прыз. Яго таварыш Артур Грэчанік стаў бронзавым прызёрам і трапіў, як і Руслан, у зборную вобласці на рэспубліканскую спартакіяду. Трэці ўдзельнік – Рамуальд Чахрач аказаўся на 8 месцы – дастойнае выступленне сярод 48 удзельнікаў.
Жанчыны-лёгкаатлеты таксама не падвялі. Яніна Філіповіч, настаўніца фізкультуры Трокеніцкай БШ, ва ўзроставай катэгорыі звыш 35 гадоў стала чэмпіёнкай вобласці ў лёгкаатлетычным трохбор’і. Насця Нядвецкая заняла чацвёртае месца. Нашы дзяўчаты таксама паедуць абараняць гонар Гродзенскай вобласці на рэспубліканскай спартакіядзе.
У выніку ў камандным заліку Астравецкая зборная па лёгкай атлетыцы выйграла спаборніцтвы!
Годна выступіла на спаборніцтвах і жаночая валейбольная зборная. Ірына Багушэвіч, Ірэна Апалінская, Ірына Отчык, Гелена Варановіч, Таццяна Букель, Алена Лузінава, Ганна Восарава, Ірына Гарбачова і Ганна Міжыгурская выйгралі ў Смаргонскага, Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў і выйшлі ў фінал, дзе прайгралі Ваўкавыскім валейбалісткам (чэмпіёнкам вобласці) і зборнай Дзятлаўскага раёна. У выніку яны занялі трэцяе месца ў вобласці і былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі.
Мужчыны-валейбалісты занялі выніковае 9 месца з 17 каманд.
Гервяцкія стрытбалісты выйгралі ў Іўеўскага раёна (10:2), але саступілі ў роўнай барацьбе камандзе Гродзенскага раёна (11:16). У барацьбе за 5-8 месцы – выйгралі ў Мастоўскага і Смаргонскага раёнаў і ў выніку аказаліся на дастойным пятым месцы.
У гіравым спорце сілу рук дэманстравалі Іван Валошын, які ў вагавой катэгорыі да 70 кілаграмаў падняў 24-кілаграмовую гіру 65 разоў і заняў 9 месца. У вагавой катэгорыі да 90 кілаграмаў выступаў Яўгеній Пілецкі. Ён падняў гіру 117 разоў і стаў сёмым. Андрэй Бумбуль у вагавой катэгорыі звыш 90 кілаграмаў заняў 10 месца (115 пад’ёмаў). Каманда гіравікоў заняла дзявятае агульнакаманднае месца.
У настольным тэнісе фартуна не надта ўсміхалася астраўчанам. Ганна Гарбунова 4 сустрэчы выйграла, 2 – прайграла і заняла 9 месца. А Сяргей Гаўрыловіч траўміраваў руку ў першай гульні і заняў 14 месца. Камандны вынік – 13 месца ў вобласці.
Міні-футбалісты выступілі невытлумачальна слаба: прайграўшы Ваўкавыскаму, Гродзенскаму, Іўеўскаму, Ашмянскаму раёнам і выйграўшы ў Мастоўскага, занялі 15 месца пры розніцы забітых і прапушчаных мячоў 7:17.
У выніку каманда Астравецкага раёна ў спартакіядзе заняла 8 месца сярод усіх раёнаў вобласці.



* * *

А 8-10 кастрычніка ў Гродна адбыліся XIII Абласныя спартыўныя гульні працоўных. Каманда Астравецкага раёна, практычна ў тым жа складзе, што і на абласной спартакіядзе, змагалася з прадстаўнікамі не толькі усіх раёнаў, але і гарадоў, што ўскладняла задачу.


Тым не менш, нашы лёгкаатлеты задалі добры рытм выступлення, заняўшы каманднае 7 месца. За каманду выступалі майстар спорту Аляксандр Ляховіч (заняў 14 месца з 58 удзельнікаў), Артур Грэчанік (23 месца), Павел Місюра (36 месца), Марына Бурнейка (13 месца з 57 удзельніц), Гэлена Варановіч (39 месца) і Сняжана Яноўская (44 месца). Варта адзначыць, што нашы дарослыя лёгкаатлеты, гадаванцы трэнера А.У. Блашкевіча, з года ў год паказваюць выдатныя вынікі.
Здзівілі і парадавалі нашы плыўцы – каманда заняла 7 месца ў вобласці. Асаблівых слоў удзячнасці і пахвалы заслугоўвае загадчыца радзільнага аддзялення Астравецкай ЦРБ Святлана Нікалаенка: праплыць 400 метраў за 10 хвілін і заняць 7 месца для жанчыны – чым не прыклад для пераймання? Уладзімір Валуевіч з Трашчан заняў 13 месца ў вобласці, чым сур’ёзна падтрымаў каманду па плаванню. Аляксандр Лузінаў праплыў 625 метраў (4-ты вынік), але па ўзроставаму паказчыку гэта 17 месца. Падтрымала каманду плыўцоў і валейбалістка Ірына Гарбачова – 25 месца.
Жанчыны-валейбалісткі на гэты раз зноў прайгралі Ваўкавыску і выйгралі ў Слоніма. І ў стыковачных гульнях саступілі Лідзе, Дзятлаўскаму і Гродзенскаму раёну і занялі выніковае 8 месца.
Мужчынам-стрытбалістам зноў не пашчасціла з жэрабем і фартуна была не на нашым баку. Спартсмены выйгралі ў Іўя і Зэльвы, прайгралі Бераставіцы, Ашмянам, Ленінскаму і Кастрычніцкаму раёнам Гродна, Гродзенскаму раёну. А ў стыковачным матчы перамаглі Масты і занялі 9 месца.
Стрытбольная каманда жанчын выступае на спаборніцтвах толькі раз у гаду, што адбіваецца на згулянасці. На папярэднім этапе пройгрышы Ленінскаму і Кастрычніцкаму раёнам Гродна, Смаргонскаму, Ашмянскаму і Навагрудскаму раёнам адкінулі нашу каманду ўніз турнірнай табліцы. Аднак перамога над Карэліцкімі стрытбалісткамі з лікам 8:0 паставіла каманду на 11 месца ў выніковым пратаколе.
Не атрымалася гульня для нашых валейбалістаў і міні-футбольнай каманды. У выніку – 15 і 17 месцы.
Настаў час падводзіць вынікі. Сярод 13 раёнаў II групы Астравецкі раён заняў 7 месца – гэта наш заканамерны вынік. Гульні адбыліся, і да наступных трэба пачынаць рыхтавацца ўжо сёння. А ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў хацелася б падзякаваць за цярплівасць, бытавыя нязручнасці і за добрасумленную спартыўную працу.


Леанід ДАЎЛЯШ, дырэктар ДУ “Астравецкі раённы ФСК”.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений