Распачаўся новы сезон для астравецкіх баксёраў

14:08 / 21.09.2010
10312
1

У пачатку верасня ў Мінску праходзіў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па боксу сярод вышэйшых навучальных устаноў. І сярод пераможцаў там ганарова прагучалі прозвішчы нашых землякоў.


Як расказаў іх колішні трэнер А.З. Маргуж, у вагавой катэгорыі да 48 кілаграмаў ніякіх шансаў сапернікам не пакінуў Сяргей Лобан, які і атрымаў залаты медаль. Прозвішча другога нашага земляка – Віталія Бандарэнкі, напэўна, вельмі добра запомнілася іншым баксёрам па папярэдніх баях. Бо ў першых двух баях праціўнікі па жараб’ёўцы проста не выйшлі на рынг. У трэцім Віталь сустрэўся з мінчанінам, дзе правёў добры бой, але суддзі па ачках аддалі перавагу яго саперніку. Такім чынам, у Віталія – “бронза”. Мы віншуем яго з медалём, а яшчэ больш – з нараджэннем дачушкі –спадзяёмся, у гонар яе Віталь заваюе яшчэ не адзін залаты медаль.
А з 17 па 19 верасня ў горадзе Гродна праходзілі адначасова два спаборніцтвы па боксу: “Алімпійскія дні моладзі” сярод юніёраў 1993-94 гадоў нараджэння і першынство вобласці сярод юнакоў 1995-96 гадоў нараджэння.
Фартуна – вельмі непрадказальная і капрызная асоба. У гэтым мелі магчымасць упэўніцца прадстаўнікі астравецкай каманды на “алімпійскіх днях…” У вагавой катэгорыі да 56 кілаграмаў у фінал выйшлі два астраўчаніны – Максім Дрэма і Яўген Урбановіч. Праводзіць паядынак паміж таварышамі проста не было сэнсу. У выніку было вырашана першае месца аддаць Максіму, а другое – Яўгену.
“Золата” і “серабро” прынеслі камандзе Дзіма Карвэцкі (да 64 кілаграмаў) і Ігар Ліпскі (да 69 кілаграмаў). Дзіма ўпэўнена выйграў два баі і стаў першым. Сапернікам Ігара ў фінале быў баксёр з Гродна, якому пасля роўнага бою суддзі аддалі перамогу.
На першынстве вобласці цудоўнае майстэрства дэманстраваў Дзіма Лабэцкі. Ён бліскуча правёў два баі і дастойна заняў першае месца.
Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. А яшчэ астравецкія баксёры ўвайшлі ў зборную Гродзенскай вобласці і будуць абараняць яе гонар на рэспубліканскіх спаборніцтвах.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Комментарии
0
Гость
Действительно, бокс - гордость Островца! И на 99% это заслуга ТРЕНЕРА. Великолепно, Учитель! Браво, Алексей!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений