Сыгралі на чацвёрку

15:52 / 06.09.2010
10380

Напружаным і насычаным стаў для астравецкіх футбалістаў канец жніўня. Спачатку ім прыйшлося даказваць права ўдзельнічаць у абласных фінальных спаборніцтвах па футболу “Залаты колас” сярод сельскіх каманд, а пасля дасягнення жаданага – паказаць, на што яны здольныя непасрэдна ў фінале.


Пачалося ўсё з занальных спаборніцтваў, якія для астравецкай каманды праходзілі 21-22 жніўня ў Воранаве. Змагацца за выхад у фінал прыехалі каманды з Іўя, Ашмян, Астраўца і Воранава.
У першым паядынку адносіны паміж сабой высвятлялі зборныя з Ашмян і Іўя. Матч у выніку скончыўся на карысць апошніх – 5:2. Затым на поле выйшлі астраўчане і гаспадары – каманда Воранава. Нездарма існуе народная мудрасць, што дома і сцены дапамагаюць. Воранаўскім футбалістам яны дакладна дапамаглі, бо гульня ў іх ішла, як “па маслу”, і яны “разбамбілі” астраўчан з лікам 4:0.
У наступным матчы сапернікамі зборнай Астраўца стала каманда Іўя. І зноў у астраўчан гульня спачатку не клеілася – і яны напачатку гульні прапусцілі два мячы. Аднак пасля, мусіць, раззлаваліся не на жарт, сабралі сілу волі ў кулак – зраўнялі лік. А затым і забілі пераможны гол – 3: 2.
Апошні паядынак павінен быў быць паміж Астраўцом і Ашмянамі. Аднак ашмянцы не з’явіліся на гульню, і ім было аўтаматычна прысуджана тэхнічнае паражэнне 0:3.
Нягледзячы на тое, што зборная Астраўца заняла другое месца ў занальным туры, па прычыне некаторых тэхнічных непаладак, якія ўзніклі ў пераможцаў – каманды Воранава, у далейшую барацьбу былі прапушчаны абедзве каманды.
Фінал “Залатога коласа” праходзіў з 27 па 29 жніўня ў горадзе Смаргонь. Акрамя Астраўца і Воранава, у спаборніцтве ўдзельнічалі пераможцы сваіх занальных тураў – каманды з Слоніма і Шчучына. Зборная Смаргоні, як гаспадары, праходзілі ў фінал па-за конкурсам.
Распачаліся спаборніцтвы з матча паміж Астраўцом і Слонімам. І першы тайм прайшоў на нервах – астраўчане вялі па ўдарах і атаках, у трох момантах мяч, здаецца, павінен быў трапіць у вароты сапернікаў, але… На перапынак каманды пайшлі з нулявым вынікам. Сітуацыя кардынальна змянілася ў другім тайме – ужо праз некалькі хвілін астраўчанін Аляксандр Арлоўскі “размачыў” лік, а да канца матча мяч яшчэ двойчы пабываў у варотах слонімцаў. 3:0 – упэўненая перамога.
Нічыёй 1:1 скончылася гульня, дзе сустракаліся зборныя Воранава і Шчучына. А смаргонцы бязлітасна разбілі сапернікаў са Слоніма – 9:2.
Відовішчным атрымаўся і матч Шчучын – Астравец. Ужо на 10 хвіліне астраўчане забіваюць гол, але да канца першага тайма прапускаюць два. Пасля перапынку яшчэ адзін мяч трапляе ў вароты нашых землякоў. А за 5 хвілін да фінальнага свістка футбалістам з Астраўца ўдаецца-такі забіць мяч шчучынцам, але, на жаль, гэтага было мала – матч усё роўна закончыўся перамогай сапернікаў – 3:2.
У наступных гульнях смаргонцы выйгралі ў Воранава 1:0, а каманда Шчучына – у футбалістаў са Слоніма 2:1.
Апошні раз астраўчане выйшлі на поле паспаборнічаць са зборнай Воранава. Пачатак сустрэчы быў не на карысць нашых землякоў: ужо ў першым тайме мяч двойчы пабываў у іх варотах. Праўда, незадоўга да перапынку ў астраўчан быў цудоўны момант скраціць адрыў, але мяч па-здрадніцку трапіў у перакладзіну. У другім тайме перавага была поўнасцю на баку каманды Астраўца – на саперніка сыпаліся атака за атакай, але толькі адзін раз яна завяршылася голам. У выніку – 2:1 на карысць зборнай Воранава.
У матчы за першае месца змагаліся каманды Смаргоні і Шчучына. І калі смаргонцам было дастаткова было сыграць унічыю, то іх сапернікам патрэбна была толькі перамога, якую яны і атрымалі з лікам 2:0.
Такім чынам, ужо другі год першае месца на абласных спаборніцтвах па футболу “Залаты колас” і права прадастаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліцы атрымалі футбалісты са Шчучына. Другое месца ў смаргонцаў, трэцяе – у Воранава. Астравец стаў чацвёртым. І гэты вынік, па словах трэнера Вадзіма Лебядзевіча, не толькі не крыўдны, а вельмі добры, улічваючы, што ў спаборніцтве прымалі ўдзел 17 каманд вобласці.


Марына МАЦКЕВІЧ

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений