"Гарачы" чэрвень для баксёраў

16:21 / 05.07.2010
11632

За гэты месяц імёны астраўчан прагучалі ў Расіі, Украіне і на тэрыторыі нашай краіны.


У пачатку чэрвеня ў Маскве праходзіў чэмпіянат Еўропы па боксу сярод дарослых. У вагавой катэгорыі да 48 кілаграмаў прыняў удзел член нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, майстар спорту, астраўчанін Сяргей Лобан. Сапернікам нашага земляка стаў двухкратны прызёр Еўропы з Турцыі, якога нават адбіралі для ўдзелу на алімпіядзе. І спачатку паядынак праходзіў на роўных, у выніку чаго першы раўнд скончыўся нічыёй. У другім перавага паступова перайшла да турка і раўнд завяршыўся з розніцай у два ачкі на яго карысць. У трэцім баксёру з Турцыі адлічылі накдаўн, але і гэтага было недастаткова і Сяргей усё роўна выбыў з барацьбы. Аднак трэнеры астраўчаніна пракаменціравалі, што ў час бою Сяргей трымаўся на годным узроўні і ніякіх прэтэнзій да яго няма.
З 18 па 23 чэрвеня ў Магілёве праходзіла 5 комплексная спартакіяда школьнікаў Рэспублікі Беларусь. У складзе каманды Гродзенскай вобласці выступалі таксама чатыры прадстаўнікі Астраўца. Вадзіму Змітровічу, вагавая катэгорыя да 56 кілаграмаў, на гэты раз не вельмі пашанцавала. Ужо ў першым баі ён уступіў па ачках моцнаму саперніку – пераможцу мінулай спартакіяды, які, дарэчы, у гэтым годзе таксама заняў першае месца.
Дзіма Касцючэнка (да 59 кілаграмаў) распачаў сваё выступленне з перамогі ў першым баі. А вось у паўфінале яму воляй жараб’ёўкі прыйшлося скрыжаваць пальчаткі на рынгу, як і Вадзіму, з мінулагоднім прызёрам. У выніку Дзіма сступіў і заняў трэцяе месца.
Калі двум папярэднім астравецкім баксёрам не пашанцавала з сапернікамі, то Дзіму Юцкевічу, які выступае ў вагавой катэгорыі да 41,5 кілаграма, не пашанцавала з судзействам. Пры відавочным выйгрышным баі перамогу тым не менш аддалі саперніку з Віцебска. У Дзімы – “бронза”.
Апошні ўдзельнік з Астраўца Дзіма Лабэцкі (да 43 кілаграмаў) ўпэўнена выйграў два баі. А ў фінале сустрэўся з баксёрам з Магілёва, які і аказаўся больш моцным. У выніку Дзіма – “сярэбраны” прызёр спартакіяды.
І яшчэ адно спаборніцтва па боксу адбылося 28 чэрвеня. У горадзе Львове праходзіла першынства Еўропы, у якім выступіў астраўчанін Дзіма Карвэцкі, вагавая катэгорыя да 57 кілаграмаў. Спачатку ўсё ішло добра – у першым баі ён пакінуў па-за бортам баксёра з Малдовы. Наступным яго сапернікам стаў украінец. І тут пачаліся непрыемнасці – па ачках перамогу аддалі яму. Дзіма стаў пятым. Пасля ўкраінец баксіраваў з расіянінам і па заканчэнні паядынку руку ў знак вікторыі таксама ўзнялі мясцоваму спартсмену. Аднак расіяне падалі пратэст супраць такога рашэння і ў выніку перамогу прызналі ўсё ж такі за баксёрам з Расіі. Такім чынам, невядома яшчэ, ці справядліва прысудзілі паражэнне нашаму Дзіму.
Лета ў самым разгары. Але, як адзначыў трэнер па боксу А.З. Маргуж, расслабляцца не трэба. У пачатку верасня будзе праходзіць першынства Беларусі сярод баксёраў 1997-98 гадоў нараджэння. А перамога, як вядома, даецца толькі добра падрыхтаваным спартсменам.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений