Гайда ў водпуск!

14:44 / 04.06.2010
11451

Усё валіцца з рук, немагчыма ўседзець на адным месцы, знізілася працаздольнасць, увечары ледзь цягнеце ногі дадому, а ноччу сняцца экзатычныя краіны, пальмы і адпачынак на беразе мора? Дыягназ адзін – вы стаміліся. Прапануецца лячэнне: водпуск. Тым больш, што сонца спакусліва казыча праменьчыкамі і лета кліча ў дарогу. Узнікае толькі адно пытанне – куды паехаць, каб адпачыць добра, з камфортам і ўлажыцца ў зэканомленыя на працягу года грошы?
За адказам, парадамі і прапановамі мы звярнуліся ў мясцовую турфірму да падарожніка са стажам, начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргея Віктаравіча Шэіна.


– Да водпуску мне яшчэ далёка, а душа патрабуе адпачынку на свежым паветры. На выхадныя запланавала выезд з сябрамі на возера з начоўкай. Ды вось праблема – ні палаткі, ні спальных мяшкоў няма. Вы можаце дапамагчы ў такім выпадку?
– Канешне! У нас ёсць усё неабходнае: палаткі, спальнікі, спецыяльныя турыстычныя веласіпеды, спартыўны інвентар. Фактычна мы можам поўнасцю экіпіраваць любую турыстычную групу – ад палаткі да кацялкоў. Больш таго: можам прапанаваць некалькі варыянтаў падарожжа. Тут усё залежыць ад запатрабаванняў. Хочаце цікавую экскурсію па Астравеччыне – калі ласка. Непаўторны Гервяцкі касцёл, Варнянскі комплекс, касцёл у Міхалішках, музей флоры і фаўны Змітровіча ў Трокенікак, Сарачанскія азёры – астравецкі край умее здзівіць сваіх гасцей. Калі хочаце адпачыць – рэкамендую Сарачанскія азёры. Вельмі добра абсталявана пляцоўка на Кайміне Горнай.
– Але на той жа Кайміне няма сэрвісу. Бліжэйшы магазін – кіламетраў за пяць. Не плануецца на летні час стварыць хоць якую-небудзь гандлёвую кропку?
– Па-першае, калі сапраўдныя турысты едуць адпачываць на бераг возера з палаткамі, яны, як правіла, запасаюцца ўсім неабходным, у тым ліку і прадуктамі. А па-другое, мы не маем права дыктаваць свае ўмовы гандлю – маўляў, пабудуйце магазін на Кайміне. Хаця і супрацоўнікі гандлю павінны ведаць, дзе можна атрымаць выгаду. Але тыя страты, якія прыходзіцца ім несці пры пробных варыянтах, напэўна, спыняюць і не дазваляюць рызыкаваць. З іншага боку, хто не рызыкуе…
Іншае пытанне, што тычыцца прыдарожнай інфраструктуры. Турысты, якія праязджаюць праз наш раён па полацкай трасе, не заўсёды могуць і паабедаць, і адпачыць – не хапае прыдарожнага сэрвісу. Вось гэта справядлівая і істотная заўвага.
– Куды можна адправіцца адпачыць у межах нашай краіны?
– Мы можам задаволіць любыя запатрабаванні кліента і даставіць яго ў любую кропку, у якую ён пажадае. Але практыка паказвае, што найбольшым попытам карыстаюцца некалькі накірункаў. Найбольш папулярныя – Жыровіцкі комплекс, Мір, Нясвіж, Полацк з наведваннем Мосара, киев посуточно. Ужо не першы год практыкуем паездку на Славянскі базар у Віцебску – і людзі застаюцца задаволенымі. У гэтым годзе плануем арганізаваць паездкі на найбольш цікавыя матчы для аматараў футболу. Чаму б не “пахварэць” за нашых не ля тэлевізара, а непасрэдна на трыбуне стадыёна “Дынама”?
Дарэчы, неабавязкова далёка ехаць. Ёсць вельмі цікавыя экскурсіі па суседніх Ашмянскім і Смаргонскім раёнах.
– З адпачынкам у раёне мы высветлілі, у Беларусі – таксама. Надышоў час збірацца на мора…
– Тут усё залежыць ад жадання кліента. Чаго ён хоча ад адпачынку і якому віду аддае перавагу: пасіўнаму, калі хочацца проста папесціцца пад сонцам на пляжы, ці больш актыўнаму, калі можна ўбачыць як мага больш новага і цікавага. Асабіста я люблю сумяшчаць адпачынак з экскурсіямі. І хацеў бы параіць астраўчанам больш смела глядзець у заходнім напрамку. Украіна, Крым – гэта, канешне, добра, але імі адпачынак не абмяжоўваецца. Чаму б не адкрыць для сябе іншыя краіны? Асабліва з улікам таго, што сёння паездка ў Румынію, Балгарыю, Чарнагорыю па кошту амаль аднолькавая з украінскім адпачынкам. Калі ж і перавышае, то нязначна – але дае магчымасць убачыць іншыя гарады і краіны.
Напрыклад, у мінулым годзе я адпрацоўваў румынскі накірунак, у гэтым – Чарнагорыю. Чым яна цікавая? Калі Украіна, Румынія, Крым – гэта Чорнае мора, Чарнагорыя ж – ужо ўзбярэжжа Адрыятычнага. І калі глядзець на карту, то здаецца, што лінія ўзбярэжжа невялікая, але яе дастаткова, каб там размясціліся сотні камфартабельных гатэляў, якія прымаюць турыстаў. Дыяпазон кошту паездкі ў Чарнагорыю вагаецца ў сярэднім ад 300 да 370 еўра ў пік сезона. Трэба ведаць, што сюды не ўваходзяць консульскія зборы, медыцынская страхоўка, якія складаюць у сярэднім 40-60 еўра. Плюс турыстычныя паслугі – 50-70 тысяч беларускіх рублёў. Адзначу, што гэтыя туры комплексныя – сюды ўваходзяць, акрамя адпачынку, розныя экскурсіі. Турысты спыняюцца ў гатэлях Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі. Вяртаючыся назад, робяць прыпынак у Будапешце. Такім чынам, гэта вельмі цікавы накірунак. Напрыклад, Італія знаходзіцца на ўзбярэжжы таго ж Адрыятычнага мора, а адпачынак там абыдзецца не менш за 700 еўра. Рабіце высновы.
– Уявіце: да вас прыходзіць кліент, які ні разу нідзе не адпачываў, у яго ёсць 500 долараў. Што можаце прапанаваць?
– Як ужо адзначаў, у першую чаргу я павінен пацікавіцца, як ён хоча адпачываць і дзе. За гэтыя грошы можна адпачыць у Турцыі. Не ведаю, ці хопіць на паслугу “ўсё ўключана”, але харчаванне ў гатэлі будзе забяспечана. Праўда, некаторых крыху палохае Турцыя, улічваючы неспакой гэтага рэгіёна.
Дадайце яшчэ 100 долараў – і па “гарачай” пуцёўцы можаце адпачыць у Егіпце.
Маладым людзям да 30-ці можам прапанаваць адпачынак у маладзёжных лагерах у Балгарыі, Славакіі, Румыніі. Такія лагеры размяшчаюцца на базе віл, былых лагераў і ўмовы там больш сціплыя. Напрыклад, можа не быць кандыцыянера. І адпачынак, адпаведна, больш танны – там 500 долараў дакладна хопіць.
– Вы ўсё так цудоўна расказваеце… Але хочацца ўсё ўбачыць – ёсць такая магчымасць?
– Безумоўна! Жаданне кліента – закон. За два гады мы набылі нямала рэкламна-даведачнай літаратуры, каталогаў – пакажам усё, што толькі цікавіць. Італія, Іспанія. Тайланд, Егіпет, Кіпр і іншае – любы накірунак перад вашымі вачамі: выгляд гатэляў, іх кошт, абсталяванне нумароў, выгляд пляжаў, што ўключана ў кошт пуцёўкі.
Словам, хачу яшчэ раз падкрэсліць, хто яшчэ не зразумеў – сёння ў кабінеце аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама кожнаму гатовы прапанаваць магчымасць для адпачынку ў любой форме і ў любым напрамку, а таксама прадаставіць максімальную інфармацыю.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений