Саюз шукальнікаў ісціны

16:10 / 27.05.2010
11996

З 8 па 9 мая выхаванцы астравецкай секцыі па каратэ здавалі чарговы экзамен, які прымаў уладальнік чорнага пояса, трэнер з Гродна Яўген Касачук. А праз тыдзень пасля гэтай важнай падзеі сем лепшых юных каратыстаў разам з трэнерам Дзмітрыем Куцько адправіліся дэманстраваць майстэрства і практычныя навыкі на адкрытае першынство па кёкусінкай каратэ (што ў перакладзе з японскай азначае “Саюз шукальнікаў абсалютнай ісціны”), якое прайшло ў Гродна 16 мая. Дарэчы, за дапамогу ў арганізацыі паездкі і фінансавую падтрымку трэнер выказвае шчырую падзяку Марыі Францаўне Катовіч і Чаславу Станіслававічу Лабачэўскаму.


Спаборніцтва праходзіла ў двух дывізіёнах. У першым удзельнічалі прадстаўнікі з 6 па 1 кю (гэта жоўтыя – карычневыя паясы). У другім, у якім і выступалі астраўчане, змагаліся з 10 па 7 кю – уладальнікі аранжавых і сініх паясоў.
Паказаць усё хараство баявога мастацтва сабраліся каратысты з усёй Гродзенскай вобласці. Астравеччыну прадстаўлялі 10-гадовыя Ігар Азевіч і Аляксандр Верамейчык, 11-гадовыя Сяргей Кандратовіч і Андрэй Янкун і самыя старэйшыя – 13-гадовыя Арцём Катовіч, Аляксандр Радзько і Дзмітрый Патаповіч.
Андрэй Янкун выступаў на спаборніцтве ўпершыню, і дэбют атрымаўся проста бліскучым. Юнак прыемна здзівіў усіх. Трэнер Дзмітрый Куцько расказвае, што, калі ўбачыў саперніка Андрэя ў фінале, шчыра кажучы, не спадзяваўся на ўдачу. Сапернік быў і вышэйшы, і фізічна больш моцны. Толькі Андрэя гэта не спалохала – дзякуючы напорыстасці, веры ў свае сілы і, вядома ж, прагі перамогі юнак стаў першым і лепшым.
Упершыню спрабаваў свае сілы на спаборніцтве і Сяргей Кандратовіч. Ён упэўнена ішоў да перамогі, але ў фінале выбраў крыху не тую тактыку – і перамога выбрала іншага. Сяргей – “сярэбраны” прызёр.
Другое месца заняў і Дзіма Патаповіч – ён паўтарыў свой вынік на спаборніцтве ў мінулым годзе. Хаця крыўдна: да перамогі быў літаральна адзін крок.
Папоўніў скарбонку ўзнагарод і Арцём Катовіч, які таксама добра выступіў і ў выніку заняў трэцяе месца.
Такім чынам, астравецкія каратысты паспрабавалі свае сілы і адчулі смак перамогі. Зараз ёсць стымул работы над сабой і ўдасканалення баявога мастацтва.



Cваімі ўражаннямі ад баёў каратэ падзяліўся і непасрэдны глядач першынства Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі:
–Хто ні разу не бачыў гэтага баявога мастацтва ў дзеянні, многае страціў. Раю абавязкова калі-небудзь паглядзець. Непараўнальнае відовішча! А як выступалі нашы рабяты! Без перабольшвання скажу, што астравецкія ўдзельнікі лепш падрыхтаваныя, чым нават пераможцы першынства. Проста трэнер у нас сціплы – а ён жа таксама выступаў у паказальных баях. А гэта служыць добрым прыкладам для рабят. Дарэчы, за зборную горада Гродна выступала наша Амалія Азацян. Але ж пачынала яна таксама тут, у Астраўцы, у секцыі Дзмітрыя Куцько! Словам, малайцы нашы каратысты. Толькі вось ніякай падтрымкі ў іх няма, ніякай матэрыяльнай базы. Напрыклад, іншыя ўдзельнікі выкарыстоўвалі такія прыёмы, якія нашы ўдзельнікі проста не могуць адпрацаваць, бо ў іх няма патрэбнага абсталявання. Не кажучы ўжо пра спартыўную залу са спецыяльным пакрыццём. Клас каратэ не ўключаны ў спартыўную школу, але ж рабятам гэта падабаецца, яны развіваюцца фізічна і духоўна. І месцы прызавыя займаюць. Я лічу, што ім трэба дапамагаць.
Сапраўды, акрамя энтузіязму трэнера і дапамогі бацькоў каратысты іншай падтрымкі не маюць. А між іншым, іхнімі перамогамі Астравеччына праслаўляецца ў вобласці.


Марына МАЦКЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений