Островецкий центр творчества детей и молодёжи: здесь раскрывают творческий потенциал каждого ребёнка

17:00 / 08.09.2015
Творчество и талантТрадыцыйна ў першай палове верасня праходзіць рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай сістэмы дадатковай адукацыі краіны. Падчас тыдня ўсе мерапрыемствы скіраваны на шырокае далучэнне маладога пакалення да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах і фарміраванне станоўчага іміджу цэнтраў пазашкольнага выхавання.

Сёлета тыдзень дадатковай адукацыі праходзіць з 7 па 13 верасня. Педагогі дадатковай адукацыі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія працуюць у мастацкім, дэкаратыўна-прыкладным, спартыўным, харэаграфічным і вакальным накірунках, падрыхтавалі шырокую праграму: пройдуць прэзентацыі аб’яднанняў па інтарэсах і майстар-класы, цікавыя мерапрыемствы і акцыі. Дзеці і падлеткі ўстаноў адукацыі будуць запрошаны на дні адчыненых дзвярэй, выставы творчых работ навучэнцаў і педагогаў Цэнтра, пазнавальна-забаўляльныя праграмы. Дарэчы, кожнае мерапрыемства будзе скіравана на заахвочванне моладзі да творчых захапленняў і дасягнення поспехаў у любімай справе. І гэта зразумела, бо з 1 верасня стартаваў цыкл мерапрыемстваў сацыяльнай накіраванасці “На цябе, наша моладзь, надзея”, прысвечаных Году моладзі.
Творчество и талант1Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дае пачатак новаму навучальнаму году і распачынае цікавую творчую дзейнасць педагогаў і іх навучэнцаў. А якія ж арыенціры ў нашага Цэнтра, чым ён жыве і да чаго імкнецца, мы спыталі ў дырэктара Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Веранікі Мар’янаўны Кумішча.
– Што сабой сёння прадстаўляе дадатковая адукацыя?
– Дадатковая адукацыя – такая сістэма, дзе чалавек знаходзіць сябе. Калі ў вучэбным працэсе вучань не можа выйсці за рамкі таго, што ад яго патрабуюць, то тут ён мае магчымасць ствараць сябе такім, якім яму хочацца быць. Адной з галоўных функцый дадатковай адукацыі з’яўляецца выхаванне, і сёння амаль у кожнага з маіх калег сваё разуменне гэтага паняцця. Для дзяцей сістэма дадатковай адукацыі — гэта магчымасць старту ў дарослае жыццё, сфера свабоднага выбару ў сваіх захапленнях, спробы сваіх сіл, што напрамую звязана з прафесійнай арыентацыяй.
– Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі пастаянна на слыху. Чым плануеце займацца ў гэтым годзе?
– Сёння мы пры фінансавай падтрымцы акцыянернага таварыства “Ніжагародская інжынірынгавая кампанія “Атамэнергапраект” рэалізуем турыстычны праект “Культурная спадчына”, сумесны праект Астравецкага цэнтра творчасці і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Ратуйся ад СПАЙСа!”. Тэатралізаваныя дыскатэкі, экскурсіі, інтэлектуальныя гульні, дзіцячыя і маладзёжныя забаўляльныя праграмы, турзлёты, спартыўныя спаборніцтвы – гэта толькі маленькая частка тых мерапрыемстваў, якія распрацоўваюцца і праводзяцца педагогамі.
Неабходна адзначыць, што на сённяшні дзень наша ўстанова дае магчымасць пашырыць веды, атрыманыя ў школе, рэалізаваць творчы патэнцыял кожнага навучэнца абсалютна бясплатна. Для гэтага неабходна толькі напісаць заяву і прынесці пасведчанне аб нараджэнні.
– Якія яны, педагогі дадатковай адукацыі?
– Творчыя і ініцыятыўныя, знаходлівыя і крэатыўныя, сапраўдныя прафесіяналы сваей справы. Людзі, якія валодаюць добрым густам і робяць для сваіх выхаванцаў свет ярчэйшым.
Творчество и талант2– І ўсё ж, напэўна, ёсць нейкая прафесійная мара. Якім вы бачыце Цэнтр творчасці ў бліжэйшай будучыні?
– Наш горад расце і развіваецца, а разам з ім павялічваецца і колькасць навучэнцаў нашай установы, таму існуе запатрабаванасць у дадатковых памяшканнях для правядзення заняткаў і культурна-масавых мерапрыемстваў. Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – шматпрофільная ўстанова, аднак яшчэ не ўсе накірункі дзейнасці ахоплены намі, таму мы стараемся прыцягнуць новыя кадры, якія б працавалі па тэхнічным, эколага-біялагічным і турыстычна-краязнаўчым профілях.
Марыць, канечне, можна пра многае. Але для мяне, як для кіраўніка, галоўнае – зберагчы яркі, неардынарны, захоплены сваёй справай і вельмі дружны калектыў. Менавіта такім педагогам па сілах стварыць свет прыгажосці, гульні, музыкі, малюнка, фантазіі для сваіх выхаванцаў, адкрываць новыя таленты і дарыць дзецям радасць перамог.

-----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.