Районная организация "Белая Русь" активно включается в новые проекты

12:00 / 24.08.2015
Белая Русь логотипРэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” сваімі добрымі справамі і актыўнай пазіцыяй вядома ва ўсёй краіне. Сёння пярвічкі “Белай Русі” створаны ва ўсіх раённых цэнтрах і гарадах нашай рэспублікі. Інтэрв’ю са старшынёй Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірынай Фёдараўнай Раткевіч прысвечана дзейнасці гэтай арганізацыі ў нашым раёне.

Раткевич Белая Русь– Ірына Фёдараўна, раскажыце крыху пра сябе.
– Я заўсёды была актыўнай – так было ў школе, падчас вучобы ў вучылішчы, а потым і ў Мазырскім педагагічным інстытуце. І галоўнай маёй падтрымкай у жыцці была мая мама, якая дапамагала мне ў прыняцці складанага рашэння.
Пасля вучобы ў інстытуце мяне накіравалі ў Спондаўскую школу. Падчас адной з сустрэч з маладымі спецыялістамі (Ірыну Фёдараўну заўважылі і тут – і выбралі ў раённы Савет маладых спецыялістаў. – Заўв.аўт.) я і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Потым былі гады працы ў Доме піянераў – спачатку кіраўніком гурткоў, метадыстам, а потым і дырэктарам, галоўным спецыялістам па выхаваўчай рабоце ў аддзеле адукацыі, а цяпер – у аддзеле арганізацыйна-кадравай работы Астравецкага райвыканкама. Словам, дзе б я ні працавала, заўсёды старалася праявіць сябе, быць актыўнай, весці за сабой людзей. Так жыць цікавей.
– Сёння вы не толькі працуеце ў арганізацыйна-кадравым аддзеле райвыканкама, але і з’яўляецеся старшынёй раённай арганізацыі “Белая Русь”. Як у вас атрымліваецца сумяшчаць гэтыя пасады?
– Якраз тое, што я працую ў арганізацыйна-кадравым аддзеле, у многім дапамагае мне – у тым плане, што я ведаю многіх людзей, якія працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах, іх кіраўнікоў. Гэта дапамагае наладжваць узаемаадносіны і супрацоўніцтва. Да таго як узначаліла раённую арганізацыю “Белая Русь”, я была старшынёй прафсаюзнай арганізацыі райвыканкама – і заўсёды старалася арганізаваць для калектыва цікавыя святы і мерапрыемствы, бо акрамя работы ў жыцці кожнага чалавека ёсць іншыя важныя моманты і даты.
Прапанова ўзначаліць раённую арганізацыю такога значнага грамадскага аб’яднання, як “Белая Русь” была вельмі важнай для мяне. Я разумела ўсю адказнасць, якая ў такім выпадку кладзецца на мае плечы, але падтрымка сям'і, якая верыць у мае сілы, падштурхнула прыняць такое рашэнне. Я ўдзячна за дапамогу, якую мне аказваюць райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў, стараюся абапірацца на ўжо назапашаны раённай арганізацыяй вопыт і прыўнесці нешта сваё – і спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца.
– Што сёння ўяўляе сабой Астравецкая раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”?
– Сёлета мы стварылі дзве новыя пярвічкі – да актывістаў нашай арганізацыі далучыліся супрацоўнікі новых гімназіі №1 і ясляў-сада №1 нашага горада. Арганізацыя налічвае 811 чалавек, і ўсе яны – творчыя, неардынарныя, актыўныя асобы, якія працуюць на карысць нашага раёна і краіны ў цэлым. У нашай арганізацыі кожны можа праявіць сябе, далучыўшыся да добрых спраў і акцый, якія з’яўляюцца своеасаблівымі візіткамі нашага грамадскага аб’яднання.
– “Белая Русь” – адна з грамадскіх арганізацый, у якой ёсць уласныя сродкі ад членскіх узносаў. На што яны накіроўваюцца?
– Сапраўды, усе нашы члены ўплачваюць членскія ўзносы. І ўсе разам, дзякуючы ў тым ліку і ўзносам, мы змаглі зрабіць шмат добрых спраў: удзельнічалі ў пасадцы алеі Славы і яблыневага саду ў аграгарадку Варняны, пасадцы лесу і добраўпарадкаванні тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, аказанні дапамогі ў правядзенні святаў і мерапрыемстваў. Адзін з самых папулярных нашых праектаў – “Белая Русь” – за незалежную, моцную і квітнеючую Беларусь”. Наша арганізацыя заўсёды ў першых радах на мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці, Дню Перамогі і Дню дзяржаўнага герба і сцяга. Мы пад-трымліваем моладзь – напрыклад, сёлета сталі ўдзельнікамі акцыі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, святочных мерапрыемстваў, прысвечаных прыняццю прысягі вучнямі ваенна-патрыятычнага класа Гудагайскай школы і Дню Канстытуцыі ў Варнянскім НПК. Не абмінулі ўвагай і ветэранаў – яны атрымалі падарункі да Дня Перамогі і падчас уручэння юбілейных медалёў. Мы заўсёды падтрымліваем працоўныя калектывы, у якіх створаны нашы пярвічныя арганізацыі: віншуем актывістаў з юбілейнымі святамі, дапамагаем з набыццём пуцёвак у аздараўленчы летнік “Ластаўка”.
– Якія праекты сёння рэалізоўвае “Белая Русь” і наколькі яны папулярныя?
– У нас вельмі шмат добрых праектаў. Сярод іх “Белая Русь” – за адраджэнне культурнай і гістарычнай спадчыны”, у рамках якой мы дапамаглі Гудагайскай школе і СШ №2 у набыцці стэндаў для музея, гімназіі №1 набылі стэнд “Беларускі вугалок” у кабінет беларускай мовы і літаратуры. З задавальненнем наша арганізацыя прыняла ўдзел у раённым конкурсе “Народны артыст Астравеччыны”. Заўсёды падтрымліваем інтэлектуальны рух, які развіваецца ў нашым раёне, другі год выступаем адным з арганізатараў турніру па гульні “Што? Дзе? Калі?” сярод студэнцкіх атрадаў, што працуюць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі на Беларускай АЭС. Шмат можна гаварыць і пра праекты “Белая Русь” – таленавітай моладзі” і “Белая Русь” за здаровую нацыю”, “У новы год з “Белай Руссю”. Словам, мы робім усё, каб жыццё ў нашай моцнай, незалежнай і квітнеючай краіне праходзіла цікава і было насычана яркімі падзеямі і святамі.
– “Белая Русь” вядома яшчэ і тым, што можа дапамагчы людзям у вырашэнні іх праблем – ці часта да вас звяртаюцца людзі?
– Часцей за ўсё людзі прыходзяць з просьбай аб арганізацыі якога-небудзь мерапрыемства. Так было з конкурсам “Лепшы класны кіраўнік”, дзе мы выступілі аднымі з арганізатараў. Часам члены нашага аб’яднання звяртаюцца проста за псіхалагічнай дапамогай – стараемся аказаць падтрымку і ў такім выпадку.
– За гады свайго існавання раённая арганізацыя ўдзельнічала ў многіх выбарчых кампаніях. Сёлета члены “Белай Русі” ўдзельнічаюць у перадвыбарчай кампаніі?
– Канешне. Чатыры члены раённай арганізацыі ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзеючага Прэзідэнта. Нашы актывісты не раз арганізоўвалі пікеты па збору подпісаў. Эдуард Іванавіч Свірыд з’яўляецца старшынёй раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мы вылучылі 33 члены для работы на ўсе ўчасткі, створаныя ў нашым раёне. Актыўна працуем з назіральнікамі – плануем, што ад нашай арганізацыі яны будуць прысутнічаць на ўсіх участках. І верым, што разам мы зможам выбраць шчаслівую будучыню ў моцнай, незалежнай і квітнеючай Беларусі.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам!

---------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.