Октябрята из Вороны одержали победу на районной игре "Пароль - октябрёнок: маленькие звёздочки большой страны"

10:00 / 26.05.2015
На працягу пяці месяцаў ва ўсёй краіне праходзіла інтэлектуальна-творчая гульня “Пароль – акцябронак: маленькія зорачкі вялікай краіны!” Пераможцамі раённага этапу гульні сталі акцябраты Варонскага дзіцячага сада-пачатковай школы.


Штомесяц на старонках рэспубліканскай газеты “Зорька” друкаваліся тэматычныя заданні – школьнікам неабходна было прайсці пяць маршрутаў: “На шляху ў краіну акцябрат”, “3Д: Дела добрых друзей”, “Акцябраты ў краіне цудаў”, “Піянерскімі сцежкамі”, “Падарожжа юнага краязнаўцы”.

З усімі гэтымі заданнямі найлепш справіліся школьнікі з Варонскага дзіцячага сада – пачатковай школы – менавіта яны сталі пераможцамі раённага этапу гульні.

– З акцябратамі ў нашай школе працуе малады педагог-арганізатар Вікторыя Юр’еўна Дрэма, – расказвае намеснік дырэктара Варонскага дзіцячага садка-пачатковай школы Галіна Карлаўна Чахрач. – Яе настаўнікам з’яўляецца  вопытны педагог Валянціна Вацлаваўна Кірпічова, якая раней працавала педагогам-арганізатарам Трокеніцкай базавай школы. Яны ўдваіх узяліся за рэалізацыю праекта ў нашай школе. І калі меркаваць па водгуках дзяцей у акцябрацкіх дзённіках, а таксама выніках конкурсу, то атрымалася нядрэнна.

– Нашы акцябраты з задавальненнем далучыліся да рэспубліканскай гульні. Тым больш што ўсе гэтыя маршруты добра вядомыя, – працягвае выхавальніца Варонскага НПК Валянціна Вацлаваўна Кірпічова. – На працягу года школьнікі стараліся жыць па правілах акцябрат, удзельнічалі ў цімураўскай рабоце: наведвалі ветэранаў вайны і працы, дапамагалі ім, сустракаліся з выхаванцамі прытулку, вывучалі гісторыю роднага краю, шмат падарожнічалі. Сёлета мы актыўна далучыліся да ўсіх раённых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя Вялікай Перамогі і 75-годдзя Астравецкага раёна. Вынікам удзелу ў прапанаваных маршрутах стаў вялікі фотарэпартаж, а таксама ўражанні дзяцей ад удзелу ў мерапрыемствах.

На працягу пяці месяцаў, што адпавядае колькасці промняў акцябрацкай зорачкі, 51 школьнік Варонскага НПК са сваімі педагогамі выконвалі заданні спецыяльных маршрутаў – і ў выніку сталі маленькімі зорачкамі вялікай краіны.


----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.