Ворнянские школьники стали выпускниками Республиканской школы актива юных лесоводов

17:00 / 17.04.2015
Школьнае лясніцтва “Лесавічок”, якое дзейнічае на базе Варнянскага ясляў-сада-сярэдняй школы, добра вядома не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і нават у рэспубліцы. Перамога ў абласным спаборніцтве на лепшае школьнае лясніцтва, якое праходзіла ў 2013 годзе ў Гродна, дала юным лесаводам цудоўную магчымасць палепшыць свае веды.

Варнянскія школьнікі былі залічаны ў Рэспубліканскую школу актыву юных лесаводаў, якая працуе на базе Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра. На працягу двух гадоў дзеці разам з кіраўніком Аленай Іванаўнай Юркойць распрацоўвалі праекты, ездзілі на зборы ў Мінск і самастойна штудзіравалі спецыяльныя падручнікі і прасторы ўсюдыіснага інтэрнэту.

Варта адзначыць, што на дапамогу школьнікам заўсёды прыходзілі спецыялісты Астравецкага лясгаса і Варнянскага лясніцтва.

З дапамогай старэйшых калег і свайго кіраўніка дзеці адкрылі для сябе чароўны свет лекавых раслін, асаблівасці лясных гадавальнікаў і збору насення, а таксама даведаліся, як абараніць лес ад шкоднікаў і хвароб.

А напрыканцы сакавіка, пасля двухгадовай вучобы ў цэнтры, юных лесаводаў чакала абарона дыпломных работ. Выпускнікамі Рэспубліканскай школы актыву юных лесаводаў стала і варнянская “пяцёрка” школьнікаў: Вадарына Аўгуль, Анжаліка Масойць, Інэса Браніцкая, Вадзім Ількевіч і Рамуальд Сянюць годна абаранілі свае дыпломныя работы і атрымалі пасведчанні аб заканчэнні.

Верыцца, што два гады вучобы ў Рэспубліканскай школе лесаводаў не прайшлі дарэмна: хтосьці з яе выпускнікоў абавязкова абярэ дарогу ў лясную гаспадарку.

Алена ГАНУЛІЧ.