В Островце за "круглым столом" обсудили проблему туберкулеза

16:00 / 31.03.2015
Ад гэтай хваробы памерлі вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі Максім Багдановіч, Казімір Сваяк, Кузьма Чорны… Некалі сухоты былі, па сутнасці, прысудам і няпазбежна вялі да смерці.

На шчасце, медыцына не стаіць на месцы: зараз туберкулёз лечыцца і вылечваецца. І тым не менш гэтае захворванне – сацыяльна значнае і небяспечнае. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод актыўным туберкулёзам хварэе 8 мільёнаў чалавек, а памірае больш як тры мільёны.

Небяспечная тэндэнцыя захворвання назіраецца на Астравеччыне – раён у мінулым годзе займаў першае месца ў вобласці па колькасці хворых туберкулёзам на 100 тысяч насельніцтва.

Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам, які адзначаецца 24 сакавіка, у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі прайшоў “круглы стол” з удзелам галоўнага санітарнага ўрача Астравецкага раёна Ганны Вітольдаўны Пашук, загадчыцы  тэрапеўтычнай службы раённай паліклінікі Дзіны Аляксандраўны Мажэйка і раённага фтызіятра Вячаслава Аляксандравіча Пятровіча, намесніка галоўнага ветэрынарнага ўрача Астравецкага раёна Рычарда Альбінавіча Турчыновіча, загадчыка Гервяцкай амбулаторыі Руслана Анатольевіча Якубцэвіча і валанцёра Чырвонага Крыжа Святланы Казіміраўны Куцько.


Ганна Пашук:

– Туберкулёз па-ранейшаму застаецца глабальнай праблемай. У мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана 376 выпадкаў захворвання. На шчасце, сярод іх не было дзяцей. Часцей за ўсё палачка Коха паражае людзей ва ўзросце 35-54 гадоў. У большасці сваёй гэта сельскія жыхары, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. На жаль, у мінулым годзе па агульных паказчыках у Гродзенскай вобласці наш раён стаў першым па колькасці хворых – 70,95 на 100 тысяч насельніцтва. У канкрэтных лічбах гэта 17 чалавек, 9 з якіх жывуць у Гервяцкім сельскім Савеце. Сёння мы сабраліся за “круглым сталом”, каб абмеркаваць сітуацыю і знайсці шляхі прадухілення захворвання.


Вячаслаў Пятровіч:

– Здавалася б, парадокс: медыцына развіваецца, лекі ўдасканальваюцца, людзі жывуць нядрэнна – а на туберкулёз усё роўна хварэюць. Як ні сумна, сітуацыя застаецца напружанай. Дарэчы, паводле сусветных дадзеных, найбольш высокі паказчык захворвання на туберкулёз прыходзіцца на краіны былога Савецкага Саюза, больш за ўсё хварэюць у Расіі.

Інфекцыяй, якую выклікае палачка Коха, могуць захварэць усе. 99 працэнтаў насельніцтва постсавецкай прасторы інфіцыравана туберкулёзнай бактэрыяй. Канешне, не ўсе з іх захворваюць на туберкулёз, але не варта забываць пра ўзбуджальнік – пры спрыяльных умовах ён з лёгкасцю можа перарасці ў хваробу. Вядома, што высокая рызыка захворвання ў людзей з аслабленым імунітэтам: гэта дзеці і састарэлыя, а таксама людзі, якія злоўжываюць алкаголем, кураць і наогул не прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця. Пра ВІЧ-інфіцыраваных размова асобная – яны, як ніхто іншы, уразлівыя да розных захворванняў.


Дзіна Мажэйка:

– Туберкулёз – небяспечная і падманлівая хвароба. Часта пацыенты нават не падазраюць аб ёй. Як правіла, спачатку захворванне працякае без яўных сімптомаў. Людзі думаюць, што пакашляюць крыху – і перастануць. Але калі больш 2-3 тыдняў непакоіць кашаль, трымаецца павышаная тэмпература і адчуваецца агульнае недамаганне, трэба тэрмінова звяртацца ў бальніцу. А яшчэ лепш прыйсці раней. Да таго ж туберкулёз распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам. І пакуль чалавек не здагадваецца пра хваробу, ён можа заразіць іншых людзей.

У апошні час дастаткова частымі сталі выпадкі ўстойлівага туберкулёзу, рэзістэнтнага да многіх лекаў. Такім хворым цяжка падабраць прэпараты – працэс лячэння расцягваецца на гады. І, на жаль, не заўсёды заканчваецца станоўча.

Звычайны туберкулёз мы вылечваем прыкладна на працягу паўгода без ніякіх наступстваў. Лячэнне бясплатнае. У мінулым годзе ў Астравецкім раёне быў толькі адзін выпадак смерці з-за туберкулёзу: жанчына проста не звярталася ў медыцынскую ўстанову. Гэта – наглядны прыклад таго, да чаго могуць прывесці бяспечныя адносіны да свайго здароўя.

Галоўнае – своечасова выявіць захворванне. А для гэтага трэба рэгулярна праходзіць  флюараграфію.


Вячаслаў Пятровіч:

– У такіх выпадках незаменная рэч пульмаскан-экспрэс – лічбавы флюараграфічны апарат. Мы выязджаем з ім у розныя вёскі, можам даехаць да любога пункта, да кожнай бабулькі. На жаль, не ўсе жыхары праходзяць флюараграфію, як належыць, кожны год. Будзем шчырымі – пакуль не прыцісне, ніхто ў бальніцу не ідзе. А з іншага боку, як можа дабрацца чалавек з аддаленай вёскі, калі аўтобус ідзе раз у тыдзень, ды яшчэ ў пятніцу? Пагэтаму ў такіх сітуацыях вельмі выручае пульмаскан – і жыхарам не трэба ехаць, і ўрачы задаволены.


Ганна Пашук:

– А ці былі выяўлены выпадкі захворвання на туберкулёз сярод жывёл?


Рычард Турчыновіч:

– Апошняе захворванне жывёл гэтай хваробай было зарэгістравана ў 1990 годзе. Мы рэгулярна праводзім прафілактычныя даследаванні – клінічных выпадкаў не выяўлена. На асаблівым кантролі знаходзіцца буйная рагатая жывёла, бо яна больш падвержана інфекцыі. Двойчы на год праводзім праверку на выяўленне туберкулёзу. Штогод 4 разы праводзіцца дэзінфекцыя памяшканняў, дзе ўтрымліваецца жывёла. Дарэчы, варта адзначыць, што цяперашнія фермы і комплексы значна адрозніваюцца ад ранейшых – і гэта таксама змяншае рызыку захворванняў. Наогул, у нас распрацаваны план прафілактычных мерапрыемстваў на 2011-15 гады. І тое, што ў Астравецкім раёне жывёла не хварэе на туберкулёз, лічу, заслуга менавіта своечасовай  прафілактыкі.


Святлана Куцько:

– Дарэчы, пра прафілактыку. Я з’яўляюся кіраўніком валанцёрскага руху Чырвонага Крыжа. Валанцёры – не ўрачы, мы не лечым, аднак мы можам інфармаваць і папярэджваць. Асноўная дзейнасць валанцёраў накіравана на правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных ахове і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Канешне ж, мы не можам аставацца раўнадушнымі да праблемы захворвання на туберкулёз. Двойчы на год праводзім прафілактычныя акцыі па гэтай тэме. У нас ёсць спецыяльны плакат “Разам супраць туберкулёзу”. Раздаём прахожым спецыяльныя буклеты і брашуры, інфармуем, расказваем пра хваробу, як яна перадаецца. Асабліва акцэнтуем увагу на неабходнасці абавязкова штогод праходзіць медыцынскі агляд. У апошні час практыкуем супрацоўніцтва з валанцёрамі сельскіх школ. Напрыклад, з вучнямі Гудагайскай і Міхалішкаўскай сярэдніх школ хадзілі па да мах, раздавалі адпаведную літаратуру і тлумачылі сутнасць праблемы. А ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, з якім таксама цесна супрацоўнічаем, праводзім тэматычныя дыскатэкі. Канешне, гэта ўсяго толькі прафілактыка, але, спадзяюся, яна прыносіць свой плён.


Ганна Пашук:

– Як ужо было сказана, у мінулым годзе ў Астравецкім раёне было зарэгістравана 17 хворых туберкулёзам, і 9 з іх – у Гервяцкім сельсавеце. Чаму менавіта на гэтым участку?


Руслан Якубцэвіч:

– Калі прасачыць дынаміку захворвання за некалькі гадоў, то ў Гервяцкім сельсавеце штогод выяўляліся 1-2 хворых. Чаму летась быў такі ўсплеск, сказаць цяжка. Людзі добраахвотна праходзяць медагляд, звяртаюцца за кансультацыяй у амбулаторыю і ў раённую паліклініку. Спадзяюся, што ў гэтым годзе паказчыкі палепшацца.


Вячаслаў Пятровіч:

– Хто ў асноўным хварэе на туберкулёз? У каго аслаблены імунітэт – паталогія якога-небудзь захворвання ці чалавек проста не клапоціцца аб сваім здароўі – выпівае, курыць. Аднак зараз ва ўсім свеце ідзе тэндэнцыя да здаровага ладу жыцця. Напрыклад, курыць зараз ужо не модна. І моладзь усё часцей звяртае на гэта ўвагу.


Святлана Куцько:

Дарэчы, лозунг “Курыць – не модна!” прыдумалі менавіта валанцёры. І глядзіце – ужо пайшла станоўчая тэндэнцыя.


Дзіна Мажэйка:

– У гэтым годзе пакуль выяўлены тры чалавекі, хворыя на туберкулёз. Гэта менш, чым летась. Галоўнае, каб не хварэлі дзеці і не было смяротных выпадкаў. Мы нікому не адмаўляем у лячэнні – але, каб вылечыцца, трэба прыйсці ў бальніцу. Нешта непакоіць – не зацягвайце да апошняга, звяртайцеся да ўрача. Наша здароўе залежыць у першую чаргу ад нас саміх.


------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.