Это было недавно, это было давно... Встреча одноклассников через 50 лет

17:00 / 16.02.2015
Першую суботу лютага чакаюць многія. Асабліва тыя, хто з году ў гэты дзень сустракаецца са сваімі школьнымі сябрамі. Праўда, з часам гэтыя сустрэчы адбываюцца ўсё радзей, у лепшым выпадку – у юбілейныя даты выпуску.

Дый на тыя збіраюцца нямногія.


Сёлета 7 лютага ў СШ №2 сустракаліся выпускнікі трох школ: Астравецкай СШ (некалі яна была адзінай), СШ №2 і гімназіі №1 – яе выпускнікі выходзілі за парог менавіта гэтай установы адукацыі. І калі на сцэну запрасілі тых, хто закончыў школу 50 гадоў назад, і ўзнялося амаль дваццаць пасівелых, мажных мужчын і жанчын, а з імі – іх настаўнікі Расціслаў Арсенцьевіч Герт і Марыя Паўлаўна Леановіч, зала спачатку здзіўлена загула. А потым узарвалася апладысментамі, у якіх зліліся захапленне, падзяка, пажаданні. І міжволі пагодзішся са словамі выпускнікоў 1965 года: сапраўды, іх клас – самы дружны!

– На жаль, прыйшлі не ўсе, – расказваючы пра свой “самы ініцыятыўны, самы дружны, самы талковы, самы самастойны, самы хуліганісты, самы згуртаваны клас”, з сумам канстатуе ініцыятар і арганізатар гэтай сустрэчы Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі – вядомы не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы, і нават за яе межамі фермер. – Многіх з нашых аднакласнікаў ужо няма ў жывых. Ужо ніколі не сустрэнуцца з аднакласнікамі Мар’ян Андралойць, Света Чайкоўская, Марыя Блашкевіч, Станіслаў Макарэвіч, Аня Радкевіч, Галіна Трусевіч… А апошняя наша страта – Мечыслаў Блашкевіч: нейкіх паўгода ён не дажыў да нашай “залатой” сустрэчы. З Марыйкай яны былі двайнятамі, але яна, хоць і дзяўчынка, заўсёды камандавала братам, за ёй было апошняе слова. На жаль, іх абодвух ужо няма з намі. Але хочацца падзякаваць удаве Мечыслава Фаіне Мікалаеўне Блашкевіч: яна для нашага класа – родная, свая, і ў арганізацыі нашых сустрэч заўсёды, і ў гэты раз таксама прымала самы непасрэдны і актыўны ўдзел. Увогуле, спачатку мы сябравалі класам, зараз сябруюць сем’і нашага класа – і гэта радуе.

Першага верасня 1954 года маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі пераступілі парог школы, якая размяшчалася ў прыстасаваным будынку каля касцёла Узнясення святога Крыжа. Аднак ужо ў кастрычніку школа перайшла ў новы будынак, які размясціўся ў цэнтры Астраўца.

– Касцяк нашага класа складалі астравецкія хлапчукі і дзяўчаты, якія вучыліся разам з першага класа – Каця Канцавенка, Ваня Штура, Валодзя Шырынскі, Альдона Рэкець, Мар’ян Андралойць, Віця Тарасаў, – расказвае Часлаў Лабачэўскі, які таксама ўваходзіў у гэты самы “касцяк”. – Пазней, пасля сямігодкі, да нас далучыліся хлопцы і дзяўчаты з Гудагая, Філіпан, Дзягенёва, Альгінян. Але яны вельмі хутка сталі сваімі, і мы ўсе сябравалі, не дзелячыся на “гарадскіх” і “вясковых”.

Часлаў Станіслававіч перабірае школьныя фотаздымкі і расказвае пра сваіх аднакласнікаў:

– Каця Канцавенка – яна ў школе была актывісткай, такой і па жыцці засталася: вядомы ў раёне прафсаюзны лідар. Яны ўтраіх сябравалі – Альдона Рэкець, Ліля Кужалева і Каця. А сустрэліся пасля школы толькі праз 50 гадоў: так сталася, што Альдона выехала ў Літву, стала інжынерам-будаўніком, і я яе ледзь адшукаў… На жаль, на гэтай сустрэчы не было Лілі – хварэе…

Хлопцы ў гэтым класе амаль што ўсе захапляліся спортам – Часлаў Лабачэўскі, Валодзя Шырынскі, Іван Штура, Коля Сяркоў, Віця Тарасаў. Ды і як не быць таму, калі фізкультуру выкладаў франтавік Здзіслаў Здзіслававіч Шырынскі – яго абавязковую ранішнюю зарадку на свежым паветры і зараз помняць усе. А таксама – кругі па стадыёне “качыным крокам” для тых, хто спазніўся, – ох, і даліся яны ў знакі дзяўчатам з Гудагая! Пра аўтобусы для падвозу вучняў тады ніхто і не марыў: дождж, снег, завея – трэба ісці пехатой. А спознішся – і шагам марш “качыным крокам”, пасля якога цэлы дзень ногі баляць.

–“Гудагайскі боекамплект” у нас быў вельмі моцны, – успамінае Часлаў Станіслававіч. – Валя Кірык, Валя Лянкевіч, Люся Бернатовіч, Чэся Гульбіцкая, Ванда Аўрэйцэвіч, Аня Радкевіч – за такімі “спінамі” можна было схавацца, нават калі чаго не давучыў: дзяўчаты і падкажуць, і дапамогуць, і спісаць, калі што, дадуць… Я ж кажу – дружны ў нас быў клас!

А тагачаснаму дырэктару школы і настаўніку гісторыі Р.А. Герту больш за ўсё запомнілася Святлана Рэпікава. Яе, лепшую вучаніцу класа, абралі старшынёй вучнёўскага камітэта – і паўнамоцтвы ў яго, па словах Расціслава Арсенцьевіча, былі значна большыя, чым сёння ў вучнёўскага самакіравання.

Гэты клас стаў другім – і апошнім! – выпускам, які вучыўся ў школе адзіннаццаць гадоў. І ўсе, хто пасля сямігодкі прыходзіў ў астравецкую школу, – хацелі атрымаць тут перш за ўсё веды.

У год заканчэння сярэдняй школы выпускнікі атрымлівалі не толькі сярэднюю адукацыю, але і прафесію: юнакі – правы вадзіцеля, а дзяўчаты – спецыяльнасць прадаўцоў і швачак. І для многіх гэтыя сціплыя “корачкі” сталі пачаткам самастойнага дарослага жыцця.

Станаўленне класа праходзіла на працягу ўсіх 11 гадоў. І сёння выпускнікі юбілейнага 1965 года зноў і зноў успамінаюць вясёлыя і не вельмі моманты школьнага жыцця.

– Бывае, іду праз гарадскі парк міма школы – і набягаюць успаміны. Убачыш акно класа, дзе вучылася, – і ўспомніш настаўнікаў, аднакласнікаў, – ўспамінае Марыя Калпак (зараз – Бяляўская). – Я прыйшла сюды ў 8 клас пасля Філіпанскай школы. Першыя месяцы было складана прывыкнуць: класы вялікія, не тое, што ў Філіпанах – па 8 чалавек. Ды і настаўнікі новыя, незнаёмыя. Дырэктарам школы быў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, а яшчэ ён выкладаў у нас гісторыю. Мы яго пабойваліся. Ён заходзіў у клас, пранізлівым позіркам акідваў усіх – і адразу ж выклікаў таго, хто быў не падрыхтаваным да ўрока. Гэта сёння я разумею, што ён бачыў нас з першага погляду. А колькі цудоўных успамінаў захавалася пра Ганну Мікітаўну Ігнатовіч! Яна – настаўніца ад Бога, часта размаўляла з намі на этычныя тэмы, давала парады, вучыла жыццю. А якім цудоўным настаўнікам быў Браніслаў Адамавіч Наркевіч – ён выкладаў у нас нямецкую мову.

– А мне здаецца, што настаўнікі ва ўсе часы былі аднолькавыя, – гаворыць Людміла Бернатовіч (зараз – Мацкевіч). – Усе яны імкнуліся даць нам веды. Я ўдзячна не толькі тым педагогам, якія вучылі нас ў Астраўцы, але і гудагайскім. Многія з іх паўплывалі на выбар прафесіі. У Гудагайскай школе матэматыку ў нас выкладала Франя Генрыхаўна Казначэева, а ў Астраўцы – Таццяна Аляксандраўна Сакалоўская: яна і  прапанавала мне паступаць у педагагічны.

– Тагачасныя школьнікі не дзялілі настаўнікаў на добрых і дрэнных, – працягвае размову Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі. – Я і сёння помню нашага класнага кіраўніка Бэлу Сямёнаўну Кажанеўскую: яна ўзяла нас у пятым класе – і за тры гады стала другой маці. І ўвогуле сёння мы ўдзячны ўсім нашым настаўнікам: Марыі Паўлаўне і Зянону Пятровічу Леановічам за фундаментальныя веды па чарчэнні, матэматыцы і фізіцы; Расціславу Арсенцьевічу Герту за цікавае выкладанне гісторыі; Здзіславу Здзіслававічу Шырынскаму – за тое, што прывіваў нам здаровы лад жыцця не на словах, а на практыцы– ён сваім прыкладам даў шлях у жыццё многім школьнікам той пары.А колькі добрых успамінаў захоўвае наша памяць пра Ганну Мікітаўну Ігнатовіч, Ганну Мацвееўну Новікаву і Кацярыну Мікалаеўну Філатаву! Усе яны і іншыя настаўнікі той далёкай пары былі сапраўднымі педагогамі, якія на ўсё жыццё засталіся ў нашай памяці.

Словам, у школьным жыцці выпускнікоў Астравецкай школы 1965 года выпуску было шмат цікавага і запамінальнага – і не толькі, а можа, і не столькі вучоба. Школьнікам той пары хапала часу і на дапамогу калгасу ва ўборцы лёну, бульбы і буракоў, на акцыі па збору макулатуры і металалому, на дапамогу састарэлым…

Ды і пахуліганіць (што ўжо тут грэх утойваць!) яны любілі – ды яшчэ як! Сёння са смехам расказваюць, як першы не толькі спартсмен, але і “прыдумшчык” класа Чэсь Лабачэўскі – высокі, рослы хлопец, – калі яго выклікаў настаўнік, падымаўся разам з партай: клас лажыўся ад рогату. Ці як усім класам – у тым ліку і выдатнікі, і старшыня вучнёўскага камітэта школы Света Рэпікава – уцякалі з урокаў. А сам Лабачэўскі расказвае, як яны з Валодзем Шырынскім паціху бралі ў яго бацькі Здзіслава Здзіслававіча вінтоўку-“мялкашку” і за касцёлам стралялі галубоў, пакуль аднойчы нехта з мясцовых жыхароў не адабраў у падшыванцаў зброю, – давялося потым прызнавацца старэйшаму Шырынскаму, а таму – ісці забіраць “канфіскаваную”вінтоўку.

Так што ўспомніць ёсць што – і добрага, і не вельмі. Нездарма ж вечар сустрэчы праходзіць у безупынным шматгалосым: “А помніш?...” І ў адказ – то смех, то слёзы…

Сёлета, праз 50 гадоў пасля заканчэння школы, яе дзеці, яе птушаняты, што выпырхнулі з гнязда паўстагоддзя назад, зараз – самадастатковыя людзі, спецыялісты сваёй справы, прафесіяналы з вялікай літары, у якіх можна і трэба пераймаць майстэрства і вопыт: урач Святлана Рэпікава, ваенны Віктар Тарасаў, фермер Часлаў Лабачэўскі, прадпрымальнік Уладзімір Шырынскі, бухгалтар Святлана Канцавенка, інжынер Браніслаў Пятроўскі, будаўнік Альдона Рэкець і ўсе астатнія – ужо самі – бацькі, дзядулі-бабулі, (а хто ўжо і прыстаўку “пра” да бабулінага статусу прымерыў), зноў зайшлі ў свае класы, селі за парты, сустрэліся са сваімі педагогамі – і на нейкі час, нягледзячы на сівізну, зноў адчулі сябе хлопчыкамі і дзяўчынкамі…

Усе гэтыя школьныя гады, якія яны прайшлі плячо ў плячо, засталіся ў памяці на ўсё жыццё – і сёння грэюць іх. Гэта амаль тое ж, што прайсці праз вернасць – сваім аднакласнікам, настаўнікам, школе і малой радзіме.

































































Алена ЯРАШЭВІЧ, Ніна АЛЯКСЕЕВА.

Фота Ніны Рыбік і з архіва Ч.С. ЛАБАЧЭЎСКАГА.