Дом, где соединяются сердца островчан

13:00 / 17.02.2014
Астравецкі ЗАГС набыў не толькі новы “твар” (такімі памяшканнямі можа пахваліцца не кожны раён), але і новага “капітана”. З чэрвеня 2013 года яго ўзначальвае Аксана Тадэвушаўна Дзятко.
Падобная да анёла, толькі без крылаў. Прыгожая – у класічным сэнсе разумення гэтага слова. Цікавая – якая можа знайсці агульную мову з любым суразмоўцам. Мэтанакіраваная – працуе над сабой і не баіцца памыляцца… Так, менавіта гэтая жанчына аб’яўляе мужам і жонкай учарашніх закаханых.
Напярэдадні Дня святога Валянціна мы вырашылі пазнаёміцца з Аксанай Тадэвушаўнай і задаць ёй некалькі пытанняў – аб яе рабоце і не толькі.

Вiзiтная картка
ЛЮБІМЫЯ…
…Людзі – гэта ў першую чаргу сям’я: муж і дачка.
…Справа – работа.
…Хобі – марыць.
…Кніга – творы Сідні Шэлдана.
…Пара года – вясна, калі расцвітае не толькі наваколле, але і душа.
…Месца на зямлі – дом.


– Аксана Тадэвушаўна, кім вы марылі стаць у дзяцінстве? Ці злавілі “за хвост” сваю “блакітную” мару?


– Дзіцячую мару “за хвост” я не злавіла, бо хацела стаць урачом. І нават не таму, што мне падабаліся людзі ў белых халатах. Хутчэй таму, што яны заўсёды працягваюць руку дапамогі чалавеку ў самы складаны час – час хваробы. Мне проста хацелася несці людзям дабро.


– Але ж часткова дзіцячае жаданне спраўдзілася?


– Можна і так сказаць. Я ж злучаю на зямлі закаханых людзей. (Усміхаецца)


– Наколькі я ведаю, ваша сям’я складаецца з трох “Я”. Раскажыце, калі ласка, пра кожнае з іх.


– У нашай сям’і самае галоўнае “Я” – гэта дачушка. Ёй шэсць гадкоў, і яна наведвае падрыхтоўчы клас гімназіі №1 Астраўца. Увогуле, Анечка – маленькая копія таты, яго прадаўжэнне. Канешне, знешне дзяўчынка падобна і да мяне, але характарам, звычкамі, паводзінамі цалкам пайшла ў тату. Мая мама часам здзіўляецца, маўляў, “усе крошкі пабрала”.
Другое “Я” – гэта мой любімы муж, Андрэй Міхайлавіч Дзятко. Многія ведаюць яго як дырэктара ЧПТУП “ДзяткоБуд”. А я ведаю яго не толькі як любячага бацьку і мужа, але і як дарадцу, памочніка, сябра… Нягледзячы на сваю занятасць, ён заўсёды знаходзіць час для нас з дачкой. Мой муж з катэгорыі тых людзей, якія цэняць і аберагаюць сваю сям’ю.
Ну і трэцяе “Я” – гэта я сама. (Задумалася) Пра сябе вельмі складана расказваць, але паспрабую.
Раней я працавала ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы. Мне вельмі дапамагала загадчыца Кацярына Іванаўна Пашкевіч. Дзевяць гадоў на адным месцы… Аднак я вырашыла змяніць сваё жыццё – так і прыйшла працаваць у ЗАГС.
І з першага дня з галавой акунулася ў работу. Не магу сказаць, што мне лёгка давалася. Часам адчувала сябе як чалавек, які не ўмее плаваць і апынуўся пасярод возера: выплывеш або не? Лічу, што я выплыла. Нават ад сябе і не чакала. Канешне, мне вельмі дапамагла былая загадчыца ЗАГСа Людміла Іванаўна Туманава.
З новай работай я паступова стала адкрываць у сабе новыя рысы – аднекуль узяліся настойлівасць, моц, мэтанакіраванасць. І гэта звязана ў большай ступені не з прафесійнай дзейнасцю, а з самім жыццём.


– Вернемся тады да жыцця. Вы б хацелі, каб у вашай сям’і з’явілася яшчэ і чацвёртае, і пятае “Я”?


– Чым больш – тым лепш. (Усміхаецца) Нас у сям’і трое сясцёр, і я – самая малодшая. Мы вельмі дружна жывём. Цяпер, калі кожная з нас “абрасла” ўласнай сям’ёй, я магу сказаць, што сёстры – мае лепшыя сяброўкі. Мне таксама хочацца, каб і ў маёй дачушкі былі брацікі або сястрычкі.


– Давайце цяпер пагаворым пра вашу работу. Раскажыце, калі ласка, аб працэдурах, якія ажыццяўляе ЗАГС.


– Мы распісваем і разводзім людзей. Рэгіструем нованароджаных і тых, хто пайшоў жыцця. Устанаўленне бацькоўства або мацярынства, як і ўсынаўленне, таксама праходзяць праз нас. Мы ўносім выпраўленні ў запісы актаў грамадзянскага стану, перамены імя, прозвішча, імя па бацьку грамадзян. Калі запіс страчаны – узнаўляем яго. Калі на аднаго чалавека існуюць два запісы – анулюем. Акрамя рэгістрацыі актаў, яшчэ вядзём архіў па ўсім раёне з 1945 года.


– Ці памятаеце сваю першую рэгістрацыю шлюбу і самае незвычайнае “шлюбаванне”?


– На трэці дзень працы ў ЗАГСе я праводзіла першую ў сваім жыцці рэгістрацыю шлюбу. Памятаю, у той дзень распісваліся тры пары.
Мне было вельмі страшна: людзі, мікрафон у руках, вялікі тэкст, пастаянна трэба ўсміхацца – свята ж у людзей! Тады мне здавалася, што голас дрыжэў, а сэрца “схавалася” ў пяткі. Але я справілася – нават не з хваляваннем, а з сабой.
Зараз такога хвалявання, як было на першым часе, няма. Я ўпэўнена сябе адчуваю, а калі здараюцца запінкі – бывае і такое, – хутка бяру сябе ў рукі.
А самая незвычайная рэгістрацыя… (Задумалася) Напэўна, гэта маё ўласнае вяселле. Мы з Андрэем падчас абедзеннага перапынку купілі заручальныя пярсцёнкі і распісаліся. Апранутая я была не ў вясельную сукенку, а ў звычайныя джынсы. Затое адчуванні былі незвычайнымі! І разам мы ўжо 7 гадоў.


– А калі муж і жонка становяцца “адной сатаной”?


– Адназначна – не адразу. Напэўна, гадоў праз пяць, калі яны прайшлі праверку на быт, калі нарадзілася дзіця…
Я лічу, што мы з мужам ужо адна “сатана”: і прыцёрліся, і зацёрліся. (Смяецца).


– Ці згодны вы з тым выказваннем, што жонка гэта – шыя, а муж – галава?


– Згодна. Цалкам падпарадкоўвацца мужу ці, наадварот, камандаваць – не трэба. У адносінах, як і ўвогуле ў жыцці, павінна прысутнічаць мудрасць. Менавіта жанчына павінна быць мудрай: ведаць і адчуваць, у якой сітуацыі сказаць наўпрост, у якой – пайсці ў абход, а дзе і разам з каханым разабраць сітуацыю.


– А з гэтай мудрасцю нараджаюцца, ці жанчына падчас сямейнага жыцця яе набывае?


– Гэта мудрасць цягнецца з дзяцінства, з сям’і, у якой нарадзіўся і гадаваўся. Нездарма дзяўчынкі часта выбіраюць сабе мужа, падобнага да таты, і неабавязкова знешне. І менавіта ў падлеткавым узросце дзяўчаты і хлопцы прымяраюць на сябе мадэлі сямейных адносін. І калі прыклад гэтай мадэлі быў станоўчым, то верагодна, што ва ўласным сямейным жыцці ўсё будзе добра.
Галоўнае – менш прысвячаць сваё акружэнне ў сямейныя адносіны і менш туды дапускаць сябровак. І тады вы будзеце шчаслівымі!


– Вядома, што ўсе маладажоны шчаслівыя падчас свайго вяселля. Яны абяцаюць быць адзін з адным “і ў горы, і ў радасці, і ў здароўі, і ў хваробе”. З мінулага года ЗАГСы, як і суды, скасоўваць шлюбы. А як вы лічыце, што становіцца “каменеем спатыкнення” ў адносінах тых людзей, якія некалі кляліся адзін аднаму ў вернасці?


– Сапраўды, з 2013 года мы рэгіструем скасаванне шлюбу па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці.
А вось прычыну разводу назваць складана. Разыходзяцца людзі, якія пражылі і год, і дзесяць, і дваццаць. Пра матывы, якія падштурхнулі іх да расставання, мы не пытаемся: стараемся не лезці чалавеку ў душу. Проста выконваем свае працоўныя абавязкі.


– Ці верыце вы ў прыкметы? Кажуць, што калі ўпадзе на падлогу заручальны пярсцёнак – маладыя не будуць жыць разам, а тыя, хто стаў мужам і жонкай у маі, будуць усе жыццё “маяцца”. Магчыма, тут ёсць доля праўды?


– Скажу шчыра: я не веру ў прыкметы. Аднак мы заўсёды папярэджваем маладых, каб перад цырымоніяй аккуратна бралі заручальныя пярсцёнкі.
Па тым, хто першым ступіць на ручнік мяркуюць, хто дома будзе гаспадарыць – мужчына ці жанчына. Зараз маладыя стараюцца адначасова на яго стаць, але ёсць, канешне, і тыя, хто імкнецца быць “першапраходцам”.
А пра май, азіраючыся на ўласны жыццёвы досвед, магу сказаць: нарадзілася я ў маі ды яшчэ ў панядзелак – і шчаслівая!
Усё схавана ў саміх людзях, а не ў прыкметах. І людзі не разумеюць, што прычынай разводу стаў не пярсцёнак, які выпаў з рук падчас шлюбу, а няўменне і нежаданне ісці на кампраміс і чуць адзін аднаго.


– Адступаючы ад афіцыяльнага тэксту, які вы гаворыце маладым падчас шлюбу, што б вы пажадалі закаханым і тым, хто ў бліжэйшы час плануе стаць мужам і жонкай?


– Кахання – бо толькі яно павінна прыводзіць людзей у ЗАГС! Я жадаю закаханым пранесці гэты дар на працягу ўсяго жыцця. Беражыце адзін аднаго і песціце.
Няпраўда, што каханне з гадамі трансфармуецца ў нешта іншае. Каханне застаецца – яно толькі змяняе сваё аблічча.
Бывае, убачыш у горадзе пажылую пару. Ён вядзе яе пад руку, а яна так пяшчотна на яго глядзіць… І сэрца захлынаецца ад радасці за гэтых старычкоў. Бо, нягледзячы на тое, што час пасерабрыў іх валасы і распаласаваў маршчынамі твар, а лёс падкідаў і слёзы, і ўсмешкі, яны пранеслі праз гады сваё каханне… Дажыць, дабыць, датрываць да такой пары я жадаю ўсім закаханым на планеце!


Мовай лічбаў


Бусел прынёс
Анёл-ахоўнік раніцай, вечарам, уначы дапамагае ў гэтым свеце і апякае ад хваробаў, дрэнных вачэй і няшчасцяў 331 дзіця, якое нарадзілася ў 2013 годзе.
Самыя распаўсюджаныя імёны, якімі называлі бацькі сваіх дачок і сыноў, – Дар’я, Аляксандра, Анастасія, Мілана, Яна; Максім, Аляксандр, Арцём, Мікіта, Кірыл і Дзмітрый.
За мінулы год таксама былі папулярнымі двайныя дзявочыя імёны: Ганна-Тэрэса, Сара-Ганна, Сафія-Адэля.
А вось самымі незвычай ны мі, на наш погляд, сталі імёны Арыяна, Каміла, Міліта, Ніка, Эва, Ніколь; Бенерыта, Вальдэмар, Дэніз, Данат, Эвальд.


Шукалі ў капусце: доўга ці не?
Сярэдні ўзрост жанчын, якія сталі мамамі ў год Змяі, складае 26 гадоў. А вось сярэднестатыстычны тата старэйшы за маму на 2 гады. Маладымі бацькамі ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў сталі 6 чалавек. Два шчасліўчыкі-таты, якім за 50, у мінулым годзе таксама набылі дзяцей.


+144
Ура! Святы Валянцін папрацаваў на Астравеччы не на славу! А дразу бачна, што не ленаваўс я і выправі ў статыстыку. З першым днём Новага 2013 года і да яго апошніх хвілін 221 закаханая пара набыла статус сямейнай. Сярод іх 21 бе ларуска-замежная пара (беларуска-літоўскія, -расійскія, -украінскія, -латвійскія).
А страцілі за год гэты статус 77 пар.


«Твар» ЗАГСа
ў апошні час змяніўся непазнавальна: з’явіліся гардэроб, банкетная зала, пакоі жаніха і нявесты. Як яны выглядаюць?
Прызнаюся шчыра: мяне таксама разабрала цікавасць. І мне пашчасціла адным вокам зазірнуць у іх. Не, пакуль не ў якасці нявесты!
І адзін, і другі пакой цалкам вытрыманы ў гендэрных колерах: блакітны і ружовы.
У “блакітным” пакоі цёмная мэбля, “барочная” люстра, люстэрка “на ножцы” і два галубкі, якія, здаецца, вось-вось успырхнуць з карціны.
Пакой нявесты аформлены ў цёплых колерах: светлая мэбля, карціна з лілеямі, люстэрка ў поўны рост – у яго можа палюбавацца перад цырымоніяй нявеста разам са шматлікімі сяброўкамі.
Толькі ведаеце: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць або прачытаць. Так што выходзьце замуж і жаніцеся, нараджайце дзетак – і ідзіце ў ЗАГС не толькі на экскурсію!


----------------------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.