"Журналистское расследование". Насколько распространено репетиторство в Островецком районе?

11:00 / 20.01.2014
4
Усе мы вучымся нечаму, пастаянна дапаўняем ці ўдасканальваем свае веды. І вельмі часта дапамагчы палепшыць веды могуць менавіта рэпетытары – людзі, якія, як сцвярджае Вікіпедыя, даюць прыватныя ўрокі на даму.
Наколькі пашыраны ў нашым раёне паслугі рэпетытараў, як ім можна стаць і хто дапаможа атрымаць трывалыя веды? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні вы зможаце знайсці ў “Журналісцкім расследаванні “Рэпетытарства па закону”.


Калі сын скончыў музычную школу, стала задумвацца, чым яго заняць. Узнікла думка запісаць да рэпетытара: хай удасканальвае веды. Але падумала, што, мабыць, яшчэ рана, – вучыцца ён у восьмым класе, да заканчэння школы часу шмат…
У мае роздумы ўнесла карэктывы знаёмая: “А што тут такога? Мой сын вучыцца ў пятым класе, і я два разы на тыдзень важу яго на заняткі ў Астравец па англійскай мове і матэматыцы. І не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Няхай лепш цяпер паглыбленна займаецца прадметамі, чым потым за адзін год будзе навёрстваць 10 прапушчаных гадоў”.
Магчыма, гэта мама і мае рацыю: дадатковыя веды яшчэ нікому не зашкодзілі. Але ўзнікае пытанне: “А навошта школа?”
Разумею, што ўсё “валіць” на школу нельга, – кожны з нас не раз чуў, што школа дае сярэднюю адукацыю, а не рыхтуе да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Яшчэ некалькі гадоў назад у грамадстве трывала жыў стэрэатып, што паслугамі рэпетытараў карыстаюцца ў асноўным “двоечнікі”. Сёння сітуацыя адваротная: як правіла, гэта патрэбна тым вучням, якія хочуць паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, і для гэтага ім неабходна як мага лепш здаць цэнтралізаванае тэсціраванне.
І таму, напэўна, усё часцей будучыя выпускнікі школ звяртаюцца да рэпетытараў. У вялікіх гарадах выбар большы. А як з рэпетытарствам у Астраўцы? Наколькі пашыраны ў нашым раёне такія паслугі? Менавіта гэтыя пытанні і ляглі ў аснову журналісцкага расследавання карэспандэнта “Астравецкай праўды”.

Аказваеш паслугі рэпетытара? Рабі гэта легальна!

Заўсёды лічыла, што калі чалавек займаецца нейкай дадатковай дзейнасцю, то павінен плаціць падаткі. Паколькі педагогі аказваюць платныя паслугі, то, на мой погляд, таксама павінны быць зарэгістраваны ў падатковай інспекцыі. Цікава, ці шмат такіх педагогаў у нашым раёне?
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела юрыдычных і фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Астравецкім раёне Алены Генадзьеўны Пілецкай.


– На сённяшні дзень у падатковай інспекцыі афіцыйна зарэгістраваны два чалавекі, якія займаюцца рэпетытарствам. Гэта настаўнікі замежнай мовы, – расказала Алена Генадзьеўна.


Прызнаюся, гэтыя лічбы крыху здзівілі мяне. Няўжо толькі два чалавекі ў раёне аказваюць паслугі рэпетытара платна? А ўсе астатнія што – займаюцца за “дзякуй”? Не верыцца...
Між тым, працэдура афармлення рэпетытарства зусім простая. Для гэтага дастаткова прыйсці ў падатковую інспекцыю і напісаць заяву з указаннем перыяду і часу ажыццяўлення дзейнасці. Напрыклад, калі паслугі рэпетытарства вы будзеце аказваць у лютым, то заяву трэба напісаць да 31 студзеня. А потым заплаціць падатак – на сёння гэта 110 тысяч беларускіх рублёў – і спаць спакойна, як сцвярджае рэклама.
У чым прычына таго, што настаўнікі не жадаюць афіцыйна рэгістраваць сваю дзейнасць?
Адказаць на гэтае пытанне могуць толькі яны самі. Напэўна, на гэта ёсць нейкія, трэба думаць, вельмі важкія аргументы.
На мой погляд, рэпетытарства ў вёсках раёна развіта не так шырока, як у Астраўцы. Наколькі ведаю, большасць школьнікаў з Гудагая, Варнян і нават Гервят і Міхалішак прыязджаюць за дадатковымі ведамі ў Астравец. Атрымліваецца, што ў спецыялістаў-педагогаў, якія працуюць у гарадскіх школах, дадатковы заробак усё ж такі ёсць. І не верыцца, што яны дапамагаюць школьнікам атрымаць дадатковыя веды на дабрачынных пачатках.


– Супрацоўнікі падатковай інспекцыі рэгулярна сустракаюцца з педагогамі гімназіі №1 і СШ №1, расказваюць ім правілы рэгістрацыі – тым не менш жадаючых зарэгістраваць сваю дзейнасць больш не становіцца, – працягвае Алена Генадзьеўна.


– Няўжо няма “добраахвотнікаў”, якія жадаюць вывесці “шэрых” рэпетытараў з ценю? – узнікае пытанне.


– Чаму няма? Ёсць. Але, як правіла, тэлефануюць нам па такіх пытаннях нячаста. Тым больш, што адзін такі званок не пацвярджае сістэматычную дзейнасць педагога па рэпетытарству. А калі больш званкоў на працягу года ў адносінах канкрэтнага настаўніка не паступіць, то мы нават не маем права скласці пратакол, – расказвае Алена Генадзьеўна. – Таму, у мінулым годзе ніхто за незарэгістраваную педагагічную дзейнасць аштрафаваны не быў. А вось год назад такія выпадкі былі.
Чаму так адбываецца?
На думку супрацоўнікаў падатковай інспекцыі, прычына крыецца ў першую чаргу ў тым, што свядомасць нашых грамадзян пакуль што знаходзіцца на даволі нізкім узроўні. І гэта датычыцца не толькі рэпетытараў, але і тых грамадзян, якія звяртаюцца да незарэгістраваных у падатковай інспекцыі настаўнікаў. А між тым такім вось “шэрым” рэпетытарам пасля няўдалай здачы падлеткам ЦТ нават прэтэнзій не прад’явіш. Хаця наўрад ці хто гарантуе школьнікам 100-працэнтнае паступленне. Ды і рэпетытары цяпер перш, чым пачаць займацца з вучнем, вызначаюць якасць яго ведаў – і толькі потым даюць згоду на заняткі. Як правіла, займацца з тымі вучнямі, якія вучацца нават на “сямеркі”, жадаючых будзе няшмат.



Рэпетытар – школьны настаўнік. Чаму не?

У апошнія гады ўсё больш актыўна “навязваецца” думка, што паслугі рэпетытара вучань можа атрымаць у сваёй школе. З аднаго боку – гэта лагічна. Хто, як не настаўнік дакладна ведае здольнасці вучня і бачыць прабелы ў навучанні. Толькі, на жаль, не заўсёды жаданні вучня супадаюць з магчымасцямі настаўніка. Ці наадварот.
Паслугі рэпетытара сёння можа аказваць любая ўстанова адукацыі. І многія школьнікі з задавальненнем карыстаюцца такім новаўвядзеннем. Як сведчыць статыстыка, найбольш пашыраны такія паслугі ў гарадскіх гімназіі №1 і СШ №1, а таксама ў Варнянскай і Гервяцкай школах. І, як правіла, карыстаюцца паслугамі рэпетытара ў большасці вучні старэйшых класаў, якія рыхтуюцца да здачы цэнтралізаванага тэсціравання.
Як расказала намеснік дырэктара гімназіі №1 Астраўца Марыя Віктараўна Пагада, рэпетытарскія паслугі тут арганізаваны па англійскай і рускай мовах і матэматыцы. Праўда, наведваюць такія заняткі толькі восем вучняў.
Цікава, што сёння рэпетытарствам настаўнік можа займацца не толькі з адным, але і з двума, і з трыма вучнямі. Ад гэтага залежыць і кошт занятку. Так, адна гадзіна для аднаго вучня будзе каштаваць 75 тысяч беларускіх рублёў, для двух вучняў – 37 500, а калі на занятак прыходзіць тры вучні, то кожны заплаціць па 25 тысяч рублёў. Як правіла, такія платныя паслугі аказваюцца ў суботу і запатрабаваны не толькі ў старэйшых класах.
Працуюць у гімназіі і платныя групы па розных прадметах. У платную групу можа ўваходзіць больш за тры вучні, і “гадзіна” навучання ў іх каштуе крыху менш. А жадаючых атрымаць дадатковыя веды значна больш, чым атрымаць рэпетытарскія паслугі: сёння 268 гімназістаў атрымліваюць дадатковыя веды ў 40 платных групах.
Вялікую запатрабаванасць у гімназіі маюць і платныя групы па падрыхтоўцы дашкольнікаў да школы. Напрыклад, сёлета дваццаць дзяцей наведваюць заняткі настаўнікаў пачатковых класаў Кацярыны Юр’еўны Урбановіч і Таццяны Валянцінаўны Казак.
Дадатковыя веды гімназісты могуць атрымаць і на бясплатных факультатыўных занятках. Да прыкладу, у той жа гімназіі арганізавана 114 факультатываў ва ўсіх класах па ўсіх школьных прадметах. І кожны гімназіст наведвае хаця б адзін прадметны факультатыў.
Атрымаць платныя адукацыйныя паслугі можна і ў сельскіх школах.
Да прыкладу, у Варнянскім НПК паслугі рэпетытара сёння запатрабаваны ўжо ў 6 і 7 класах. За адзін такі занятак для аднаго чалавека бацькі школьнікаў плацяць па 66 500 беларускіх рублёў. Для тых, хто займаецца ў платных групах па прадметах – а такіх у Варнянскай школе адкрыта 20, – занятак каштуе крыху менш. Гэта зноў жа залежыць ад колькасці вучняў, якія запісаны ў платную групу. Так, напрыклад, калі ў групе 3 вучні, то кожны за гадзіну плаціць па 23 300, а калі 12 чалавек – то па 6 100 беларускіх рублёў.
У Варнянах у адным будынку размяшчаюцца школа і садок, таму тут запатрабаваны платныя адукацыйныя паслугі, якія аказваюцца для выхаванцаў садка, – на платнай аснове дашкольнікі вывучаюць англійскую мову, вучацца маляваць і рыхтуюцца да школы.
Што датычыцца старшакласнікаў гэтай школы, то адзі наццацікласнікі сёлета “плацяць” за англійскую мову. Магчыма таму, што ў 11 класе па гэтым прадмеце давядзецца здаваць экзамен. А ў дзясятым классе вялікай папулярнасцю карыстаюцца платныя адукацыйныя паслугі па матэматыцы, хіміі, беларускай мове і гісторыі.



Бліц-апытанне



Колькі каштуе стаць студэнтам?

Ірына, маці дачкі-выпускніцы:
– Мая дачка займаецца ў рэпетытараў па гісторыі і замежнай мове. За гісторыю плацім адзін раз у месяц – 35 долараў за 10 аднагадзінных заняткаў. Заняткі па замежнай мове абыходзяцца ў 80 тысяч за дзве гадзіны. Хаця дачка ў школе вучыцца нядрэнна, тым не менш вырашылі скарыстацца паслугамі рэпетытараў. Займаемся ўжо другі год і спадзяемся, што цэнтралізаванае тэсціраванне не прынясе непрыемных сюрпрызаў.


Алена, маці студэнткі:
– У мінулым годзе дачка здавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Да яго рыхтавалася не толькі самастойна, але і наведвала міжшкольныя факультатывы ў гімназіі №1. Карысталіся таксама і паслугамі рэпетытара – за два гады давялося зрасходаваць на гэта значную суму. На працягу двух гадоў – у 10 і 11 класах – здавалі рэпетыцыйнае тэсціраванне – і яго вынікамі былі, можна сказаць, задаволены. На жаль, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання не вельмі парадавалі. Мабыць, не хапіла ўпэўненасці ў сабе. І хаця дачка стала студэнткай, непрыемны асадак усё ж застаўся.


Таццяна, студэнтка 3 курса:
– У свой час я таксама рыхтавалася да паступлення. Паслугамі рэпетытара не карысталася. Наведвала міжшкольны факультатыў па хіміі, які быў на бясплатнай аснове арганізаваны на базе гімназіі №1. Праўда, хадзіла на яго толькі паўгода, потым вырашыла рыхтавацца самастойна. Як бачыце, усё атрымалася – сёння я студэнтка.



Пасляслоўе

Асабіста я – на шчасце ці на жаль – не застала той час, калі з’явілася цэнтралізаванае тэсціраванне. У гады майго паступлення, здаецца, нават такога паняцця, як рэпетытарства, не было. І ўступныя экзамены мы здавалі ў выбраным універсітэце па профільных прадметах у вуснай ці пісьмовай форме. А вось на падрыхтоўчых курсах напярэдадні ўступных экзаменаў ва ўніверсітэт я займалася. Праўда, сказаць, што яны мне вельмі дапамаглі, не магу.
Сёння, на мой погляд, рэпетытарства – адзін з самых распаўсюджаных відаў дадатковага заробку для педагогаў. І жадаючых даваць дзецям дадатковыя веды за грошы, здаецца мне, нямала. Толькі вось адказу на пытанне, чаму менавіта “шэрыя” рэпетытары сёння так распаўсюджаны ў нашым раёне, я так і не атрымала. Ніхто з педагогаў, да якіх я звярталася з гэтым пытаннем, мне не адказаў.
Сёння стаць рэпетытарам можа любы настаўнік – галоўнае, хацець працаваць. Праўда, наколькі трывалыя веды можна атрымаць нават у рэпетытара, на мой погляд, залежыць у першую чаргу ад жадання дзіцяці. Бо, калі няма жадання і зацікаўленасці, ні адзін, нават самы лепшы рэпетытар не дапаможа паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і стаць студэнтам.


----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.