Как получить целевое направление, если будущий выпускник выбрал профессию педагога

Таццяна, вёска Варняны.
За адказам на гэтае пытанне мы звярнуліся да галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Ядвігі Браніславаўны Петрык.
– Сёння мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэннем аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў і Правіламі прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
У раёне ёсць патрэба ў настаўніках фізікі, матэматыкі, англійскай і нямецкай моў, рускай мовы і літаратуры, фізічнай культуры, музыкі. Нам патрэбны таксама педагогі-псіхолагі і выхавальнікі дашкольных устаноў. Менавіта таму штогод аддзел адукацыі, спорту і турызму з’яўляецца заказчыкам мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў.
Паступаць па мэтавых накіраваннях маюць права выпускнікі ўстаноў адукацыі, якія размешчаны ў вёсках ці невялікіх гарадах з колькасцю насельніцтва да 20000 чалавек. Акрамя гэтага, адзнакі ў атэстаце па прадметах павінны быць не менш за шэсць балаў.
Атрымаць мэтавае накіраванне ў ВНУ ці сярэднюю спецыяльную ўстанову педагагічнага профілю можа любы выпускнік школ нашага раёна, які выбраў прафесію настаўніка.
Спецыфіка мэтавых накіраванняў па педагагічных спецыяльнасцях такая, што пры заказе месцаў для мэтавага прыёму ўказваецца канкрэтна па якой спецыяльнасці і ў якую ВНУ жадае паступіць абітурыент.
Каб атрымаць мэтавае накіраванне, трэба да 31 сакавіка звярнуцца ў сваю школу ці ў аддзел адукацыі, спорту і турызму і ўказаць, на якую спецыяльнасць і ў якую ўстанову ты хочаш паступіць.
Перавага паступлення па мэтавым накіраванні заключаецца ў тым, што абітурыент паступае па-за конкурсам. Гэта значыць, што для таго, каб стаць студэнтам, неабходна толькі здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і атрымаць сертыфікаты. І – вы студэнт. Да таго ж, многія ВНУ прадастаўляюць усім “мэтавікам” інтэрнат, што адразу ж здымае праблему з жыллём, а сёння гэта немалаважна.
Усе, хто вучыўся па мэтавых накіраваннях, абавязкова атрымліваюць першае працоўнае месца па спецыяльнасці ў сваім раёне.
------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.