В районной организации "Белорусский союз женщин" подвели итоги работы
Справаздачна-выбарчы сход раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” прайшоў на мінулым тыдні.У раённую арганізацыю “Беларускі саюз жанчын” сёння ўваходзяць 514 жанчын, якія аб’яднаны ў 25 пярвічных арганізацый.
Два з паловай гады мінула з таго дня, як старшынёй раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” была выбрана галоўны рэдактар раённай газеты Ніна Аляксееўна Рыбік. За гэты час актывісты арганізацыі пры падтрымцы жанчын, якія працуюць у розных сферах, паспелі зрабіць многае.
Пра ўсе тыя справы, якімі займаліся жанчыны, і расказала ў сваім выступленні старшыня раённага жансавета – менавіта такую назву ранней насіла жаночая арганізацыя.
За час існавання “БСЖ” ні адна больш-менш значная падзея ў жыцці раёна не прайшла без яе ўдзелу. Гэта і выбары Прэзідэнта нашай краіны і дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, і шэраг дабрачынных акцый і цікавых раённых мерапрыемстваў, якія арганізавалі менавіта жанчыны.
Але дзе б ні працавалі жанчыны, якія б пасады яны не займалі, у першую чаргу яны – маці, жонкі, дочкі. І таму асноўныя мерапрыемствы раённай арганізацыі былі накіраваны на тое, што больш за ўсё хвалюе жанчын: павышэнне статусу жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы ў грамадстве, захаванне сямейных каштоўнасцей, дапамога дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, дзецям, якія знаходзяцца ў Варнянскім сацыяльным прытулку, і адзінокім састарэлым.
Раённая арганізацыя “Беларускі саюз жанчын” цесна супрацоўнічала з іншымі грамадскімі арганізацыямі: “Белай Руссю”, БРСМ, Беларускім дзіцячым фондам. За справаздачны перыяд жанчыны раёна ўдзельнічалі ва ўсіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах, ініцыятарамі якіх з’яўлялася жаночае аб’яднанне.
Ніна Аляксееўна Рыбік расказала пра акцыі па аказанні дапамогі сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-
інваліды, пра дапамогу адзінокім састарэлым, якія воляй лёсу апынуліся ў аддзяленні сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы.
Пра работу пярвічных арганізацый паведамілі начальнік вузла паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук, старшыні пярвічных арганізацый аддзела адукацыі, спорту і турызму Юлія Альбінаўна Ражко і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Станіславаўна Клімчэня.
Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла высока ацаніў работу раённай жаночай арганізацыі.
Падчас справаздачна-выбарчага сходу былі выбраны новы прэзідыум і праўленне раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Па прапанове Віктара Збігневіча дэлегаты справаздачна-выбарчага сходу адзінагалосна выбралі Ніну Аляксееўну Рыбік старшынёй раённай арганізацыі “БСЖ” на яшчэ адзін тэрмін.
Закончылася мерапрыемства на ўрачыстай ноце: Падзячнымі пісьмамі былі адзначаны актывісты раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Наталія Уладзіміраўна Волк-Леановіч, Вольга Рышардаўна Турубарава, Хрысціна Браніславаўна Гіруць, Вольга Тадэвушаўна Лябецкая, Алена Ігараўна Гануліч і Вольга Іосіфаўна Руднік.
------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.