Преобразили школу творчески

10:00 / 12.07.2013
Выпуск №7(49)
Альфа  i Амега школьнага жыцця
Аўтар праекта – Алена ЯРАШЭВІЧ



У Альхоўскай школе я была год назад – якраз напрыканцы мінулага навучальнага года сустракалася з камандай “Гульні розуму”, удзельнікамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Сёлета зноў сабралася ў гэтую навучальную ўстанову. Праўда, з зусім  іншай мэтай – захацелася паглядзець, як змянілася сама школа за год,  і што тут паспелі зрабіць з дапамогай гаспадарчага спосабу, які набывае ўсё большую папулярнасць у нашым раёне.

Дырэктар  школы  Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч адказвае мне пытаннем на пытанне: –  А  чаму адразу  гаспадарчы спосаб? Няўжо вам не цікава даведацца, як мы пражылі гэты год?
– Вядома, цікава ўсё. Але найперш  –  тое,  што  вам  удалося зрабіць у матэрыяльным плане!
Размоў пра гаспадарчы спосаб сёння вядзецца шмат. Адны да яго ставяцца прыхільна і любымі спосабамі  стараюцца  асвоіць бюджэтныя  сродкі.  Іншыя,  наадварот, адносяцца да гэтай ідэі  абыякава.  Сяргей Анатольевіч – з кагорты тых, хто лічыць гаспадарчы спосаб  добрай падтрымкай сацыяльнай сферы.
У Альхоўскай школе ніколі не праводзіўся  капітальны  рамонт. Узведзена яна была  ў 1980 годзе за сродкі  кардоннай фабрыкі “Альхоўка”    –  будавалі  яе  так званыя “шабашнікі”, таму можна ўявіць, што гэта была за работа. Сёння сітуацыя змянілася, і фабрыка  не  мае  ні  магчымасцей, ні  жадання  ўзвальваць  на  свае плечы груз сацыяльных пытанняў – школа  аказалася ёй не патрэбнай. І нягледзячы на тое, што  вучацца ў ёй у асноўным дзеці фабрычных  работнікаў,  спонсараў чакаць не даводзіцца.
А рамонт – справа сур’ёзная. Касметычны, які ў школах робіцца штогод, у хуткім часе ўжо не мог прыхаваць хібы трыццацігадовай даўнасці. І пры падтрымцы райвыканкама  і  раённага  аддзела адукацыі па ініцыятыве дырэктара Сяргея Анатольевіча Гаўрыловіча, тут пачаліся сур’ёзныя перамены. За  год  школа  і  сапраўды змянілася,  і гэта кідаецца ў вочы.
– Першае і асноўнае, што мы зрабілі, – замянілі 35 вокнаў. А ўсіх іх – ажно 100.Спадзяёмся, што пры спрыяльных фінансавых умовах атрымаецца  замяніць усе, – расказвае Сяргей Анатольевіч. –  Гэта дазволіць не толькі зрабіць будынак  школы  больш  прыгожым, але і, галоўнае,   стварыць умовы для нармалізацыі тэмпературнага  рэжыму  і  праветрывання  кабінетаў.  Устанавіць  вокны  атрымалася  толькі ў канцы  жніўня мінулага года. Да пачатку навучальнага  года  заставалася зусім нічога. Зразумела, што да таго часу ўсе класы, у якіх вокны не  мяняліся,  былі  падрыхтаваны да прыёму дзяцей 1 верасня. Але ў тых, дзе іх паставілі, работы было шмат. І  дзякуючы загадчыку  гаспадаркі  Уладзіміру Уладзіміравічу  Ляховічу,    рабочаму па абслугоўванні будынка Віктару Уладзіміравічу Ільёйцю і вадзіцелю  Руслану  Эдуардавічу Кісялю, якія працуюць у нашай школе, літаральна за тыдзень мы паспелі  падрыхтаваць  класы  да сустрэчы  дзяцей  –  затынкавалі  адкосы,  пафарбавалі  іх. Тэхнічныя работнікі ў сваю чаргу падклейвалі, дзе трэба, шпалеры, фарбавалі падлогу. Можна сказаць, днявалі і начавалі ў школе –  але 1 верасня школьнікі прыйшлі ў чыстыя, прыгожыя класы.
Аднак  не  толькі  вокнамі  займалася школа. Яе добраўпарадкаванне  пачалося  з  рамонту фае  першага    паверха.  Раней яго ўпрыгожвала драўляная вагонка.  Яе  знялі,  выраўнялі сцены  гіпсакардонам,  зрабілі нішы  для  стэндаў,  затынкавалі і  пафарбавалі.  І  сёння  іх  ужо ўпрыгожваюць  новенькія  стэнды,  на  якіх  размешчана  неабходная школьнікам, іх бацькам і настаўнікам інфармацыя.Гэтак  жа  добраўпарадкавалі  і сцены ў адным з калідораў першага  паверха. Шпалеры, якімі яны былі паклеены і за якія заўсёды “атрымлівалі”  ад  супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сутуацыях, знялі, сцены пафарбавалі  – і сёння яны паўсталі ў новым выглядзе  –  роўненькія,  чыстыя і прыгожыя. На фае і ў калідоры  з’явілася новая падвясная столь. Усё камфортна і сучасна.
–  Адзінае,  што  засмучае,  – недаробкі. Іх хапае заўсёды і ўсюды, – уздыхае  дырэктар. – Так атрымалася  і ў нас. Сцены і столь прыгожыя, а дзверы пакуль што старыя. Ды і падлога жадае быць лепшай. Але ў школе ўжо з’явіўся адзін цалкам абуладкаваны кабінет  матэматыкі.  Роўныя  сцены  з  зараней устаноўленымі  ў іх паліцамі, новая роўная  столь, лінолеум, жалюзі на вокнах – прыгожа і стыльна.
– Менавіта так мы марым абуладкаваць усе кабінеты. Плануем зрабіць гэта  да 1 верасня бягучага года. Але як кажуць, “не гавары гоп, пакуль не пераскочыў”,  –  дзеліцца запаветным Сяргей Анатольевіч. І ўсё ж спадзяецца, што яго мары абавязкова ажыццявяцца.
Ніякай  крытыкі  ў  Альхоўскай школе  не  вытрымлівалі  і  санвузлы – цёмна-зялёныя крывыя сцены,  пафарбаваныя алейнай фарбай, і  старая сантэхніка былі праблемай школьнага кіраўніцтва  і раённай санстанцыі. Сёння  яны  выглядаюць  зусім па-іншаму. І хоць  рамонт яшчэ прадаўжаецца,  хочацца  верыць і спадзявацца, што хутка ён закончыцца.  Ужо  сёння  санвузлы радуюць вока чыстай прыгожай пліткай і новай сантэхнікай. Але яшчэ  не ўстаноўлены  кабінкі  і ўмывальнікі. Чакаюць свайго часу і старыя дзверы, якія абавязкова заменяць на новыя.
За  мінулы  год  змянілася  і спартыўная зала – тут таксама выраўнялі сцены, перафарбавалі іх, вымылі вокны – яна  стала вясёлай і амаль што сучаснай. Сёлета яе  добраўпарадкаванне  будзе прадоўжана.
Планаў у адміністрацыі школы шмат.  Гэта  рамонт  харчблока, класных памяшканняў і калідораў другога    паверху.  Яшчэ  адна мара  ажыццявілася  літаральна на днях – у школе была заменена ўваходная група. Гэта не толькі абнавіла знешні выгляд  школы, але і ўнутраная прастора стала больш утульнай, светлай і прыгожай.
–  Увогуле  рамонтнымі работамі ў нас займаюцца ўсе – і тэхработнікі,  і педагогі дапамагаюць хто, чым можа. Адзін  малюе эскізы кабінетаў, другі – ажыццяўляе іх.  І усё ж асноўная брыгада  –  удзельнікаў,  якіх  я ўжо  пералічваў  –  працуе  за сваю заработную плату, так бы мовіць, на энтузіязме. Уладзімір Уладзіміравіч Ляховіч у школе каля сямі гадоў. Спачатку быў вартаўніком, потым – рабочым, сёння  –  загадчык  гаспадаркі. Сваю  работу  ён  ведае  дасканальна. Да таго ж ён – майстар на ўсе рукі, усё робіць акуратна і гэтага ж патрабуе ад тых, хто побач. І ўвогуле ў нас цудоўны калектыў. Таму  малайцы ўсе: і рабочыя, і тэхнічныя работнікі, і  настаўнікі.  Ніхто  ніколі    не адмовіў: трэба – значыць, трэба.
– Вялікую дапамогу нам аказала  і  Прадстаўніцтва  ААТ “НІАЭП”  у  Рэспубліцы  Беларусь. Пры падтрымцы намесніка дырэктара  Віктара  Рыгоравіча Брыча, а таксама супрацоўніка гэтай  арганізацыі  Аляксандра Міхайлавіча Ляха і прадстаўніка “Белэнергабуд”  Віктара  Васільевіча  Гнедчыка  ў  школу  было прывезена дзесяць машын зямлі, – з удзячнасцю гаворыць дырэктар  школы.  –  Дзякуючы  такой шчодрай падтрымцы нам удалося выраўняць стадыён.
Рамонтныя  работы  ў  школе вяліся  не  толькі  на  канікулах, але і на працягу ўсяго года, пасля заканчэння ўрокаў. І ніякага адмоўнага  ўплыву  на  вучэбна-выхаваўчы працэс яны не аказалі. За мінулы год Альхоўская школа асвоіла на рамонтных работах гаспадарчым спосабам 286 мільёнаў рублёў.  Сёлета на закупку  будаўнічых  матэрыялаў зрасходавана яшчэ 148 мільёнаў. І праз нейкі час – хочацца верыць, што наступіць ён хутка – школа сустрэне вучняў, педагогаў і іх бацькоў абноўленай і сучаснай.


Не рамонтам адзіным...
Але школа жыве не толькі рамонтам і добраўпарадкаваннем. Усё ж асноўная яе задача – навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. І альхоўскія настаўнікі выдатна спраўляюцца з гэтай задачай.

Ужо год школа з’яўляецца рэспубліканскай  інавацыйнай  пляцоўкай – настаўнікі  і  адміністрацыя  школы ўвайшлі ў праект “Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі на другой і трэцяй ступенях адукацыі”, курыруе які намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Уладзіміраўна Уласік. Заключаецца ён у тым, што падчас навучання ў 7-9 класах школьнікі ўдзельнічаюць у  прафарыентацыйных  мерапрыемствах і выбіраюць тыя прадметы, якія ім спатрэбяцца пры паступленні на выбраныя спецыяльнасці. У 10 класе гэтыя прадметы школьнікі вывучаюць на павышаным узроўні, а ў 11 – на паглыбленым.
– Спачатку здавалася, што ажыццявіць гэты праект у нашай школе з-за невялікай колькасці дзяцей у класах будзе немагчыма. Але прайшоў год – і мы бачым, што ён працуе, – задаволены дырэктар. – І прычым добра. Вялікая заслуга ў гэтым майго намесніка па вучэбнай рабоце Ганны Уладзіміраўны Уласік
Сёлета  ў  10  класе  Альхоўскай  школы вучылася толькі 7 дзяцей – на павышаным  узроўні  яны  вывучалі  матэматыку  (настаўніца  Таццяна  Мікалаеўна Ждановіч),  рускую  мову  (Аксана Генадзьеўна Тумкевіч), беларускую мову (Тэрэса Станіславаўна Бабіч) і гісторыю (Людміла Уладзіміраўна Саўко). Зразумела, што былі пэўныя цяжкасці – чаго толькі каштавала скласці расклад! Але ўсё гэта дало вынік!
Новаўвядзеннем, якое прыйшлося даспадобы бацькам, стала ўвядзенне электронных дзённікаў. Сёння любая мама ці тата, у якіх ёсць доступ у інтэрнэт, увёўшы пароль свайго дзіцяці, можа паглядзець не толькі адзнакі, якія яно атрымала, але і даведацца, што праходзілі на ўроку і задалі на дом, пачытаць заўвагі. Ацэнкі ў электронны дзённік выстаўляюцца кожны дзень – настаўнікі могуць зрабіць гэта не толькі ў класе, але і дома.
Вялікае  значэнне  ў  школе  надаюць алімпіяднаму руху, які курыруе намеснік дырэктара Алена Іванаўна Кусойць. Дапамагае ёй псіхолаг з вялікім стажам работы – Галіна Станіславаўна Варанішча. Дзякуючы ім, сярод школьнікаў было праведзена анкетаванне – і ў бягучым годзе выніковасць удзелу ў раённых алімпіядах склала ажно 75 працэнтаў. Альхоўская школа пакуль што не можа пахваліцца перамогамі на рэспубліканскім узроўні, але пэўныя напрацоўкі ў гэтым накірунку ўжо зроблены.
Першы  год  працуе  ў  школе  малады спецыяліст Рэната Францаўна Салавей, але і за гэты невялікі час яна пакарыла сэрцы сваіх вучняў – і разам з імі паклала  ў  скарбонку  школы  ўзнагароду  за рэспубліканскі конкурс “Мая мова, культура і я”.
Альхоўская школа вядома і актыўным удзелам у “Зарніцы”. Некалькі гадоў запар вучні займаюць прызавыя месцы ў  гэтай  ваенна-патрыятычнай  гульні. Вось і сёлета яны ўдала праявілі сябе ў стральбе, набраўшы 147 ачкоў са 150 магчымых. Гэта і не дзіўна: у школе працуе цір і ёсць магчымасць наведваць гурток па стральбе, які вядзе былы дырэктар школы Яўгеній Уладзіміравіч Чабатароў.
Цеснае супрацоўніцтва школа наладзіла і з Міхалішкаўскім лясніцтвам. Другі год пры навучальнай установе актыўна працуе вучнёўскае лясніцтва “Жывіца”, і  за гэты час зроблена шмат важных і карысных спраў – пасадка лесу, добраўпарадкаванне лясных тэрыторый, абуладкаванне  экалагічнай сцяжынкі. Без ляснічага Яўгенія Сяргеевіча Волкава не абыходзіцца ні адно школьнае мерапрыемства, ён таксама выступае, як адзін са спонсараў: з апошніх падарункаў – стэнд, на якім адлюстравана работа  школьнага лясніцтва.
Па сённяшніх мерках школа не можа пахваліцца  вялікай  колькасцю  вучняў  – сёння тут вучыцца 83 дзіцяці, з якімі працуюць 24 педагогі.
– Мікрараён школы – невялікі. І ўсе дзеці пастаянна знаходзяцца пад пільным наглядам настаўнікаў, якія ніколі не застаюцца абыякавымі да іх жыцця. Увесь наш калектыў на чале з намеснікамі Аленай Іванаўнай Кусойць і Ганнай Уладзіміраўнай Уласік  робяць усё, каб школа і дзеці сталі лепшымі, –  гаворыць дырэктар школы.
А ў цэлым гэтае пачуццё каманды і патрыятызму, любові да школы і сваёй работы бачна ва ўсім. І верыцца, што школа і яе калектыў яшчэ не раз гучна заявяць пра сябе.