Захаваем традыцыі: майстар-класы ад вучняй Варонскай школы

10:39 / 23.12.2011

У сённяшні час мала знойдзецца маладых людзей, якія змогуць расказаць, чым займаліся іх бабулі і прабабулі, дзядулі і прадзядулі. Але ж справа нават не ў гэтым, а ў тым, што нацыянальныя традыцыі пачынаюць губляць свае карані. Мы жывём у свеце, дзе ўсё становіцца аднолькавым, стандартным. На нашых вачах знікае традыцыйная культура народаў – звычаі, абрады, пабудовы, касцюмы, песні – тое, што робіць нас адметнымі ў гэтым свеце.


Многія вучні нашай школы сапраўдныя патрыёты свайго краю. Яны збіраюць па крупіцах усё, што звязана з гісторыяй школы, сваёй вёскі, побытам аднавяскоўцаў. Дзякуючы іх старанням, папаўняецца новымі экспанатамі невялікі школьны пакой. Сваёй працай яны хочуць дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.
Старыя рэчы ў музейным пакоі не стаяць моўчкі, дзеля выставы, вучні прымушаюць іх ажываць і расказваць пра сябе цікавыя гісторыі. Савет музейнага пакоя прыняў рашэнне правесці цыкл музейных урокаў для вучняў школы пад назвай “Экспанат расказвае”. І музейныя экспанаты “прыйшлі” да вучняў на сустрэчу. Лепшыя экскурсаводы: Вольга Лукша, Святлана Мядэйша, Андрэй Скаржынскі, Уладзіслаў Вішнеўскі, Вольга Блашкевіч, Арцём Якушчонак на працягу тыдня, за трыццаць хвілін перад урокамі, давалі майстар-класы. У цікавай форме краязнаўцы не толькі расказвалі аб кожным экспанаце, але і дэманстравалі механізм іх прымянення. Гледачы актыўна прымалі ўдзел у майстар-класах: яны адгадвалі, якую сучасную машыну замяніў у даўнія часы цэп, замест якой сучаснай прылады працы ўжываліся валак і качалка, даведаліся, як плялі і насілі лапці, для чаго служылі капылы. Найбольш актыўныя гледачы прыносілі свае экспанаты, расказвалі аб іх прызначэнні і атрымлівалі высокую адзнаку па гісторыі Беларусі ад настаўніка. Завяршыліся “ўрокі даўніны” разгадваннем крыжаванак аб побыце беларусаў. Кожны клас стараўся знайсці правільны адказ, дзеля гэтага прыйшлося звярнуцца да энцыклапедый, спытаць у сваіх бабуль, нават пашукаць у інтэрнэце. І ўсё ж некаторыя пытанні засталіся без адказаў, а гэта значыць, што будуць новыя майстар-класы, музейныя ўрокі і “Тыдні гісторыі”, якія папоўняць веды вучняў аб далёкім мінулым нашага народа.


Людміла Гродзь, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Варонскай БШ.