Алімпіядніца, выдатніца, стыпендыятка вучыцца ў Астравецкай гімназіі №1

10:04 / 26.12.2011

Вучаніца гімназіі №1 Аксана Аўгуль была ўзнагароджана стыпендыяй Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко. Дыплом і разавую стыпендыю Аксане ўручыў губернатар Гродзенскай вобласці С.Б. Шапіра.


Кожная раніца ў Аксаны Аўгуль, адзінаццацікласніцы гімназіі №1, пачынаецца з фізкультхвілінкі. Праўда, гэтая “хвілінка” не зусім звычайная, цягнецца яна больш чым 20 хвілін і складаецца з хадзьбы. А ўсё таму, што менавіта столькі займае дарога ад Кавалёў, дзе жыве дзяўчына, да Астраўца. Але 20 хвілін пралятаюць хутка – і вось яна на парозе роднай гімназіі.
Аксана – звычайная школьніца. Мабыць, толькі жадання вучыцца ў яе крыху больш, чым у аднагодкаў.
Галоўнае захапленне дзяўчыны, як бы гэта дзіўна не гучала, руская мова. А ўсё пачалося яшчэ ў пятым класе, калі на ўрок рускай мовы прыйшла новая настаўніца Марыя Антонаўна Блізнік. Аксана адразу ж зачаравалася яе ўменнем весці ўрок і знайсці падыход да любога вучня. І зусім не дзіўна, што знайшла такі ключык Марыя Антонаўна і да Аксаны.
– Спачатку мне проста спадабалася настаўніца, – расказвае Аксана. – Яна была такой добрай, прыгожай, акуратнай і заўсёды ўсміхалася, а яшчэ дапамагала, тлумачыла, заставалася з намі пасля ўрокаў, калі штосьці было незразумела. З шостага класа мы пачалі ўдзельнічаць у алімпіядах. Зразумела, спачатку школьных, потым раённых. Тады я ўпершыню заваявала дыплом ІІ ступені. Здавалася, была на сёмым небе ад шчасця.
Але сапраўдная радасць ад перамогі чакала Аксану яшчэ наперадзе.
З шостага класа Аксана ўдзельнічала ў алімпіядах кожны год. І кожны раз займала прызавыя месцы. У дзявятым класе яна стала лепшай у раёне – а гэта азначала, што дзяўчына паедзе на абласную алімпіяду.
– Гэта была вялікая адказнасць, – сціпла апусціўшы вочкі расказвае Аксана. – Бо прадстаўляла я там не толькі гімназію, а ўвесь раён. І разам з тым, гэта паездка аказалася вельмі запамінальнай – там я пазнаёмілася з цудоўнымі педагогамі і знайшла добрых сяброў. Радасць перапаўняла яшчэ і ад таго, што на абласной алімпіядзе я атрымала дыплом І ступені. І праз некаторы час мяне запрасілі ў Гродна на зборы, дзе мы пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы рыхтаваліся да рэспубліканскай алімпіяды. Праўда, на рэспубліцы мне тады не пашанцавала – вярнулася я ў Астравец без дыплома.
І адразу ж Аксана з Марыяй Антонаўнай пачалі рыхтавацца ўжо да наступнай алімпіяды. У той год дзяўчына зноў выйграла раённую алімпіяду і трапіла на вобласць. І прывезла з абласных спаборніцтваў дыплом ІІ ступені. Канешне, гэта радавала, але не так, як першы раз. І ў Аксаны, і ў яе настаўніцы ўзніклі сумненні наконт наступнага этапа алімпіяды. Але на абласныя зборы Аксану ўсё ж запрасілі. І тут яна паказала, на што сапраўды здатна. Выдатныя веды дзяўчыны заўважыла рэспубліканскае журы і ў той год Аксана на рэспубліканскай алімпіядзе атрымала дыплом трэцяй ступені.
– Эмоцыі перапаўнялі, нават рукі пачалі дрыжаць, – успамінае дзяўчына хвіліны, калі атрымлівала запаветны дыплом. – Канешне, было складана, хаця атмасфера на алімпіядзе сяброўская. А наша каманда, маю на ўвазе каманду Гродзенскай вобласці, увогуле лічыцца самай дружнай.
Сёлета Аксана ўжо прайшла першы этап – перамагла на раённай алімпіядзе. Цяпер зноў рыхтуецца да абласных спаборніцтваў.
– Займаюся з Марыяй Антонаўнай на факультатыве і стымулюючых занятках, застаёмся пасля ўрокаў, не сяджу і дома – таксама нешта чытаю, паўтараю. Увогуле, каб перамагчы на алімпіядзе трэба, каб паміж настаўнікам і вучнем было ўзаемаразуменне. Педагог запальвае іскрынку, дапамагае з матэрыяламі, а задача вучня – імкнуцца да новага і нязведанага і жадаць перамагчы.
Акрамя таго, што Аксана ўдзельнічае ў алімпіядах, яна піша вершы. Зразумела, пра каханне. Гэта ўпаўне адпавядае яе ўзросту. А яшчэ яна любіць чытаць добрыя кнігі і слухаць музыку. Вясёлую ці сумную – усё залежыць ад настрою. Іншым часам нават рок, праўда, лёгкі. Вольны час, калі яго ўдаецца выкраіць сярод падрыхтоўкі да ўрокаў і алімпіяды, яна праводзіць са сваімі сяброўкамі Міланай Шаўліс і Маргарытай Кандратовіч. Дзяўчаты вельмі розныя: Мілана захапляецца фізікай, Маргарыта – геаграфіяй, але ёсць нешта адно, што іх аб’ядноўвае. Магчыма, маладосць? А можа, і характар.
– Кім ты марыш стаць? – само сабой вырываецца пытанне. – Часам не настаўніцай?
– Калісьці я бачыла сябе ў будучым толькі журналістам. Цяпер зразумела: гэта – не маё. Хутчэй за ўсё, я буду паступаць на якую-небудзь эканамічную спецыяльнасць. Але ўсё будзе залежыць ад вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання. А калі пашанцуе на алімпіядзе і я атрымаю прызавое месца, то аўтаматычна змагу стаць студэнткай любога філалагічнага факультэта. Такое я таксама не выключаю. Прафесія настаўніка – не самая дрэнная. Тым больш добрыя педагогі патрэбны былі заўсёды. І сёння – таксама…
І тое, што сёлета Аксана была ўзнагароджана стыпендыяй Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко, – цалкам заслужана. І гэта яшчэ адна яе перамога. Няхай жа, Аксана, табе пашанцуе яшчэ не раз, і ўсё атрымаецца так, як хочацца толькі табе!


Алена ЯРАШЭВІЧ.