Што цікавіць астравецкую моладзь?

19:06 / 05.04.2011

У апошнія дні сакавіка ў кінаканцэртнай зале “Астравец” лідары дзіцячых і маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў з СШ №1, гімназіі №1, Гудагайскай школы і Мальскага НПК сустрэліся з прадстаўнікамі дзяржаўных і грамадскіх структур. Падобныя сустрэчы сталі ўжо добрай традыцыяй у нашым раёне і добра ўспрымаюцца не толькі школьнікамі, але і кіраўнікамі арганізацый, якія прыходзяць на мерапрыемства.


На гэты раз на сустрэчу да школьнікаў прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы К.Л. Лянкевіч, намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС” У.Д. Горын і вядучы спецыяліст гэтай установы Э.І. Свірыд, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Р.І. Гайдуль, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  С.В. Тухта, следчы пракуратуры В.А. Шафран, маркетолаг вузла электрычнай сувязі Л.Г. Гібадуліна, вядучы спецыяліст інспекцыі па ахове прыроды Б.С. Тумко і намеснік галоўнага рэдактара газеты “Астравецкая праўда” А.Г. Ярашэвіч.
Пасля прадстаўлення гасцей вядучая ток-шоу “Пытанне-адказ” старшыня раённага савета грамадскага аб’яднання  БРПА, метадыст цэнтра пазашкольнай работы Вераніка  Малышка паклікала да мікрафона школьнікаў.
І пасыпаліся пытанні. На самыя розныя тэмы – адукацыі і культуры, аховы правапарадку і палітыкі... Як аказалася, больш за ўсё лідараў дзіцячых арганізацый цікавілі зусім недзіцячыя праблемы – добраўпарадкавання і ўзвядзення новых аб’ектаў у Астраўцы і Гудагаі, будаўніцтва першай беларускай АЭС і ступеняў яе абароны, шмат пытанняў было зададзена па праблемах адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі. Цікавіла вучняў і ахова правапарадку ў Астраўцы, арганізацыя адпачынку і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, падпіска на раённую газету і падключэнне інтэрнэту ў вёсках.
На пытанне вучняў з гімназіі №1 аб тым, ці плануецца ў Астраўцы адкрыццё сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, Н.В. Баніцэвіч адказала, што ўжо запланавана адкрыццё сярэдняй спецыяльнай установы будаўнічага профілю, а В.З. Свіла дадаў, што паступіла прапанова стварыць ужо ў гэтым годзе базавае аддзяленне БНТУ па перападрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
Цікавіліся вучні таксама і тым, якія ільготы дае мэтавае накіраванне і як яго можна атрымаць.
–Каб атрымаць накіраванне, трэба да 5 красавіка звярнуцца да дырэктара сваёй установы адукацыі з заявай аб выдачы мэтавага накіравання. Пры гэтым сярэдні бал атэстата павінен быць не менш шасці. Льготы пры паступленні ў ВНУ вялікія: абітурыент залічваецца па-за конкурсам, галоўнае – здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Але і ўмовы таксама строгія – пасля атрымання дыплома неабходна адпрацаваць па месцы размеркавання 5 гадоў, – адказала на пытанне Н.В. Баніцэвіч.
Як паўплывае будаўніцтва АЭС на развіццё турызму ў раёне? Як адаб’ецца рост горада на яго азеляненні? Якія якасці патрэбны для паступлення ў навучальныя ўстановы МУС? Такія і шмат іншых пытанняў задалі гімназісты.
Затым да мікрафона падышлі школьнікі з СШ №1. Іх  цікавіла, хто будзе будаваць першую беларускую  АЭС і наколькі бяспечнае  купанне ў вадаёме каля яе.
– Будаваць АЭС будзе “Атамбудэкспарт” з  прыцягненнем беларускіх арганізацый. А купацца будзе бяспечна ўжо толькі па той прычыне, што вадаёма каля АЭС  не будзе. І нават калі б ён там быў, то ніякай небяспекі для здароўя не ўяўляў бы, – адказаў намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персанала “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС” У.Д. Горын.
Атрымалі  школьнікі  адказы і на пытанні па будаўніцтву новых школ у Астраўцы і рэканструкцыі лагера адпачынку “Ластаўка”.
–Першая новая школа будзе пабудавана ў першым мікрараёне, а ў “Ластаўцы” пакуль што будзе зроблены толькі касметычны рамонт, – адказаў на пытанне школьнікаў  намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла.
Вучні з Мальскай школы хацелі б на летніх канікулах папрацаваць, таму і цікавіліся, як гэта можна зрабіць? На іх пытанне адказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне С.В. Тухта. Яна паведаміла, што сёлета 140 вучняў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзроўню, змогуць папрацаваць у школьных працоўных брыгадах.
Мальскіх піянераў таксама цікавіла, чаму ў нашых магазінах не прадаюць піянерскія значкі і гальштукі і ці могуць яны самі высекчы зараснікі каля вадаёма і да каго ім звярнуцца па дапамогу?
У лідараў з Гудагайскай школы пытанні тычыліся добраўпарадкавання пасёлка і арганізацыі адпачынку моладзі, бо нідзе, акрамя школы, культурна-масавыя мерапрыемствы не праводзяцца. Яны ж цікавіліся, ці магчыма падключыць у аддаленых вёсках высокахуткасны інтэрнэт і ці паўплывала катастрофа ў Японіі на перспектывы будаўніцтва АЭС у Беларусі.
–Што датычыцца добраўпарадкавання пасёлка, то яно ўжо пачалося – цяпер работы вядуцца ў былым кафэ “Лаванда”. А сітуацыя з правядзеннем культурна-масавых мерапрыемстваў будзе ўзята на кантроль, – паабяцаў Віктар Збігневіч.
А вось будучы рэжысёр масавых абрадаў і святаў, а цяпер – студэнт ўніверсітэта культуры і мастацтваў Арцём Кавэцкі  цікавіўся, ці можа ён атрымаць падтрымку аддзела культуры і райвыканкама пры арганізацыі  культурна-масавага мерапрыемства. Ён таксама пацікавіўся, ці плануецца ў Астраўцы будаўніцтва магазіна ў раёне вуліц Гагарына і Маркава і ці будзе ў нас праводзіцца Дзень горада.
Пытанні сыпаліся адно за адным, і на ўсё школьнікі атрымалі кампетэнтныя і вычарпальныя адказы.


Алена ЯРАШЭВІЧ.