Новае ў заканадаўстве. Кодэкс аб адукацыі

08:20 / 17.02.2011

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня 2011 года падпісаў прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Кодэкс аб адукацыі.


Кодэкс аб адукацыі грунтуецца на дзеючых законах («Аб адукацыі», «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі», «Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)», «Аб агульнай сярэдняй адукацыі», «Аб вышэйшай адукацыі»), Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года нумар 15 «Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі» і накіраваны на комплекснае і сістэмнае рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы адукацыі.
Кодэксам таксама замацавана сістэма адукацыі, якая склалася на практыцы. Згодна з ім, адукацыя падраздзяляецца на асноўную, якая ўключае ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, і дадатковую, да якой адносяць дадатковую  адукацыю дзяцей і моладзі і дадатковую адукацыю дарослых, а таксама  спецыяльную адукацыю, якую атрымліваюць асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Дакументам вызначаны суб’екты адукацыйных адносін, да якіх аднесены тыя, хто навучаецца, законныя прадстаўнікі непаўналетніх навучэнцаў, педагагічныя работнікі, установы адукацыі, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якім прадастаўлена права ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці, устаноўлены правы і абавязкі ўсіх суб’ектаў адукацыйных адносін.
Кодэксам дадзена азначэнне педагагічных работнікаў (прафесарска-выкладчыцкага складу) і ўстаноўлены патрабаванні, якія да іх прад’яўляюцца. Пры гэтым прадугледжана, што педагагічную дзейнасць не могуць ажыццяўляць асобы, пазбаўленыя права займацца педагагічнай дзейнасцю, тыя, хто мае судзімасць, прызнаныя недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі, тыя, хто не мае права займацца педагагічнай дзейнасцю ў выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі.
Вызначаны агульныя ўмовы ўзнікнення адукацыйных адносін, а таксама агульныя патрабаванні да парадку прыёму асоб для атрымання адукацыі. Пры гэтым правілы прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, вышэйшай адукацыі І ступені, паслявузаўскай адукацыі будуць зацвярджацца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а для атрымання прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі ІІ ступені – урадам.
Таксама ўстаноўлены меры сацыяльнай абароны тых, хто навучаецца, якія датычацца ў тым ліку карыстання падручнікамі, забеспячэння харчаваннем, аховы здароўя, выплаты стыпендый, забеспячэння месцамі ў інтэрнатах, прадастаўлення крэдыту на льготных умовах для аплаты першай вышэйшай адукацыі, транспартнага забеспячэння.
Рэгламентаваны ўмовы і падставы прыцягнення навучэнцаў да дысцыплінарнай адказнасці, парадак прымянення мер дысцыплінарнага спагнання (заўвага, вымова, адлічэнне).
Кодэксам замацаваны патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу пры атрыманні кожнага віду адукацыі. Да іх адносяцца патрабаванні па працягласці навучальнага года і канікулаў, відах вучэбных заняткаў, якія праводзяцца, колькасці гадзін, што адводзяцца на практыку, напаўняльнасці вучэбных груп (класаў) і іншыя.
Вызначаны падставы для змянення і спынення адукацыйных адносін, а таксама рэгламентавана працэдура аднаўлення асоб, адлічаных з установы адукацыі.
Акрамя таго, дакументам урэгуляваны парадак прадастаўлення тым, хто навучаецца, водпускаў, якія падраздзяляюцца на акадэмічны водпуск, водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў і водпуск для праходжання ваеннай службы.
Вызначаны дакладны пералік дакументаў аб адукацыі і аб навучанні, а таксама асаблівасці выдачы дакументаў аб адукацыі асаблівага ўзору (з адзнакай або з узнагароджаннем медалём). Прадугледжаны новы дакумент аб адукацыі – дыплом даследчыка, што будзе выдавацца асобам, якія паспяхова завяршылі навучанне ў аспірантуры (ад’юнктуры).
Таксама замацаваны ўмовы і парадак размеркавання выпускнікоў.
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўступіць у сілу з 1 верасня 2011 года (з новага навучальнага года) і дасць магчымасць завяршыць працэс кадыфікацыі заканадаўства аб адукацыі, забяспечыць больш поўную адпаведнасць прававых норм сучаснаму стану адукацыйных адносін.


БЕЛТА.