Астравецкай сярэдняй школе № 1 споўнілася 40 гадоў

17:24 / 07.02.2011
1

У адзін і той жа дзень, у адзін і той жа час усе выпускнікі сустракаюцца ў сваіх родных школах – там, дзе іх чакаюць, дзе ім заўсёды рады. Так і выпускнікі СШ №1 з абярэмкамі кветак і настальгіяй у сэрцах прыйшлі  на вечар сустрэч выпускнікоў, які традыцыйна адбыўся ў першую суботу лютага. Толькі ў гэтым годзе ён быў не зусім звычайны, бо быў прысвечаны 40-годдзю школы.


Так, менавіта 40 гадоў назад прасторны і светлы будынак СШ №1 прыняў у сваіх сценах першых вучняў. Таму і вечар гэты атрымаўся ўдвайне радасным, і ў той жа час удвайне чуллівым.
А якое свята без гасцей? Павіншаваць юбілярку прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, намеснік начальніка аддзел адукацыі Н.В. Баніцэвіч і старшыня прафсаюзнай арганізацыі аддзела адукацыі Л.В. Ярмоліч.
Пачаўся вечар з прывітальнага слова дырэктара школы Ігара Рыгоравіча Клімянка, які вярнуў усіх прысутных у далёкі 1971 год, калі новы будынак школы адкрыў дзверы больш за 900 вучням і 52 настаўнікам, сярод  якіх былі і заслужаныя настаўнікі Беларусі Г.М.Новікава,  Е.М. Прохарава, К.М. Філатава. А дырэктарам школы ў той час быў В.А. Комар. І хаця знешне школа за гэтыя 40 гадоў амаль не змянілася, затое кожны год мянялася яе ўнутранае напаўненне – гэта вучні, большасцю з якіх, па словах Ігара Рыгоравіча, школа можа ганарыцца. Напрыканцы гутаркі Ігар Рыгоравіч павіншаваў усіх са святам і пажадаў прыемна правесці гэты час.


Да слоў віншавання далучыўся і Віктар Звігневіч Свіла, які выказаў пажаданне, каб СШ №1 была першай ва ўсім. І ў знак павагі намеснік старшыні райвыканкама ўручыў ганаровую грамату Астравецкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў адміністрацыі і педкалектыву школы. Як вядома, госці прыходзяць не з пустымі рукамі: Віктар Збігневіч перадаў дырэктару школы тэхнічны паспарт на вадкакрышталічны тэлевізар “Гарызонт”. Але галоўны падарунак яшчэ наперадзе – у наступным годзе плануецца правесці рамонт школы. Вось гэта была сапраўды радасная навіна!
Шмат добрых і шчырых пажаданняў выказалі ў адрас настаўнікаў і выпускнікоў намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч, прафсаюзны лідар аддзела адукацыі Л.В. Ярмоліч, а таксама прадстаўнік шэфскай арганізацыі – галоўны ляснічы Астравецкага лясгаса А.П. Шостак (дарэчы, выпускнік гэтай школы). Госці таксама ўручылі школе каштоўныя падарункі.
Затым вядучыя канцэрта прагарталі старонкі гісторыі школы, а дапамаглі ім у гэтым відавочцы – тыя, хто прысвяціў ёй большую частку свайго жыцця, хто ўкладваў усю сваю душу, каб сеяць разумнае, добрае і вечнае. Успамінамі падзяліліся былыя дырэктары  Л.У. Батура, Т.І. Палтаран, ветэран працы М.П. Леановіч, настаўнікі А.А. Бацюлеў і Я.К. Шаблінская. А на экране мультымедыйнай устаноўкі гарталіся старыя фотаздымкі, і як радаваліся прысутныя ў зале, калі знаходзілі на іх сябе – з вялікімі бантамі і з ранцамі на плячах. І на сэрцы кожнага станавілася цяплей ад вяртання ў радаснае бесклапотнае дзяцінсва.




Дарэчы, пра выпускнікоў. Прыемна, што ў зале не было свабоднага месца. Пад дахам школы сабраліся былыя вучні самых розных выпускаў – і тыя, хто закончыў яе толькі ў мінулым годзе, і тыя, для каго апошні званок празвінеў 30 гадоў назад. Але аб’ядноўвае іх адно – гэта любоў да роднай школы і агеньчык у вачах: дарослыя і сур’ёзныя спадары і спадарыні ў сценах школы становяцца ўсё тымі ж непаседлівымі  і гарэзлівымі школьнікамі.
Шчырыя словы ўдзячнасці настаўнікам, песні, танцы, падарункі, кветкі – свята атрымалася! Вечар прайшоў на душэўнай і настальгічнай хвалі. Да новай сустрэчы выпускнікоў у наступным годзе!


Вольга ШОЎКУН.
Фота Івана ПЕТРЫКА.