Как проводят своё лето студенты Островетчины?

12:27 / 03.08.2016
4
про летоКанікулы – гэта не толькі час для адпачынку, знаёмстваў і цікавых падарожжаў, але і магчымасць падзарабіць.

Мы вырашылі пацікавіцца ў студэнтаў Астравеччыны, якое яно, – іх працоўнае лета?

Ганна ЗІНКЕВІЧ, студэнтка 2 курса  Беларускага дзяржаўнага  медыцынскага каледжа:

студенческое лето Аня– Я з нецярпеннем чакала лета, каб больш пабыць дома з роднымі. Штогод падчас канікулаў еду да бабулі, якая жыве на хутары. Колькі там ягад і грыбоў!  Было б недаравальна не скарыстацца магчымасцю падзарабіць на чарніцах.

Раненька, яшчэ на золку спяшаліся ў лес. Звычайна пачыналі збіраць ягады не пазней за 6 гадзін раніцы. Прыблізна за пяць гадзін карпатлівай працы можна назбіраць 15 літраў. Калі не ленавацца, то можна зрабіць і не адзін “паход”. За адзін “чарнічны тыдзень” я зарабіла прыблізна 200 дэмінаваных рублёў – пагадзіцеся, не так і дрэнна, хоць і цяжка.

У жніўні планую з сябрамі паехаць у Санкт-Пецярбург, таму грошы не будуць лішнімі.

З кожным годам я ўсё больш упэўніваюся ў тым, што лета – гэта час, калі ўвасабляюцца ў жыццё нашы мары. Але, як гэта ні прыкра, для гэтага патрэбны грошы…

Вадзім ІЛЬКЕВІЧ, 1 курс Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта:

студенческое лето вадим– Я працую пятае лета запар. Раней падпрацоўваў рабочым на складзе ў роднай гаспадарцы – СВК “Варняны”. У мае абавязкі ўваходзіла сачыць за парадкам, дапамагаць у разгрузцы і пагрузцы збожжа, а таксама ў яго сушцы.

Сёлета працую аператарам сушыльных установак на сучаснай, камп’ютарызаванай сушылцы “СЗСВ-30 ЛідАрай” у тым жа СВК “Варняны”. У змену працуем удваіх: сарціруем, сушым, даводзім зерне да патрэбнай кандыцыі.

На сушылку марыў працаваць даўно: тут і аплата большая, і  пэўны вопыт работы. Тым больш што з камп’ютарам я на “ты”.

На адпачынак таксама часу хапае. Працаваць планую да канца жніўня. Думаю, што масавая ўборка да гэтага часу скончыцца.

Чаму пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку? Магчыма, гэта прызванне. Усё свядомае жыццё на зямлі працавалі мае бабулі і дзядуля. Зараз у калгасе працуюць бацька і дзядзька – адказныя і працавітыя людзі, таму ёсць з каго браць прыклад. Дарэчы, усё маё дзяцінства звязана з гэтай працай. Бацька часта браў з сабой на работу. Я добра ведаю, што такое сельгастэхніка, жывёлагадоўля і раслінаводства. Маю пасведчанне трактарыста-машыніста, умею кіраваць трактарам.

Дарэчы, у гэтым годзе ў СВК “Варняны” працуе і мая малодшая сястра – яна абразае маладзенькія яблынькі ў калгасным садзе.

Частку заробленых грошай планую патраціць на вучобу. Але мая запаветная мара – купіць музычны інструмент тантам. Упершыню навучыўся на ім іграць у пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай па настаянні былога Апостальскага нунцыя Клаўдзія Гуджэроцці. Вы не ўяўляеце, які прыгожы ў яго “голас”!

Дар’я КРАНКОЎСКАЯ, 4 курс  Беларускага дзяржаўнага  медыцынскага ўніверсітэта:

студенческое лето Даша– На працягу месяца я праходзіла практыку ў якасці медыцынскай сяс-тры ў Астравецкай ЦРБ: працавала ў хірургічным і тэрапеўтычным аддзяленнях, у прыватнасці – у працэдурным і перавязачным кабінетах. Я навучылася рабіць ін’екцыі і запраўляць сістэмы для ўнутрывенавага ўлівання, падключаць кропельніцы, высвятляла на практыцы, як вызначаюць групу крыві і рэзус-фактар. Гэта так цікава!

Я бязмежна ўдзячна медыцынскім сёстрам за цярплівасць, дапамогу і слушныя падказкі, а пацыентам – за тое, што давяралі мне і не супраціўляліся. (Усміхаецца).

За гэты час я на практыцы спазнала бальнічную атмасферу і яшчэ раз ўпэўнілася ў тым, што не памылілася ў прафесійным выбары.

Лічу, што падпрацоўкі, як і вытворчая практыка, спрыяюць пашырэнню кругагляду. І нягледзячы на тое што лета лічыцца парой адпачынку, змена дзейнасці – гэта таксама своеасаблівы адпачынак.

Ужо другі год запар летам імкнуся знайсці падпрацоўку хоць бы на месяц, тым больш што грошы лішнімі не бываюць. А ўжо ў жніўні, калі мае бацькі ідуць у адпачынак, імкнуся больш часу праводзіць разам з імі.


Текст: