Подарки для детей от следователей

19:30 / 08.01.2013

Калядныя і навагоднія святы – час чакання чагосьці незвычайнага і чароўнага, казачнага і неверагоднага, калі ў цуды і спаўненне жаданняў вераць і спадзяюцца нават дарослыя, не кажучы ўжо пра дзяцей.


На жаль, жыццё далёка не казка. І не ўсе дзеці сустракалі Новы год у цёплай утульнай хатняй атмасферы разам з сям’ёй. Часовым домам ім, спадзяёмся сапраўды толькі часовым, стаў дзіцячы Варнянскі прытулак.
Але Калядныя і навагоднія святы – гэта ўсё ж такі чароўны час. І напярэдадні Новага года да маленькіх жыхароў прытулку завіталі госці – супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта, ды не з пустымі рукамі, а з прыгожымі і салодкімі падарункамі. Спачатку дзеці крыху разгубіліся і засаромеліся, а пасля ўсё ж такі пасмялелі, некаторыя з іх расказалі гасцям навагоднія вершы і нават падарылі невялікі сувенір.
Было бачна, што дзеці радуюцца не толькі падарункам, але і проста ўвазе, што пра іх не забыліся...
Рабіць дабро, падарыць камусьці клопат і ўвагу, працягнуць руку дапамогі – гэта прыемна і радасна. Не верыце? А паспрабуйце самі…


------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.