Гімназія выбірала "Міс вясну"

15:51 / 12.03.2010
Па ініцыятыве актывістаў школьнага самакіравання гімназіі №1 быў праведзены конкурс “Міс Вясна – 2010”, у якім прынялі ўдзел вучаніцы 8 – 11 класаў – усяго 12 дзяўчынак. Праграма ўключала ў сябе тры конкурсы – “Візітная картка”, “Убор вясны” і творчы.
Мерапрыемства праходзіла пры поўным аншлагу, свабодных месцаў у актавай зале не было. Балельшчыкі-аднакласнікі падтрымлівалі канкурсантак, не шкадуючы далоняў і галасавых звязак. Магчыма, гэта таксама паўплывала на вынікі.
Трэба адзначыць, што для журы аказалася даволі складаным вызначыць лепшых – так хораша былі падрыхтаваны да выпрабавання ўсе канкурсанткі. Дзяўчынкам удалося на сцэне поўнасцю раскрыць свае шматгранныя таленты. Яны былі актыўнымі, артыстычнымі, абаяльнымі.
Пасля даволі працяглых спрэчак журы знайшло кансенсус і вызначыла пераможцаў.
Званне “Міс Вясна-2010” атрымала Іна Канчанін, вучаніца 10 класа. Першай “Віцэ-Міс” стала вучаніца 11 “А” класа Юлія Міцкевіч, а другой – Дзіяна Ляшчэўская, вучаніца 9 “А” класа.
Ніхто з астатніх удзельніц не застаўся ў крыўдзе. Пад шквал апладысментаў усе канкурсанткі атрымалі ўзнагароды і салодкія прызы.

Іван ПЕТРЫК.