Мае дзеці – маё багацце

01:41 / 12.02.2010


Прозвішча: Яніна Яраславаўна Ядзінская
Адукацыя: Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна
Сфера дзейнасці: настаўніца рускай мовы і літаратуры Кямелішкаўскага НПК
Жыццёвае крэда: Той, хто ведае людзей, – разважлівы,
Той, хто ведае сябе, – адукаваны,
Той, хто перамагае людзей, – моцны,
Той, хто перамагае самога сябе, – магутны.
Хобі: чытанне
Мара: наведаць Парыж, пабываць у гарах


З дзяцінства маленькая Яніна, як і ўсе дзяўчынкі, больш за ўсё любіла гуляць “у школу”. Але быць вучаніцай у гэтай гульні ёй ніколі не хацелася. Яна заўсёды бачыла сябе настаўніцай.
Менавіта таму пасля заканчэння сярэдняй школы яна паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна. Хаця маці, якая працавала ў бальніцы, прапаноўвала дачцэ паспрабаваць сябе ў ролі гандлёвага работніка ці ўрача.
Напэўна, цяжка было дзяўчынцы, якая ўсё жыццё правяла ў вёсцы, адаптавацца да гарадскога жыцця. Але ў дзяцінстве Яніне давялося разам з бацькамі пабываць у многіх гарадах, і не проста пахадзіць там па магазінах, але і наведваць знакамітыя мясціны, галерэі. Таму цяжкасцей з гарадскім жыццём не ўзнікла.
– Ніхто мяне ў Брэст не павёз – з нашай вёскі паехалі яшчэ адзін хлопец і дзяўчына. Ён збіраўся на фізічны факультэт, а мы – на філалагічны. Але ў той год пашанцавала толькі мне, і асвоілася я там вельмі хутка. Мабыць, тады выпускнікі школ былі зусім не падобнымі на сучасных выпускнікоў, маглі хутчэй абжыцца, знайсці сапраўдных сяброў і гэта ў многім дапамагала.
З інстытуцкімі сяброўкамі Яніна Яраславаўна, хаця і закончыла вучобу ў 1983 годзе, падтрымлівае сувязь і цяпер – тэлефануюць адна адной, сустракаюцца на святы і падчас адпачынку.
А пасля заканчэння інстытута трапіла Яніна Яраславаўна на работу ў Спонды. А потым перавялася ў Кямелішкі. І вось ужо на працягу 26 гадоў школа і яна – непарыўныя. Праўда, быў перыяд, калі дачушкі былі яшчэ маленькімі, ёй прапанавалі папрацаваць сакратаром у сельсавеце, і яна згадзілася. Але школа і дзеці ўсё ж узялі сваё – вярнулася назад.
– Ніколі не ўзнікала ў мяне шкадавання, што стала настаўніцай. Мне падабаецца мая прафесія, я люблю дзяцей, яны ніколькі мяне не напружваюць і не раздражняюць. Гэта – мае прызванне, і тут, у школе, я адчуваю сябе шчаслівай.
Ёй падабаецца разам з дзецьмі рабіць адкрыцці і пазнаваць нешта новае, хадзіць у паходы і катацца на лыжах. Стараецца, каб вучні да ўсяго даходзілі самі – так цікавей, ды і дзеці тады адчуваюць сябе разумнымі і патрэбнымі і так паводзяць сябе ў дарослым жыцці. А яшчэ Яніна Яраславаўна ніколі не шкадуе часу на дзяцей, на падрыхтоўку да ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў.
І хаця цяпер не ўсе школьнікі любяць чытаць, ёй больш даспадобы літаратура. Яна вельмі любіць чытаць і гэтую любоў стараецца перадаць сваім вучням.
– Мой любімы твор – “Вайна і мір”. А любімы герой – П’ер Безухаў. Ён вельмі добры, няхітры і адкрыты, прыстойны, надзейны, такі заўсёды прыйдзе на дапамогу.
Яніна Яраславаўна любіць адзначаць Ражаство. Для яе гэта сямейнае і самае любімае свята. У маладосці, калі дочкі Ала і Віта былі яшчэ маленькімі, дружная сям’я збіралася ў яе бацькоў – Марыі Мар’янаўны і Яраслава Антонавіча. Потым дочкі падраслі – Віта закончыла ўніверсітэт і працавала ў Варнянскім прытулку, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, а Ала заканчвае ўніверсітэт культуры, яны абедзве ўжо замужам, але нягледзячы на гэта, не-не ды і скажуць: “А пайшлі на свята да бабулі і дзядулі”.
Яніне Яраславаўне, канешне, прыемна, што дзяўчынкі з любоўю і павагай адносяцца да яе бацькоў, шануюць сямейныя карані. А бабуля такая таленавітая майстрыха – яна таксама любіць спраўляць святы для сваіх блізкіх.
А дзяцінства і сям’я выклікаюць у Яніны Яраславаўны пачуццё дабрыні, радасці і святла. Ды і чалавек яна такі, які жыве па правілах маралі.
– Кожны чалавек у сваім жыцці павінен прачытаць самую галоўную кнігу – “Біблію”, – лічыць Яніна Яраславаўна, – і ўзяць сабе на ўзбраенне тое, што там напісана, і пастарацца жыць па Божых законах. А яшчэ так хочацца, каб заўсёды ў свеце, як у казках, дабро перамагала зло, бо толькі тады, калі ты будзеш добрым, ты не зможаш прынесці зло іншаму чалавеку.

Алена ЯРАШЭВІЧ