Оплата проезда, витаминизация беременных и абонементы в ФОК – в коллективном договоре районной больницы

14:08 / 05.03.2019
1543

Прыемна, а галоўнае – вельмі важна, что ў прафсаюзны рух усё больш актыўна ўключаюцца маладыя прадстаўнікі калектываў нашага раёна. З такіх – старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыя Страцэўская.

3.jpg

– Вікторыя, як даўно вы ўзначалілі пярвічку астравецкіх медыкаў?

– Менш за год таму. Калі з жыцця нечакана пайшоў былы старшыня, актыўны, няўрымслівы і творчы Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч, мне прапанавалі гэту адказную пасаду. Я доўга вагалася, таму што па характары, мне здаецца, я – не лідар. Але раз калектыў аказаў мне давер, адмовіцца не змагла. Сям’я падтрымала, а галоўны ўрач Уладзімір Часлававіч Мажэйка супакоіў: маўляў, з якасцямі кіраўніка не нараджаюцца, іх у сабе трэба выхоўваць.

Канешне, складана займаць адразу два “крэслы” – урача і старшыні прафкама: хоць у пярвічцы бальніцы налічваецца больш за 690 чалавек, на стаўку вызваленага старшыні нам пакуль разлічваць не даводзіцца. Аднак я ўжо ўвайшла ў курс справы, да таго ж мне дапамагаюць дзевяць членаў прафсаюзнага камітэта – да прыкладу, медыцынская сястра Марына Гасперская, якая працуе са мной у адным кабінеце. Яна таксама занятая сваёй асноўнай работай, але мы стараемся спраўляцца.

А колькі ў нас таленавітай і актыўнай моладзі! Яна з гатоўнасцю адклікаецца на любыя прапановы. Так, песенныя конкурсы з задавальненнем “закрываюць” адміністратар сетак Дзіяна Анапрыенка і тэрапеўт Вікторыя Емяльян.

Толькі калі цесна сутыкнулася з дзейнасцю прафсаюза, зразумела, наколькі ён патрэбен кожнай арганізацыі – гэтая грамадская арганізацыя аб’ядноўвае і збліжае людзей.

– Якім, на ваш погляд, павінен быць старшыня пярвічнай арганізацыі?

– Камунікабельным, уважлівым, актыўным… Ён павінен добра валодаць сітуацыяй, якая складваецца ў калектыве, арыентавацца ва ўсіх сферах дзейнасці і жыцця яго членаў. Гэта складана, асабліва калі ў цябе ў падначаленні амаль 700 чалавек – кожнага нават з твару можаш не ведаць, не кажучы ўжо пра тое, хто чым дыхае.

А яшчэ любы старшыня, не толькі пярвічкі, павінен вучыцца на памылках і хутка рэагаваць на сітуацыю. Так, рыхтуючыся да 23 лютага, мы запрасілі на свята мужчын. Жанчыны пакрыўдзіліся. Але ж актавая зала бальніцы цесная – мужчынам ледзь месца хапіла. Але мы разумеем, што і жанчыны мелі рацыю: яны таксама хацелі раздзяліць з мужчынамі іх свята – і мелі на гэта права. Цяпер прафкам, улічыўшы гэтую памылку, прадумвае, дзе арганізаваць свята 8 Сакавіка з улікам таго, што жанчын у калектыве большасць, ды і без мужчын якое ж свята? (Смяецца).

– Вы сказалі, што прафсаюзны лідар найперш павінен валодаць сітуацыяй у калектыве. А як вы даведваецеся пра праблемы ў арганізацыі?

– Далёка не кожны можа прыйсці ў прафкам, каб выказаць прэтэнзію, зрабіць прапанову ці заўвагу. Часта пра тое, што цікавіць або засмучае людзей, даведваюся з праз трэціх асоб. Аднак і на такія “дыстанцыйныя заявы” стараемся рэагаваць, як кажуць, па гарачых слядах.

Да таго ж, безумоўна, прасцей працаваць, калі цябе разумее кіраўніцтва арганізацыі.

– Якія пункты калектыўнага дагавору раённай ЦРБ, на ваш погляд, самыя важныя?

– Кожны з іх – важны, таму што накіраваны на дапамогу і падтрымку людзей. Аднак матэрыяльная падтрымка заўсёды стаіць на першым месцы. Для ЦРБ гэта актуальна, асабліва для малодшага медперсаналу. Таму мы “падстрахавалі” зарплаты членаў прафсаюза стымулюючымі выплатамі і надбаўкамі.

Балючае пытанне –жыллё. Гэту праблему стараемся вырашыць рознымі спосабамі: да прыкладу, даплачваць за арэнднае жыллё, праезд з іншых населеных пунктаў на работу ў Астравец.

– Ці падтрымлівае прафсаюз галоўнай медыцынскай установы здаровы лад жыцця?

– Мы актыўна ўдзельнічаем у турыстычных злётах, спартыўных мерапрыемствах, шмат падарожнічаем – і не толькі па Беларусі. У санаторыях у мінулым годзе па выдзеленых пуцёўках аздаравілася дзевяць чалавек. Сродкі на пуцёўкі на аздараўленне дзяцей выдзяляюць наймальнік і прафсаюз – бацькам яны абыходзяцца бясплатна. Акрамя таго, мы аплочваем абанементы ў ФАК “Старт”, у бліжэйшы час нашы работнікі змогуць па прафсаюзных зніжках займацца спортам у новым фізкультурна-спартыўным комплексе.

Калектыўным дагаворам таксама абумоўлена атрыманне работнікамі малака за шкоднасць, соку, а цяжарным – вітамінізацыя.

– Пра што марыце як старшыня прафкама, які “апякуецца” праблемамі такога вялікага калектыву?

–З нецярпеннем я і, думаецца, усе работнікі бальніцы чакаюць пераезду ў новы будынак, дзе ў нас, апроч іншага, будзе вялікая і прыгожая актавая зала. І каб пытанне з жыллём для медыцынскіх работнікаў здвінулася з месца. Цяжка заахвоціць чалавека застацца працаваць у Астраўцы, калі ў яго няма асноўнага – цёплага сямейнага гняздзечка.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений