Крымінальная хроніка: атручванне, крадяжы, пагроза забойствам і іншае

17:21 / 23.05.2011
Запазычанасць расце...

Эканамічны крызіс адчувальна ўдарыў па кішэнях некаторых грамадзян нашага раёна.
Як паведаміў пракурор раёна Аляксандр Іосіфавіч Марцінчык, жыхар Астраўца Эдуард Казіміравіч Антановіч са студзеня ўхіляецца ад уплаты аліментаў.



Атручванне

Як сцвярджае народная мудрасць, усё добра, што ў меру. Але, на жаль, некаторыя грамадзяне Астравеччыны не ведаюць меры.
Менавіта пагэтаму жанчыну 1968 года нараджэння, жыхарку пасёлка Гудагай, даставілі каля 10.00 4 мая ў рэанімацыйнае аддзяленне Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы з дыягназам “атручванне алкаголем”.



На выпадак усялякіх бед...

Рымскі палкаводзец Вегецій аднойчы сказаў: “Хочаш міру – рыхтуйся да вайны”. І некаторыя жыхары раёна вельмі літаральна ўспрынялі гэты запавет, тым самым парушыўшы законы нашай краіны.
Так, 19 красавіка ў вёсцы Шульнікі ў доме памерлага мужчыны 1943 года нараджэння быў знойдзены самаробны пісталет калібру 5,6 з трыма прыгоднымі для стральбы патронамі.
28 красавіка ў доме непрацуючага жыхара вёскі Кямелішкі 1978 года нараджэння было знойдзена і канфіскавана незарэгістраванае гладкаствольнае паляўнічае ружжо маркі “ТОЗ” 1950 года выпуску, 16 калібру, якое, па словах мужчыны яму прынёс у 2009 годзе аднавясковец. На жаль, больш дакладна высветліць падрабязнасці немагчыма, бо гаспадар ружжа памёр у тым жа 2009 годзе.
8 мая ў вёсцы Кісялі ў доме памерлага мужчыны 1950 года нараджэння былі знойдзены 20 паляўнічых патронаў калібру 20 міліметраў, 4 патроны калібру 16 міліметраў, незарэгістраванае аднаствольнае паляўнічае ружжо калібру 20 міліметраў і аднаствольнае паляўнічае ружжо калібру 16 міліметраў.
Але на фоне выпадкаў супрацьзаконнага захоўвання зброі ёсць і факты, калі людзі добраахвотна здаюць незарэгістраваныя боепрыпасы. Так, 27 красавіка пенсіянерка з вёскі Петраполь добраахвотна выдала інспектару аддзела ўнутраных спраў паляўнічае ружжо неўстаноўленай маркі і тры патроны.
5 мая  жыхарка вёскі Варняны 1979 года нараджэння добраахвотна выдала супрацоўнікам упраўлення камітэта дзяржбяспекі 50 малакаліберных патронаў калібру 5,6, адзін электравыбуховы пакет без маркіроўкі і супрацьпяхотную міну, якія яна знайшла ў лютым у падвале дома свайго бацькі, які памёр у 2005 годзе.
6 мая жыхар вёскі Жусіны 1980 года нараджэння добраахвотна выдаў міліцыянерам частку гладкаствольнага паляўнічага ружжа неўстаноўленай маркі і 4 патроны 16 калібру, якія ён знайшоў пры разборцы хлява каля года таму.



Хваля крадзяжоў...

Апошнія дні красавіка выдаліся “багатымі” на крадзяжы. Але, дзякуючы хуткаму рэагаванню міліцыянераў, большая колькасць іх была раскрыта па гарачых слядах.
27 красавіка раённым аддзелам унутраных спраў была ўзбуджана крымінальная справа супраць раней судзімай жыхаркі Астраўца, пенсіянеркі 1955 года нараджэння, якая 17 красавіка ўкрала ў дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Яравіка” пару мужчынскіх чаравікаў.
29 красавіка ўзбуджана крымінальная справа супраць непрацуючага жыхара вёскі Свіршчызна 1969 года нараджэння, які ў кастрычніку мінулага года, вырваўшы дошкі з гаража аднавяскоўкі, украў дарожны веласіпед, электрадрыль, рубанак і пілу, аб чым жанчына паведаміла ў РАУС 20 красавіка. Украдзенае было адабрана ў злодзея. 2 мая супраць гэтага ж мужчыны ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа. Такім жа манерам у пачатку сакавіка з хлява на двары нежылога дома ў вёсцы Свіршчызна ён ўкраў пілу, дзве ручныя дрылі, дзве сякеры і пласкагубцы. Потым мужчына дастаў аконную шыбу з хаты, вырваў прыбой і ўкраў чыгунную пліту.
30 красавіка ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу ў перыяд з 13 па 30 красавіка з хаты пенсіянеркі 1934 года нараджэння ў вёсцы Буйкі 1 мільёна 200 тысяч рублёў, прадуктаў харчавання і спіртных напояў. Супрацоўнікі РАУС хутка высветлілі, што крадзеж здзейсніў жыхар вёскі Караняты 1994 года нараджэння, у адносінах да якога зараз вядуцца следчыя дзеянні.



Легальнасць пад пытаннем...

Неяк не ўвайшло ў звычку нашых людзей захоўваць квіток на тавар або аказаную паслугу, хаця без яго часам даволі складана нешта даказаць. Хаця, калі тавар набыты нелегальна, то ніякі квіток не дапаможа.
Прыкладна такая сітуацыя здарылася ў Астраўцы 28 красавіка з непрацуючым жыхаром горада Вільнюса 1974 года нараджэння, машыну якога спынілі на вуліцы Камарова супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Пры аглядзе яго аўтамабіля было знойдзена і канфіскавана 160 літраў дызельнага паліва без дакументаў, якія б пацвярджалі легальнасць яго набыцця. Вядзецца праверка.
13 мая ў 14.30 на прапускным пункце “Катлоўка” быў затрыманы аўтамабіль “Даф”, якім кіраваў жыхар Калінінграда 1955 года нараджэння. У яго машыне па-за бакам было знойдзена 190 літраў дызельнага паліва, з якіх 90 літраў коштам 283 тысячы 500 рублёў было канфіскавана. Па гэтым факце складзены адміністрацыйны пратакол.
10 мая ў 15.10 супрацоўнікамі АБЭЗ і ДАІ каля вёскі Малі была затрымана машына “Фольксваген-Транспарцёр”, якой кіраваў непрацуючы жыхар вёскі Пінанішкі 1983 года нараджэння. Пры даглядзе ў аўтамабілі было знойдзена і забрана 940 кілаграмаў лому чорнага металу коштам 545 тысяч рублёў без суправаджальных дакументаў.



Хто каго чубіць?

Перафразаваўшы вядомую прыказку, можна сцвярджаць: чым мацней пачуцці, тым лепш бачны сінякі і шрамы. А якія пачуцці ахопліваюць тых, хто пагражае смерцю сваім любым?
Менавіта па такім выпадку 29 красавіка была ўзбуджана крымінальная справа супраць непрацуючай жыхаркі Астраўца 1964 года нараджэння, якая за 5 дзён да гэтага пагражала забойствам свайму мужу, непрацуючаму  мужчыну 1967 года нараджэння. Каб даказаць сілу свайго “кахання”, жанчына схапілася за кухонную сякерку і вазу.
Ахладзіць пачуцці жанчыны ў той дзень змаглі толькі супрацоўнікі міліцыі.



На нажах…

Часам падчас сваркі, калі не хапае слоў, у ход пачынаюць ісці падручныя прылады.
Менавіта так і здарылася 10 мая каля 20.30 у Міхалішках, дзе з-за адсутнасці іншых аргументаў жыхар гарадскога пасёлка Урэчча Любаньскага раёна Мінскай вобласці ўдарыў сцізорыкам у грудзі жыхара вёскі Языль Старадарожскага раёна 1987 года нараджэння, чым прычыніў яму цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пранікаючага ранення левай паловы грудной клеткі з пашкоджаннем сэрца.
Па гэтым факце супраць непрацуючага юнака ўзбуджана крымінальная справа.



Хатняе і смачнае...

Што рабіць, калі грошай мала, а алкаголь у крыві яшчэ не падняў настрой на патрэбны ўзровень? Некаторыя жыхары нашага раёна, не раздумваючы, ідуць на пошукі “хатняй” гарэлкі.
4 мая ў 14.00 супрацоўнік кардоннай фабрыкі “Альхоўка” 1958 года нараджэння, які жыве ў Малой Страчы, знайшоў свайго “прадпрымальніка” на вуліцы Цэнтральнай у Альхоўцы, дзе і набыў паўлітра самагону. На жаль, прадавец застаўся невядомым, таму адміністрацыйны пратакол складзены толькі супраць пакупніка.
10 мая каля 18.30 супрацоўнікамі ўпраўлення ўнутраных спраў быў затрыманы грамадзянін 1974 года нараджэння, жыхар райцэнтра, рабочы Астравецкага камбіната бытавога абслугоўвання, які захоўваў пры сабе паўлітра самагону. На астраўчаніна складзены адміністрацыйны пратакол, а самагонка канфіскавана.
13 мая каля 8.00 быў затрыманы непрацуючы жыхар Астраўца 1977 года нараджэння, які набыў у невядомага яму грамадзяніна на вуліцы Школьнай 0,5 літра самагону. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол.
11 мая ў ходзе правядзення прафілактычных мерапрыемстваў у лясным масіве непадалёк ад хутара Панарцы быў знойдзены апарат для вытворчасці самагону і 1200 літраў брагі. Апарат канфіскаваны, а брага знішчана на месцы. Зараз вядуцца мерапрыемствы па вышуку гаспадара знойдзенага апарата.



Мы паедзем і памчымся...

За святочныя дні з 1 па 9 мая ў краіне было спынена звыш паўтары тысячы вадзіцеляў, у крыві якіх быў знойдзены алкаголь. На жаль, свой уклад у гэтую статыстыку ўнеслі і жыхары нашага раёна.
За некалькі дзён да святочнага тыдня, 27 красавіка на вуліцы Ленінскай у пасёлку Гудагай за рулём аўтамашыны “Рэно Трафік” у стане алкагольнага ап’янення быў затрыманы жыхар вёскі Палабенне 1966 года нараджэння, рабочы ўнітарнага прадпрыемства “СамміТрэйд”.
29 красавіка ў 6.35 на вуліцы Карла Маркса ў вёсцы Варона быў спынены аўтамабіль ГАЗ-5312, за рулём якога “пад шафэ” знаходзіўся жыхар Смаргоні 1959 года нараджэння, вадзіцель ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты”.
1 мая на 12-ым кіламетры аўтадарогі Варняны-Рымдзюны-Жодзішкі быў спынены жыхар вёскі Гялюны 1968 года нараджэння, які працуе механізатарам у СВК “Гервяты”. Мужчына кіраваў трактарам МТЗ-1221 у стане алкагольнага ап’янення.
2 мая ў 22.12 у Трокеніках супрацоўнікі аўтаінспекцыі спынлі матацыкл ММВЗ, якім кіраваў п’яны жыхар вёскі Трокенікі-2 1968 года нараджэння.
3 мая ў 16.45 каля фермы ў вёсцы Беразоўка быў затрыманы трактарыст СВК “Варняны”, жыхар вёскі Кулішкі 1964 года нараджэння, які кіраваў трактарам МТЗ-80 у стане алкагольнага ап’янення.
На ўсіх парушальнікаў складзены пратаколы.


Антон Чык.