В Рымдюных прошла встеча с "водяным"

13:41 / 06.04.2017

Гаварыць – добра, але лепш убачыць. Да таго ж, каб запомніць назаўсёды, трэба ўбачыць не адзін раз – а, як сцвярджаюць псіхолагі, мінімум сем. Па такім прынцыпу – не толькі расказаць, але і паказаць – з вучнямі школ раёна працуюць у Астравецкай арганізацыі выратавання на водах.

Менавіта таму яго працаўнікі, не чакаючы гарачай летняй пары, калі можна і не паспець папярэдзіць дзяцей аб небяспецы на вадзе, самі адпраўляюцца на сустрэчу з вучнямі.

09.jpg

У адзін з сакавіцкіх дзён дэсант “вадзяных” выратавальнікаў з усім неабходным абсталяваннем высадзіўся каля Рымдзюнскіх школ з беларускай і літоўскай мовамі навучання.

Аўдыторыя: вучні 1 – 11 класаў.

Месца: фае першага і другога паверхаў.

Аб чым даведаліся дзеці

1. Як паводзіць сябе на вадзе і каля вады.

Старшыня раённай арганізацыі выратавальнікаў Аксана Кардаш нагадала правілы паводзін каля вады не толькі дзяцей, але і дарослых, звярнула ўвагу на тое, да чаго могуць давесці гульні падчас паводкі і на стромкіх берагах рэк, а таксама прывяла прыклады, якія сведчылі, што нават дарослыя не заўсёды змогуць выратаваць таго, хто папаў у вадзяную пастку. Статыстыка ўразіла дзяцей больш за ўсё.

2.Як правільна аказаць першую медыцынскую дапамогу.  

Медыцынская сястра Марыя Баброўская паказала, як гэта робяць прафесіяналы, а потым у форме пытанняў-адказаў дапамагла дзецям засвоіць асноўныя правілы медыцынскай дапамогі. Жадаючых на некалькіх хвілін стаць “пацярпелым” сярод вучняў сярэдніх і малодшых класаў было шмат.

3. Як працуе вадалаз.

Для чаго патрэбны ласты і нож, чаму вадалазы не ўсплываюць і не мерзнуць пад вадой і што самае складанае ў іх рабоце – аб гэтым вучні даведаліся ад вадалаза Янаўскага вадасховішча Эрыка Жвірыдоўскага.

Наступны занятак па правілах бяспекі на вадзе выратавальнікі прапанавалі правесці на сваёй тэрыторыі. Да таго ж хутка лета – час купання і іскрыстых пырскаў, якія так любяць падымаць дзеці, а Янаўскае вадасховішча – якраз тое месца, дзе гэта можна зрабіць бяспечна.

Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара

Текст: Главный администратор