Знакомьтесь: доктор Виктория Фелициановна Шишло!

14:00 / 19.02.2016
ШишлоВікторыя Феліцыянаўна Шышло нарадзілася далёка ад Астравеччыны. Але ўсё яе жыццё, за выключэннем дзяцінства і юнацтва, звязана з нашым раёнам: сюды яна прыехала ў 1960 годзе пасля заканчэння Мінскага медыцынскага інстытута, у астравецкай медыцыне адпрацавала амаль сорак гадоў. Тут зведала самыя шчаслівыя і самыя трагічныя моманты жыцця. І тут неўзабаве адзначыць сваё 80-годдзе…
Дваццаць гадоў назад у прадмове да інтэрв’ю з Вікторыяй Феліцыянаўнай я пісала, што яе ведаюць практычна ўсе ў нашым раёне. Сёння да гэтых слоў мушу дадаць удакладненне – людзі старэйшага і сярэдняга пакалення. Час бяжыць, адно пакаленне змяняе другое – у сям’і, калектыве, грамадстве. І ўжо іншыя ўрачы лечаць іншых пацыентаў… Аднак, хоць кажуць, што незаменных людзей не бывае, мне больш даспадобы іншае меркаванне: кожны чалавек – незаменны, бо ў кожнага – свой лёс, сваё жыццё, свой светапогляд, дасягненні, перакананні… Кожны – гэта эпоха ў мініяцюры. І хоць адна кропля – яшчэ не акіян, але ж у кожнай кроплі ўтрымліваецца яго невялічкі кавалачак…

Родам з дзяцінства


Вікторыя Феліцыянаўна нарадзілася на Урале, у Пермскай вобласці, у пасёлку ссыльных беларусаў, якія яны пабудавалі для сябе пад наглядам энкэвэдэшнікаў у дрымучай тайзе. Яна была другім дзіцем у сям’і рэпрэсіраваных “кулакоў”. Бацькі пажаніліся ў лютым – а ў сакавіку іх саслалі. У “багацеяў-крывасмокаў” “экспрапрыіравалі” дом, каня, дзве каровы і чатыры авечкі. Успаміны дзяцінства, як прызнаецца Вікторыя Феліцыянаўна, – самыя цяжкія: як галадалі, як цяжка працавалі дарослыя і дзеці, як паміралі суседзі ў страшных пакутах без медыцынскай дапамогі – напэўна, адтуль і пайшло яе імкненне стаць урачом, дапамагаць людзям спраўляцца з бядой. Яна да гэтага часу яна не можа зразумець, як змаглі бацькі ў тых нечалавечых умовах не толькі выжыць, але і зберагчы ўсіх сваіх чацвярых дзяцей, якія нарадзіліся там, – няйнакш, Бог дапамог…
У 1948 годзе ім дазволілі вярнуцца ў родную, разбураную вайной Беларусь – Вікторыі тады было дванаццаць гадоў, самай малодшай з дзяцей – паўгода.
Вікторыя заўсёды добра вучылася, асабліва ёй падабалася матэматыка. Яна з залатым медалём закончыла школу, паступіла ў медыцынскі інстытут. З усіх урачэбных спецыяльнасцей выбрала неўралогію – таму, што цяжка, незразумела, складана – а значыць, цікава. Да гэтага часу памятае лекцыі старога прафесара – яго, з не вельмі выразнай мовай пасля перанесенага інсульту, студэнты амаль не слухалі – займаліся сваімі справамі. Толькі Вікторыя садзілася за першы стол і старалася слова ў слова запісваць лекцыі дасведчанага навукоўцы: была ўпэўнена, што яны спатрэбяцца ў будучай прафесіі. Не памылілася…

Шлях да мары


Месца размеркавання яна выбірала па карце: каб бліжэй было да Вільнюса, дзе жыла радня. Віленска-полацкі тракт, Вілія, чыгунка непадалёк – Астравец цалкам падыходзіў для ажыццяўлення гэтай задачы.
Але ў аддзеле кадраў Гродзенскага абласнога аддзела аховы здароўя, ухваліўшы яе жаданне ехаць на “канец свету”, наадрэз адмовілі ў ажыццяўленні мары:
– Сёння галоўная наша задача – укамплектаваць кадрамі ўрачэбныя амбулаторыі. А вузкія спецыялісты – потым, – цвёрда сказала маладым выпускнікам яго загадчыца Фёдарава. – Але я вам абяцаю: праз год, максімум – праз два вы станеце працаваць па спецыяльнасці.
І ўсе яны, пяцёра аднакурснікаў, якія рыхтаваліся стаць хірургамі, оталарынголагамі, неўролагамі, паехалі працаваць у вясковыя амбулаторыі ўрачамі агульнай практыкі: татарын Алі Асановіч – у Кямелішкі, Уладзімір Грынкевіч – у Жукойні, Канстанцін Барысевіч – у Гервяты, Качук – у Варняны. А Вікторыю накіравалі ў Міхалішкі.
– Я толькі прыехала агледзецца што ды як, а тагачасны галоўны ўрач Хурсан, які ўжо адпрацаваў свой тэрмін, гатовы быў у той жа дзень пакінуць бальніцу, – успамінае Вікторыя Феліцыянаўна. – Ледзь угаварыла яго пачакаць, пакуль я за рэчамі сваімі з’еджу, – адпусціў пад чэснае слова. Такім чынам на працу я выйшла на месяц раней належнага тэрміну.
І пачалося! У першы ж працоўны дзень паступіла жанчына з кровацячэннем – і потым падобныя пацыенткі з’яўляліся ў бальніцы часта і густа. Шмат пазней Вікторыя Феліцыянаўна даведалася, што ў вёсках працвіталі падпольныя аборты, і толькі пасля таго, як ад такой “дапамогі” памерла настаўніца, дамарошчанай “акушэрцы” далі немалы тэрмін зняволення.
Ніводнае свята не абыходзілася без бойкі – чамусьці асаблівай “задзірыстасцю” вызначаліся Маркуны, і часта справа даходзіла да панажоўшчыны – тады маладому доктару даводзілася перакваліфікоўвацца ў хірурга.
Усе дзеці ў наваколлі таксама праходзілі праз яе рукі – і часта з вельмі сур’ёзнымі дыягназамі. Аднойчы зімой ёй давялося везці ў Астравец на грузавой машыне – выпрасіла “на прамілы бог” у старшыні калгаса – хворае на ілжывы круп дзіця: маці ў кузаве, яна з малым – у кабіне, скальпель напагатове: дзіця задыхалася, і яна была ў любы момант рассячы трахею. На шчасце, усё абышлося.
Але цяжэй за ўсё даваліся маладой “дакторцы” роды.
– Не шанцавала мне – вельмі шмат было паталогіі, – успамінае Вікторыя Феліцыянаўна першыя гады сваёй працы. – То ўпоперак немаўля ляжыць, то ножкамі ідзе, то ягадзічкамі… А адзін выпадак запомніла на ўсе жыццё. Мяне паклікалі ў Каценавічы да парадзіхі. А з транспарту ў мяне – толькі дамскі веласіпед, на якім да таго ж я вучылася ездзіць ужо ў Міхалішках: не было ў нас такой “цацкі”. Але зімой, на заснежанай лясной дарозе, карысці ад яго мала. Неяк я дабралася ў тыя Каценавічы, агледзела парадзіху – а ў немаўляці не праслухоўваецца стук сэрца. Тэрмінова трэба везці ў бальніцу. А на чым? Муж парадзіхі запрог каня, але не паехаў з намі. Кіравала я – упершыню ў жыцці ўзяла ў рукі лейцы. Можа, я што не так зрабіла ці яшчэ з-за чаго – але конь панёс на лясной дарозе. А ў мяне цяжарная жанчына ў санях! “Скочвайся ў снег!” – крычу ёй, а сама, што ёсць сілы, спрабую стрымаць каня, літаральна вішу на лейцах. Жанчына неяк ссунулася з санак – і тут конь нечакана супакоіўся.
Але на тым іх прыгоды не скончылася. Жанчына сяк-так змагла нарадзіць – але дзіцятка не закрычала: яно было ўжо мёртвае. Маці ўсё зразумела, расхвалявалася, расплакалася – і ў яе з-за стрэсу адкрылася кровацячэнне. Уведзеныя прэпараты не давалі эфекту: патрэбен быў час, каб яны падзейнічалі. Прамы масаж маткі таксама не дапамог. І тады прыйшло рашэнне – як азарэнне: трэба заціснуць аорту! Па чарзе з акушэркай яны заціскалі, пакуль не млела рука, крывяносны сасуд – аж да таго часу, пакуль кровацячэнне не спынілася. Дзіцяці дапамагчы было ўжо немагчыма – але маці яны ўратавалі.
Мо таму гэты выпадак так запомніўся, што аднойчы амаль такая ж сітуацыя адбылося з ёй самой? Яна нарадзіла сваіх хлопчыкаў-двайнят: абодва – волаты, 3 500 і 3 600 кілаграмаў вагой. І ў яе затым таксама адкрылася кровацячэнне. Нішто не дапамагала. “Мы яе губляем…” – канстатаваў доктар і выйшаў з радзільнай залы. “Зацісніце аорту”, – прамовіла Вікторыя Феліцыянаўна – і страціла прытомнасць. “Вы самі сябе выратавалі!” – сказала акушэрка пасля таго, як парадзіха апрытомнела.
…Год адпрацавала яна ў Міхалішках – і прыйшла да тагачаснага галоўнага ўрача раённай бальніцы Івана Цімафеевіча Міхалькова нагадаць пра сваю мару і яго абяцанне: яна павінна быць неўролагам.
– Мне ў першую чаргу патрэбен рэнтгенолаг, – сказаў, як адрэзаў, галоўны. – А ўжо потым – усе астатнія спецыяльнасці.
Тады не ведалі слоў “не хачу”, “не магу”, “не буду”. Трэба – значыць, трэба. Яна прайшла адпаведныя курсы ў Гродне і, працягваючы працаваць у Міхалішках, раз на тыдзень прыязджала ў Астравец – а часцей прыходзіла, бо з транспартам тады было туга не толькі ў медыцыне, спадарожная машына, якая магла падвезці доктара, была вялікай рэдкасцю і ўдачай. А каля рэнтгенкабінета – чарга чалавек ў 30-40. І нікому не скажаш: “У мяне працоўны дзень закончыўся, мне яшчэ ў Міхалішкі дабірацца, прыйдзеце ў другі раз”.
Праз два гады працы ў Міхалішках яе ўсё ж перавялі ў Астравец і прызначылі неўролагам. Але яшчэ доўга яна “падстрахоўвала” рэнтгенолага – нават калі ўжо была цяжарная сваім першынцам. Канешне, рызыкавала – але тады ўсе яны былі людзьмі абавязку і думалі найперш пра справу, а ўжо потым – пра сябе.
– Так, працаваць даводзілася цяжка, – гаворыць Вікторыя Феліцыянаўна. – Але я ўдзячна таму часу і набытаму вопыту. Практыка была цудоўная і самая рознабаковая. Праца ў Міхалішках прывучыла мяне несці адказваць за ўсё і, перш чым спрабаваць паставіць свой вузкі спецыяльны дыягназ, бачыць усю карціну ў цэлым.

У Астраўцы


Вікторыя Феліцыянаўна была першым на Астравеччыне ўрачом-неўролагам – яна, па сутнасці, стварала неўралагічную службу раёна. І не толькі неўралагічную, а і псіхіятрычную, бо псіхіятра на той час у раёне таксама не было. А з такімі захворваннямі ніхто сам на прыём да ўрача не прыходзіць… Але паступова была створана псіхіятрычная картатэка, якую Вікторыя Феліцыянаўна перадала Ніне Сяргееўне Рудай, калі тая вызваліла яе ад гэтых абавязкаў, пакінуўшы толькі любімую неўралогію.
У Каменцы ў бальніцы размясціліся некалькі неўралагічных стацыянарных ложкаў, у Астраўцы у паліклініцы пацыенты чакалі амбулаторнага прыёму. Ранкам трэба было тэпаць пяць кіламетраў у Каменку, у абед столькі ж – назад, у Астравец.
– На гэта я не наракала: што за бяда – прайсці па свежым паветры? Наадварот: здаравей сябе адчуваеш… – паціскае плячыма Вікторыя Феліцыянаўна.
Неўралогія ёй падабалася заўсёды, і займацца любімай справай, дапамагаць людзям, бачыць, як хвароба, якая круціла чалавека, сціскала яго абцугамі, дзякуючы ёй і прызначанаму лячэнню паціху адступае, – для яе гэта заўсёды было ў радасць.
Ужо ў сталым узросце яна зноў падалася вучыцца: паклікала яшчэ адна даўняя мара – іголкарэфлексатэрапія. Усходняя медыцына ўвогуле і гэты яе накірунак у прыватнасці заўсёды прываблівалі доктара Шышло, але пасля ўскладнення савецка-кітайскіх адносін пад забарону патрапіла ўсё, што было прама ці ўскосна звязана з усходнім суседам. Калі ж у 80-х гадах “табу” знялі і сталі арганізоўваць адпаведныя курсы, Вікторыя Філіцыянаўна закончыла іх і стала піянерам гэтага цікавага метаду лячэння. Доўга, нават пасля выхаду на пенсію, яна лячыла людзей у тым ліку і з дапамогай іголак.

…За сваё доўгае насычанае жыццё Вікторыі Феліцыянаўне Шышло давялося зведаць многае: цяжкія ўспаміны дзяцінства – і бязмежную ўдзячнасць бацькам за іх подзвіг; доўгі шлях да ажыццяўлення мары – і радасць ад заняткаў любімай справай; удзячнасць пацыентаў, павагу знаёмых і зусім чужых людзей – і здраду блізкага чалавека; радасць, што неслі ёй яе чатыры сыны-асілкі, а затым і іх дзеці, – і страшэннае гора, калі давялося праводзіць у апошні шлях старэйшага з іх…
Але якія выпрабаванні ні выпадалі на яе долю, яна змага захавала сваю патомную, тую, што не даецца з дыпломам аб вышэйшай адукацыі, інтэлігентнасць, прыроджаную высакароднасць, той стрыжань, што ўлажылі ў яе некалі бацькі і які не даў ёй ні зламацца, ні нават сагнуцца ў самыя цяжкія моманты жыцця.

--------------------
Ніна РЫБІК.
Фота Івана ПЕТРЫКА.