Стратоник Лях: "Отцовский наказ передал детям"

18:00 / 02.02.2016
Стратоник ЛяхЖыццё, як хуткаплынная рака, сваім вірлівым цячэннем зводзіла і з кіраўнікамі, і з простымі людзьмі, агаляла берагі, часам не самыя чыстыя і прыгожыя, людской існасці – але заўсёды я заставаўся Чалавекам і памятаў бацькаў наказ: ва ўсіх справах кіруйся сумленнем…
За сваё жыццё я пабудаваў не адзін дом, выгадаваў разам з любай жонкай двух сыноў і дачку, разбіў сад… А колькі лесу пасадзіў! Пальцаў абедзвюх рук не хопіць, каб пералічыць “зялёныя” гектары… і пражытыя гады. Хутка і незаўважна падкралася сямідзесяціпяцігоддзе.

Стратоник Лях2Дзяцінства
Нарадзіўся я перад самым пачаткам вайны на Дзятлаўшчыне. Зараз няма той хаткі на хутары Хільмоны, дзе я і мае пяцёра братоў і сястра зрабілі свае першыя крокі, прамовілі першыя словы… Засталіся на пагосце толькі магілы продкаў ды хуткаплынная рачушка Маўчатка, воды якой памятаюць маё далёкае дзяцінства.
Дзед Мацвей, католік па веравызванні, прыйшоў у прымы да праваслаўнай – так род Ляхаў стаў праваслаўным. З часам дзядуля набыў млын і 35 гектараў зямлі, зерне да яго прывозілі малоць з усёй акругі.
Мае бацькі Іван Мацвеевіч і Сцефаніда Ільінічна былі з сялян: не кулакі – але і не батракі, як раней казалі, “сераднякі”.
Калі пачалася вайна, тата супрацоўнічаў з партызанамі, дапамагала змагацца з немцамі і ўся наша сям’я. Старэйшы брат Барыс быў сувязным, а мама кожны тыдзень па два разы на дзень пякла да пяцідзесяці кілаграмаў хлеба. Памятаю, калі да нас прыходзілі партызаны, накрываўся стол, абавязкова даставалася бутэлька, а адзін партызан, дзядзька Косця, жвава іграў на баяне.
Мне было тры-чатыры гадкі, калі я моцна перапужаўся. Мама пайшла на агарод і наказала мне сядзець на печы. А хто ж усядзіць у такім узросце? Не паспеў я адчыніць акно, як моцна загулі самалёты. Мне здавалася: хвіліна – і яны заляцяць проста ў нашу хату. Я хацеў злезці з акна, каб бегчы да мамы на агарод, але зваліўся і расплакаўся – а ў вушах грамыхаў гэты гул самалётаў.

Стратоник Лях1Мае «ўніверсітэты»
У тыя часы амаль у кожнай вёсцы былі пачатковыя школы. Спасцігаць навуку я хадзіў за два кіламетры ад нашага хутара ў вёску Серафіны. Школа размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце. Пасля была Норцавіцкая сямігодка…
Я марыў стаць мараком, у крайнім выпадку – лётчыкам. Мне здавалася, што сапраўдны мужчына павінен пакараць нябёсы ці марскія прасторы, што галоўнае ў жыцці – гэта прыгоды і рамантыка. Прыёмная камісія марскога вучылішча не раздзяліла майго юначага імпэту, па здароўі – сваю чорную справу зрабілі хранічныя ангіны – мяне не дапусцілі нават да ўступных іспытаў. Я пайшоў вучыцца ў 8 клас Ахонаўскай школы, якую скончыў у 1958 годзе.
Якраз у гэты час выйшаў хрушчоўскі загад: толькі дзесяць працэнтаў учарашніх школьнікаў маглі атрымаць вышэйшую адукацыю, астатнія павінны былі спачатку адслужыць у арміі ці адпрацаваць два гады. Я вырашыў паступаць у політэхнічны інстытут: сачыненне ўпершыню ў жыцці напісаў на выдатна, а вось фізіку здаў на “траяк”. Мяне не залічылі: не хапіла балаў. Што заставалася? Вядома, працаваць. Якраз у гэты час аб’явілі Усесаюзнай будоўляй цяперашні “Нафтан” у Полацку. Разам з братам Георгіем і яго сябрам Тадзікам па камсамольскіх пуцёўках мы паехалі на будоўлю. А якая ў нас спецыяльнасць? Рознарабочыя. Але сялянскі сын умеў усё: і пілу ў руках трымаць, і з сякерай упраўляцца. Днём уручную капалі вялізныя катлаваны, а ноччу вывозілі грунт. Ніхто не скардзіўся. Цяжка працавалі, але было весела. Кожны вечар на танцавальнай пляцоўцы збіралася моладзь: танцавалі, жартавалі...
Праз некаторы час брат паехаў вучыцца на верхалаза ў Мінск, а нам з Тадзікам прапанавалі перайсці на буравыя работы. Тут плацілі значна больш: калі ляснічы, да прыкладу, атрымліваў 700 рублёў, то я штомесяц меў 2,5 тысячы. Грошы стараўся эканоміць, адкладваць. Бацькі былі ў гадах, таму разлічваць даводзілася на сябе. Але ад мары атрымаць вышэйшую адукацыю я не адмаўляўся ні на хвіліну. Хлопцы часам смяяліся з таго, што з сабой важу кніжкі па хіміі, фізіцы і матэматыцы. Гітара таксама заўсёды была са мной.
Праца мне падабалася, таму я вырашыў паступаць у Львоўскі ўніверсітэт на факультэт геолага-разведчага бурэння. Калі аб гэтым даведаўся наш прараб, то стаў адгаворваць:
– Я б не раіў табе. Будзеш бадзяцца па ўсім Саюзе – ні жонкі не ўбачыш, ні дзяцей… Табе гэта трэба? – прыпыніўся на хвіліну і прадоўжыў: – А дзе ты нарадзіўся?
– Такія мясціны цудоўныя, – адказваю яму, а перад вачамі паўстае родная хата, да якой з усіх бакоў туліцца лес. – І рыба ў нашых рэчках водзіцца, а ягадаў і грыбоў – не злічыць!
– Ідзі ў лясны! – параіў мне прараб. – Будзеш з прыродай, да якой ты прывык з дзяцінства, і з сям’ёй.
Хто б мог падумаць, што гэтая выпадковая размова стане для мяне лёсавызначальнай – і што я ніколі ў жыцці не пашкадую пра свой выбар.
Назаўтра з раніцы я паехаў у Мінск паступаць у лесатэхнічны інстытут імя Кірава. Стрыечны брат Юрый, кандыдат медыцынскіх навук, прытуліў мяне ў сталіцы і выдзеліў асобны пакойчык, дзе я суткамі навылёт рыхтаваўся да экзаменаў. Бачачы маю цягу да навукі, ён нават прапанаваў мне ісці да іх, у медыцынскі, – але мяне ўжо ніхто не мог прымусіць адмовіцца ад лясной гаспадаркі.
На іспытах у лесагаспадарчым інстытуце я адзін з усіх абітурыентаў здаваў экзамены па-беларуску, бо вучыўся ў беларускамоўнай школе. Нават некалькі разоў перапытваў у членаў камісіі, ці правільна зразумеў тое ці іншае пытанне. Памылка мне б дорага каштавала: я так доўга ішоў да сваёй мэты! Пасля здачы ўступных іспытаў – па фізіцы я, дарэчы, атрымаў пяцёрку – паехаў дадому. А 29 жніўня атрымаў ліст з доўгачаканым “залічаны”. Колькі радасці было – словамі не перадаць!
Аднак перш чым ехаць на вучобу, трэба было трапіць у Віцебск, каб звольніцца, забраць рэчы. Хлопцы, з якімі працаваў, навіну ўспрынялі добра, казалі, што я – адзіны рабочы, хто паступіў у інстытут.
З Віцебска ў Мінск упершыню ў жыцці ляцеў на самалёце. Страх з дзяцінства, калі мне здавалася, што самалёты ляцяць на нашу хату, знік канчаткова.
Месца ў інтэрнаце я не атрымаў, таму на першым курсе даводзілася здымаць кватэру. Я імкнуўся вучыцца добра, каб атрымліваць стыпендыю.
З красавіка па верасень мы былі заняты на лесагаспадарчых работах, а з другога курса ездзілі ў лесаўпарадкавальныя экспедыцыі. Падчас іх, дарэчы, можна было добра падзарабіць – але і папацець даводзілася. Часам з вымяральнай стужкай у руках праходзілі больш чым 20 кіламетраў за дзень.
На чацвёртым курсе прыйшоў на практыку ў Гродзенскі лясгас, у многіх лясніцтвах якога мне даводзілася бываць. А ў снежні 1965-га на “выдатна” абараніў дыпломны праект, таму ў спісе на размеркаванне быў пятым.

Стратоник Лях3Дарога да прафесіяналізму
Праўду кажуць, што шляхі Гасподнія неспазнаныя. Мяне размеркавалі ў Сабалянскае лясніцтва – адзінае ў Гродзенскім лясгасе, дзе мне не даводзілася быць падчас вучобы. Калі б ведаў, што там робіцца, напэўна, папрасіўся б на пераразмеркаванне… Ну не люблю я безгаспадарчасці!
18 студзеня 1966 года я быў прызначаны ляснічым Сабалянскага лясніцтва. Давялося падымаць яго з нуля.
Неяк пайшоў знаёміцца да старшыні мясцовага калгаса – раней такая завядзёнка была. Зайшоў у бухгалтэрыю – і прапаў: дзяўчо сядзіць, прыгожае-прыгожае, з доўгай светлай касой. Закахаўся! Вось і не вер у каханне з першага погляду.
Вясной з Сабінай мы пабраліся шлюбам. Сёлета ў красавіку будзем адзначаць залаты юбілей сумеснага жыцця: паўвека жывём душа ў душу. Яна ў мяне і жонка, і сяброўка, і лепшы дарадца.
Мая мама моцна прасіла ў Бога, каб паслаў мне добрую жонку. Відаць, мела перад Усявышнім пэўную ласку: такую прыгажуню і гаспадыню я сабе знайшоў! Я заўсёды быў спакойны за дзяцей і гаспадарку, ведаў, што мая Сабіна ўсіх даглядзіць і ўсюды будзе лад і парадак.
У 1968 годзе мне прапанавалі ўзначаліць Вензавецкае лясніцтва Дзятлаўскага лясгаса. Я згадзіўся, бо блізка знаходзілася школа, а ў нас з Сабінай Іосіфаўнай на той час ужо было двое дзетак: дачушка Наташа і сынок Саша. А ў 1972 годзе нарадзіўся Юра. Неўзабаве да нас пераехала жыць мая мама…
У 1976 годзе лёс прывёў нашу сям’ю на Астравеччыну. З тагачасным дырэктарам Астравецкага лясгаса Аляксандрам Іванавічам Буем мы разам вучыліся ў інстытуце і на працягу чатырох гадоў жылі ў адным пакоі. Нашы погляды на жыццё і прафесію ў многім супадалі.
У 90-м годзе Бую прапанавалі ўзначаліць Гродзенскае лесагаспадарчае аб’яднанне, а мяне прызначылі дырэктарам Астравецкага лясгаса. Давялося дабудоўваць дрэваапрацоўчы цэх, узводзіць сучасныя майстэрні… Шмат чаго было зроблена за гады маёй працы на Астравеччыне.
Усе жыццё, на якіх пасадах я ні працаваў, заўсёды памятаў бацькавы словы: “Сынок, табе будзе даверана вялікае багацце – лес. Беражы яго і кіруйся сваім сумленнем. Сярод Ляхаў ніколі не было злодзеяў. Памятай: будзеш працаваць – будзеш мець і дабрабыт.”
На Дзень работнікаў лесу ў 2002 годзе я пайшоў на заслужаны адпачынак. Некаторыя кіраўнікі “ўрастаюць” у свае крэслы, а я заўсёды разумеў: прыйдзе час, калі трэба будзе саступіць дарогу моладзі, больш разумнай і таленавітай, чым яе папярэднікі.
Стратоник Лях4Я чуў пра Рыгора Мечыслававіча Долгага як пра прафесіянала і чалавека, які любіць сваю справу і мае багаты багаж ведаў і вопыту ў лесагаспадарчай галіне. І рады, што менавіта такі чалавек з’яўляецца дырэктарам Астравецкага лясгаса. Столькі зроблена пад яго кіраўніцтвам: пабудаваны новыя сучасныя адміністрацыйныя будынкі ў лясніцтвах, пашыраны рынкі экспарту прадукцыі. А галоўнае – Рыгор Мечыслававіч аб’яднаў каля сябе такіх жа, як і ён, прафесіяналаў, людзей, якія любяць сваю справу.
З вышыні (ці глыбіні?) сваіх гадоў магу сказаць, што лясная гаспадарка жыве і развіваецца, і кіраўніцтва дзяржавы на чале з Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам надае вялікую ўвагу экалагічнаму складніку і чысціні, а гаспадарлівасць пастаўлена ў ранг прыярытэтных.
Я веру, што будучае нашай краіны – за лясной гаспадаркай, і валавы ўнутраны прадукт Беларусі некалі дасягне ўзроўню перадавых скандынаўскіх краін: Швецыі і Фінляндыі. Бо, па вялікім рахунку, пры правільным вядзенні лясной гаспадаркі магчыма бясконцае лесакарыстанне.

Захапленні
Кажуць, для таго каб спазнаць чалавека, варта даведацца пра яго захапленні. Іх у мяне – тры: паляванне, рыбалка і пчалярства.
Мой дзядзька быў заядлым паляўнічым, таму ружжо я ведаю з дзяцінства. Жанчыне складана зразумець, што такое паляванне, ген якога закладзены ў кожнага мужчыну з першабытных часоў.
На паляванні ўсе роўныя: і партыйныя работнікі, і акадэмікі, і простыя сяляне… З многімі людзьмі яно мяне зводзіла па жыцці. А колькі цікавых выпадкаў здаралася! Аднойчы палявалі на лася. Шмат іх – яны цэлымі гектарамі знішчалі маладыя пасадкі – развялося ў тыя часы, таму план яго адстрэлу толькі на наш лясгас складаў 20 асобін.
Падчас палявання трапна стрэлілі ў сахатага, а ён упаў – і рогі адваліліся. Паляўнічыя жартавалі: хацеў адкупіцца, але, бядак, не паспеў…
Галоўнае падчас палявання – не хвалявацца, спакойна сустрэць звера і трапным стрэлам забіць яго або, калі няма гарантыі пацэліць, адпусціць: хай лепш пойдзе жывым, чым будзе мучыцца.
У лютым звычайна закрывалася паляванне, і я пераключаўся на рыбалку. І зараз люблю ставіць жарліцы са сцяжкамі на шчупака.
Ну і, канешне, не ўяўляю свайго жыцця без “ціхага палявання”. Летась неаднойчы па поўным кошыку грыбоў з Сабінай прыносілі.
Памятаю, падчас працы ў Вензавецкім лясніцтве быў выпадак. Трапілася з жонкай нам паляна, што словамі цяжка перадаць: грыб пры грыбу – і ўсе з чорнымі галовамі. Брат, які гасцяваў у нас, не паверыў, што самі назбіралі, казаў, што мне леснікі падкінулі такіх адборных і крамяных баравікоў…
З выхадам на заслужаны адпачынак стала больш часу для занятку пчалярствам. Пчолы ў мяне былі заўсёды: два-чатыры вуллі – мёду хапала для нашай сям’і. А зараз трымаю цэлую пасеку – сам змайстраваў трыццаць вулляў, а пчолкі-руплівіцы шчодра аддзячваюць салодкім мядком за клопат…
Шкада толькі, што жыццё не заўсёды салодкае. Няўмольны лёс забраў у росквіце сіл сына Сашу – раптоўна, нечакана, без папярэджвання і прадвеснікаў... Але пакінуў мне ўспаміны і працяг роду Ляхаў: у мяне – шасцёра ўнукаў і адна ўнучка…

Часта ў снах бачу раку свайго дзяцінства, у водах якой я, вясковы хлопчык, неаднойчы купаўся разам з сябрамі… Маўчатка, ты можаш ганарыцца мной: я выканаў бацькаў наказ і ніколі не здрадзіў свайму сумленню. І перадаў яго сваім дзецям і ўнукам.

---------------------------------------
Запісала Алена ГАНУЛІЧ.