Закомьтесь: талантливый и творческий Александр Юргелянец!

14:00 / 12.10.2015
Юргелянец АлександрНе трэба быць філосафам, каб разумець, што ўсе людзі – розныя і кожны чалавек – асобны Сусвет. Адзін – загадкавы і таямнічы, другі – прамалінейны і сур’ёзны, трэці – няўрымслівы і вясёлы, чацвёрты – сціплы і нешматслоўны… А ёсць простыя, шчырыя і адкрытыя людзі – менавіта да іх і адносіцца дырэктар Рытанскага Дома культуры Аляксандр Мечыслававіч Юргелянец, партрэт якога змешчаны на раённай Дошцы гонару.

Многія калегі называюць яго па бацьку – Мечыслававіч, а некаторыя наведвальнікі Дома культуры і наогул амаль па-сямейнаму – дзядзя Алік. Энергічны і непаседлівы, ён не можа доўга ўседзець на адным месцы і пастаянна некуды спяшаецца.
– Ды што зробіш, такі я ўжо ўдаўся па жыцці – люблю пастаянна быць “на адрэналіне”, гэткі “Лятучы Галандзец”, – жартуе Аляксандр Мечыслававіч. – Іншым не стану – позна ўжо мяне перарабляць. Дырэктарам Дома культуры дваццаць шэсць гадоў адпрацаваў – з аднаго боку шмат, а падумаю, колькі яшчэ хочацца зрабіць, – дык і гэта не час.
Да “культурнага” жыцця Аляксандра Мечыслававіча цягнула з маленства. Сярэдні сярод шасці дзяцей, ён рос жвавым і артыстычным хлопчыкам. Родную музычную душу знайшоў у сябры, што прыязджаў у госці да родзічаў з Літвы, а ўдзячную публіку – сярод мясцовых бабуль. Жыла тады вялікая сям’я Юргелянцаў на хутары Бразіня, што знаходзіўся паміж Падольцамі і Рытанню. У хвіліны асаблівага натхнення шасці-сямігадовыя артысты ўстанаўлівалі ў двары саганы, вёдры, збаночкі і іншыя “музычныя” інструменты, склікалі гледачоў з усіх пяці хат – і ладзілі канцэрт, ды так, што чулі іх і ў суседніх вёсках. Хлопцы стараліся на славу, а ўдзячная публіка не толькі слухала іх, але і дружна апладзіравала, часам нават падпявала. Так і павялося: як толькі да Юргелянцаў прыязджалі госці і патрэбен быў “творчы нумар”, усе адразу звалі Аліка.
– Ды мяне самога магнітам цягнула да музыкі. Напэўна, сваё важкае слова сказалі гены: маці мая вельмі прыгожа спявае, ды і ўсе ў сям’і слых і голас маюць, але “культурным” шляхам я адзін пайшоў. Скончыліся дзіцячыя канцэрты, а мой літоўскі сябар ужо на гітары іграць умеў. Дык калі я быў у пятым класе, старэйшы брат мне таксама гітару купіў. Колькі радасці было – зараз апошні айфон адпачывае! Сябар азы паказаў – а далей я пачаў самастойна інструмент вывучаць. Былі і ахвяры ў маёй навуцы: памятаю, у нас побач дзве хаты стаялі, дык я вечарам у другую выходзіў, каб не перашкаджаць астатнім адпачываць.
Пасля школы хлопец вывучыўся на шафёра-трактарыста, затым адправіўся служыць у армію – але і там умудраўся ўдасканальваць майстэрства ігры на гітары і не развітваўся з песняй. А ў Вільнюсе, куды лёс закінуў пасля дэмабілізацыі, Аляксандр Мечыслававіч іграў у аркестры. Але праз некаторы час туга па радзіме паклікала назад. Да таго часу хлопец ажаніўся і ў маладой сям’і нарадзілася дачка.
– З Таццянай нас пажанілі завочна мясцовыя жыхары. Яна да нас працаваць прыехала, а я якраз у армію пайшоў. Дык ёй адразу сказалі – вось вернецца Алік Юргелянец, дык ты за яго замуж і ідзі. Як у ваду глядзелі. А ў Рытань нас тагачасны старшыня саўгаса Рыгор Фёдаравіч Кара перацягнуў. Там быў клуб, але не было кіраўніка – вось і ўгаварыў ён мяне паспрабаваць. Вядома, пачыналі амаль з нуля, праз многае прыйшлося прайсці, нямала сваімі рукамі зрабіць, але ўсё ж гэта для людзей стваралася. Кіраўніцтва дапамагала, а дома мая Танюха падтрымлівала. Яна ж у мяне таксама апантаная музыкай была.
Многія астраўчане, дый не толькі, памятаюць прыгожую, усмешлівую жанчыну з пранікнёным голасам і светлымі вачыма – Таццяну Сяргееўну Юргелянец. Менавіта такой – вясёлай і жвавай – яна застанецца ў памяці людзей і менавіта такой будзе назаўсёды жыць у сэрцах родных і блізкіх.
Дваццаць шэсць гадоў, як верны капітан, Аляксандр Мечыслававіч верай і праўдай вядзе свой карабель – працуе дырэктарам Рытанскага Дома культуры. За гэты час у яго сценах праходзіла мноства канцэртаў і конкурсаў, а яго кіраўнік адкрыў не адзін дзясятак юных талентаў.
– Усё, што мы робім, у першую чаргу ствараецца для людзей. А хочацца зрабіць як мага больш, усіх да агульнай справы заахвоціць. Прыязджаюць новыя спецыялісты – тут жа да нас іх запрашаю. Калі ласка, прыходзьце – тут у нас і трэнажор, і більярд, і спявацьтанцаваць можна. Мне хочацца паказаць, што тут ёсць чым заняцца, каб людзі збіраліся, знаходзілі штосьці для сябе, а не сядзелі па аднаму па хатах. Цесна супрацоўнічаем са школай: дзеткі да нас на гурткі прыходзяць, такія прыгожыя вырабы робяць! Ды і калектыў у нас сабраўся добры – сапраўдная дружная каманда. Вольга Рабкоўская, Яраслаў Вянгроўскі – вось мой надзейны тыл і падрастаючая змена. А колькі яшчэ недаробленых спраў і планаў! Якіх? А вось аб гэтым расказваць не буду.
Сцяну рабочага кабінета Аляксандра Мечыслававіча ўпрыгожвае мноства дыпломаў. Як прызнаецца мужчына, яшчэ такі ж стос ляжыць недзе ў шуфлядах – яго ўзнагароды, жонкі, дзяцей. Дарэчы, цяга да музыкі сапраўды сямейная адметнасць Юргелянцаў: дачка Дзіна скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў, але зараз больш займаецца выхаваннем дачушкі, а вось сын Руслан рэгулярна радуе астраўчан сваімі выступленнямі.
– Што зробіш, усе мы Юргелянцы крыху “культурнутыя”, – смяецца Аляксандр Мечыслававіч. – Я вось таксама па настаянню Дануты Францаўны Чарнушэвіч скончыў Гродзенскі каледж мастацтваў. Але на гэтым вырашыў спыніцца – не адукацыя галоўнае. Можна закончыць мноства ўніверсітэтаў і атрымаць вышэйшыя званні, але, лічу, што самая галоўная прафесія для ўсіх павінна быць адна – гэта чалавечнасць. Людзі трацяць сваё здароўе на нервы, згрызоты паміж сабой, праблемы. Навошта ўсё гэта? Мы ж толькі адзін раз жывём.
Акрамя культурнага, Аляксандр Мечыслававіч жыве і актыўным грамадскім жыццём – ён стараста вёскі, а да нядаўняга часу быў яшчэ і дэпутатам мясцовых саветаў, пагэтаму цесна ўзаемадзейнічае з кіраўнікамі сельсавета і саўгаса ў вырашэнні розных мясцовых праблем.
А яшчэ Аляксандр Мечыслававіч – двойчы дзядуля.
– Старэйшай Ксюшцы – шэсць гадоў, а малодшаму Давіду хутка год споўніцца. Думаю, самы час яму маленькі мікрафон падарыць – няхай ужо зараз прывыкае музычную дынастыю Юргелянцаў працягваць (смяецца). А калі сур’ёзна, самае дарагое для мяне – гэта сям’я: дзеці, памяць аб жонцы, маці, якая, дзякуй Богу, жывая, унукі. І сапраўднае шчасце, калі ў іх усё добра. Усім астатнім людзям, а напярэдадні прафесійнага свята і сваім калегам хачу пажадаць аднаго: ад Бога – здароўя, ад сонца – цяпла, ад людзей – дабрыні.

-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.