Александр Петрович Сыч был человеком искренним и открытым

17:00 / 06.05.2015
1687
У гэтым годзе 5 мая былому галоўнаму рэдактару «Астравецкай праўды» Аляксандру Пятровічу Сычу споунілася б 80 гадоў!
Здаецца, гэта было толькі ўчора. Аднак з той пары прайшло роўна… трыццаць гадоў. І наша першая з ім сустрэча, якая паклала пачатак вельмі плённаму, роўнаму і карыснаму супрацоўніцтву на працягу трох гадоў, адбылася менавіта 5 мая 1985 года.
Але напачатку некалькі cлоў аб тым, што гэтаму папярэднічала.

...І бяры білет на Астравец


Гэта сёння я ведаю, што ўяўляюць сабой амаль усе райцэнтры Гродзеншчыны, бо за час працы ў абласной газеце мае творчыя маршруты – дзе аўтобусам, дзе спадарожным транспартам, а дзе і пехатою – пралеглі праз большасць раёнаў вобласці. А падчас свайго студэнцтва, якое прыйшлося на 1975-1980 гады, больш-менш ведаў толькі свой родны Дзятлаўскі ды суседнія Лідскі, Слонімскі,
Навагрудскі раёны. А пра Астравец упершыню пачуў на другім ці трэцім курсе, ды і то выпадкова.
Са студэнцкіх гадоў застаўся ў памяці эпізод, звязаны з Астравецкім краем. Напярэдадні чарговага размеркавання ў фае нашага вучэбнага корпуса з’явілася карта-самаробка, на якой былі пазначаны адміністрацыйныя цэнтры рэспублікі, а насупраць іх значыліся прозвішчы выпускнікоў, якія ці самі выбралі месца будучай працы, ці іх туды накіроўвалі ў адпаведнасці з рашэннем дзяржаўнай камісіі па размеркаванні. Нямала было шчасліўчыкаў, якія неўзабаве павінны былі адправіцца ў сталіцу ці ў абласныя цэнтры. Нехта выбіраў сваю малую радзіму – Івацэвічы, Крупкі, Талачын, Клімавічы, Брагін… А каля Астраўца была прымацавана цыдулка з такім прыкладна тэкстам: “Як не паступіў у аспірантуру – здуру, не было знаёмых альбо месц, абдымі татулю, пацалуй матулю – і бяры білет на Астравец…”


Пяць хвілін на перамовы


Калі настала мая пара выбіраць сваю кропку на такой жа карце, я без ваганняў папрасіўся ў Дзятлаўскую “раёнку”, у якой друкаваўся яшчэ ў час вучобы ў школе. Там праходзіў і практыку. Дыпламаваным спецыялістам працаваў там жа спачатку на раённым радыё, потым – загадчыкам сельгасаддзела.
...Настаў 1985 год, які выдаўся багатым на розныя камандзіроўкі, што былі аддушынай у паўсядзённай рэдакцыйнай цякучцы. Зімой я на два тыдні паехаў у Мінск на курсы маладых журналістаў, затым – на курсы пры ўніверсітэце марксізму-ленінізму на цэлы месяц. На тых курсах я і атрымаў прапанову ехаць у Астравец на пасаду намесніка рэдактара раённай газеты.
Задумацца было над чым. На Дзятлаўшчыне – мае карані, там жылі мае бацькі, за час працы наладзіліся добрыя сувязі з кіраўніцтвам і спецыялістамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, пазаштатным аўтарскім актывам. Незадоўга да гэтага атрымаў двухпакаёвы блок у заводскім інтэрнаце (у нас з жонкай былі ўжо два сыны). Здаецца, жыццё стала наладжвацца. І тут трэба ўсё кідаць і ехаць невядома куды. Ды яшчэ як там сустрэнуць?
Але ж быў малады, хацелася нечага большага, свежага. І пасля некаторых ваганняў даў згоду.
Тым не менш напачатку вырашыў правесці своеасаблівую разведку: паехаць у Астравец, паглядзець, што да чаго, пазнаёміцца з рэдактарам – і тады прыняць канчатковае рашэнне.
Пачатак мая для рэдакцыйных калектываў заўсёды напружаны: тут і Першамай, і Дзень Перамогі. Працаваць звычайна даводзіцца з улікам графіку выхаду газеты. І ўсё ж я знайшоў магчымасць паехаць у Астравец – менавіта 5 мая, у Дзень друку. Сеў за руль уласнага “Масквіча”, прыхапіў дарожную карту і адправіўся ў невядомую мне дарогу.
Астравец паўстаў перад вачыма так нечакана, што я на нейкі момант разгубіўся.
Адшукаць будынак рэдакцыі ўдалося хутка і без падказак. Прыпаркаваў машыну і накіраваўся да будынка, які, па ўсіх прыкметах, быў мне патрэбен. У некаторай нерашучасці азірнуўся навокал – ці па адрасу трапіў? – і ўбачыў невысокага росту, шыракаватага ў плячах мужчыну. Апрануты ён быў у лёгкі плашч, белую кашулю з гальштукам, на галаве – капялюш: адразу відаць – нехта з мясцовых кіраўнікоў. І хоць мужчына, мяркуючы па ўсім, спяшаўся, я адважыўся яго патурбаваць.
– Ці не падкажаце, шаноўны, дзе знаходзіцца рэдакцыя і ці можна ўбачыць рэдактара?
– Рэдакцыя побач, а рэдактар перад вамі. А з якой, прабачце, нагоды вас гэта цікавіць?
– А перад вамі – магчымы ваш намеснік. Калі не супраць, давайце знаёміцца.
– Што ж, вельмі прыемна. Аляксандр Пятровіч Сыч. Вось толькі дзень для вашага прыезду не зусім удалы – у нас сёння выхадны. Але паказаць рэдакцыю, расказаць пра калектыў буду рады. Хаця, шчыра кажучы, часу асабліва не маю. У мяне сёння двайное свята: і прафесійнае, і асабістае – 50 гадоў з дня нараджэння.


Я сюды абавязкова вярнуся!


Аляксандр Пятровіч, хоць мой прыезд і стаў для яго поўнай нечаканасцю, удзяліў мне крыху часу: паказаў рэдакцыю, расказаў, што ўяўляе сабою “раёнка” і яе калектыў.
– А вось тваё будучае рабочае месца, – паказаў ён стол у кабінеце, дзе стаялі яшчэ два такія ж сталы адказнага сакратара і загадчыка аддзела пісьмаў. – Умовы ў нас, па праўдзе кажучы, не надта камфортныя. У будынку пад адным дахам знаходзяцца і рэдакцыя, і друкарня – праект не самы ўдалы. Вокны – шарачэзныя, цяпло трымаюць слаба. І ўнутраны інтэр’ер мог бы быць больш утульным. Але што маем – тое маем. Працаваць можна. Калі надумаеш прыехаць, сустрэнем і прымем па вышэйшаму разраду. А Астравеччына, каб ты ведаў, край гасцінны.
Размова падчас нашай першай сустрэчы заняла хвілін пяць. Аднак і іх хапіла, каб прыняць канчатковае рашэнне.
Кажуць, што дарога дамоў заўсёды карацейшая. Тыя ж кіламетры, павароты, уздымы і спускі – а ехалася неяк лягчэй і хутчэй. Вось тая ж станцыя Гудагай, мястэчка з такой жа назвай... А вось і чарговы ўзгорак на мяжы Астравецкага і Ашманскага раёнаў. Я прыпыніўся, выйшаў з машыны, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае майскае паветра і зазначыў пра сябе: “Я сюды яшчэ вярнуся. Абавязкова!”
Так яно неўзабаве і атрымалася.


Сустрэчы. Знаёмствы. Знаходкі


Ужо 3 чэрвеня ў маёй працоўнай кніжцы з’явіўся запіс: “Прыняты на работу ў рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” на пасаду намесніка рэдактара”. У маім жыцці пачынаўся новы перыяд.
І зноў з’явілася нямала падстаў для роздуму: з чаго пачынаць? І тут вельмі слушнай аказалася парада рэдактара – сталага і больш вопытнага журналіста: “Не спяшайся ахапіць усё за раз – гэта немагчыма. Ды і няма ў тым неабходнасці, – з уласцівай яму разважлівасцю гаварыў Аляксандр Пятровіч. – Вызначся з тэмамі, якія лічыш першачарговымі, самымі надзённымі і актуальнымі. Аднак не забывай і пра перспектыўныя накірункі. Днямі, напрыклад, у райкаме партыі адбудзецца нарада прафсаюзнага актыву. Табе трэба будзе рыхтаваць аб ёй справаздачу. Справа для цябе, сельгасніка, новая, таму прапаную рыхтаваць яе сумесна: я апрацоўваю даклад, твая задача – думкі і меркаванні выступаючых у спрэчках. Звярні ўвагу: некаторыя з выступленняў могуць паўтарацца, будуць там і слушныя заўвагі, прапановы. Асобныя моманты уключай у справаздачу, а некоторыя, найбольш цікавыя, пакінь на потым. Праз некаторы час да іх можна будзе вярнуцца – гэта стане падставай для добрай, грунтоўнай публікацыі, а магчыма, нават не адной.
А на наступны дзень яшчэ адна прапанова рэдактара:
– Я ў складзе лектарскай групы еду ў калгас “Чырвоны Кастрычнік”. Калі ёсць жаданне, паехалі разам. Пазнаёмішся са старшынёй: Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч – адзін з лепшых кіраўнікоў-гаспадарнікаў. Выдатныя ў яго і спецыялісты. Такое знаёмства, мяркую, будзе табе толькі на карысць. Наогул, у нас, журналістаў, ёсць правіла: калі хочаш валодаць самай свежай інфармацыяй, старайся мець надзейных сяброў у кожным калектыве. Яны і добрай навіной падзеляцца, і тэму цікавую падкажуць.
Гэткім чынам я і імкнуўся ладзіць сваю працу. У хуткім часе ў мяне з’явіліся такія актыўныя памочнікі. Аднымі з першых сталі сакратары партыйных арганізацый калгасаў імя Чапаева і імя Карла Маркса Ядвіга Юльянаўна Недалтоўская і Анатоль Міхайлавіч Міхцееў, ПМК-59 Тэрэза Паўлаўна Буш і іншыя. І чым больш было ў мяне потым сустрэч на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях раёна, тым больш станавілася такіх памочнікаў, а гэта значыць – сяброў газеты.
А неўзабаве высветлілася, што ў раёне працуе нямала маіх землякоў: тагачасны галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Аляксандравіч Ражко, галоўны ляснічы лясгаса Стратонік Іванавіч Лях, урач-стаматолаг Станіслаў Уладзіміравіч Сурма і іншыя.
І зноў спрацавала парада Аляксандра Пятровіча Сыча: чым шырэй кола тваіх знаёмстваў, чым актыўней ты вядзеш пошук новых аўтараў, тым больш напоўненым самай разнастайнай і карыснай інфармацыяй будзе твой блакнот, а значыць – з’явяцца і новыя публікацыі, запатрабаваныя самым шырокім колам чытачоў.
Аляксандр Пятровіч Сыч быў не толькі настаўнікам і дарадчыкам. Ён заўсёды з увагай і разуменнем ставіўся да прапаноў і ідэй сваіх падначаленых. Усё слушнае і вартае прымаў і падтрымліваў. Памятаю, абласная Дзяржаўтаінспекцыя штогод праводзіла творчы конкурс на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў бяспекі дарожнага руху. Гэтая тэматыка прысутнічала і на старонках “Астравецкай праўды” – але ад выпадку да выпадку. Таму гэтыя публікацыі і заставаліся незаўважанымі арганізатарам конкурсу. Я прааналізаваў, як гэта робяць нашы калегі з іншых газет, прыкінуў, што цікавага ў гэтым плане можам зрабіць мы, – і прыйшоў да рэдактара з прапановай не толькі прыняць удзел у конкурсе, але і аднесціся да яго сур'ёзна: распрацаваць тэматыку, прыцягнуць да ўдзелу найбольш актыўных пазаштатных аўтараў, а галоўнае – наладзіць сістэму.
Аляксандр Пятровіч, уважліва выслухаўшы мае меркаванні, падтрымаў іх. Пры гэтым заўважыў: “На ўзнагароды, магчыма, нам ранавата замахвацца, але паўдзельнічаць у конкурсе будзе не лішнім. Матэрыялы гэтыя пойдуць на разгляд журы – значыць, рыхтаваць іх трэба больш адказна. А гэта ўжо – добры стымул павышэння прафесійнага майстэрства”.
Неўзабаве выйшаў першы тэматычны выпуск пад рубрыкай “Чалавек. Аўтамабіль. Дарога”, затым – другі, трэці. Мы ўважліва аналізавалі кожны з іх. Пад асаблівым кантролем была рэгулярнасць выпускаў. Улічвалася актуальнасць публікацый, іх рознабаковасць, удзел у падрыхтоўцы пазаштатных аўтараў.
І вось фінал чарговага конкурсу – і нечаканая, але надзвычай прыемная навіна: “Астравецкая праўда” прызнана пераможцам! Радаваўся той перамозе ўвесь калектыў на чале з рэдактарам.


Чалавек без амбіцый


Аляксандр Пятровіч Сыч на працягу амаль дваццаці трох гадоў узначальваў рэдакцыйны калектыў “Астравецкай праўды”. Тут працавалі і пачынаючыя, і ўжо сталыя журналісты. І кожнаму з іх, нягледзячы на свае творчыя дасягненні, было чаму павучыцца ў рэдактара – чалавека ўдумлівага, разважлівага, ураўнаважанага, без высокіх амбіцый, але цалкам адданага сваёй справе.
Гартаючы сёння падшыўкі тых гадоў, калі газету рэдагаваў А.П. Сыч, часта можна сустрэць артыкулы, пад якімі стаяць прозвішчы Артура Цяжкага, Канстанціна Клебана, Рычарда Бялячыца, Рычарда Карачуна. Жыццё не стаіць на месцы – мяняецца і склад рэдакцыйных калектываў: на змену прызна ным аўтарытэтам прыходзіць моладзь – набіраецца вопыту, вучыцца на прыкладзе сваіх папярэднікаў. Упэўнены, кожны з іх нешта знойдзе для сябе і на прыкладзе творчай дзейнасці былога рэдактара – якому, да таго ж, была ўласціва яшчэ і выключная сціпласць.
Я і сёння памятаю такі выпадак. Напярэдадні Дня друку рэдакцыя правяла традыцыйную сустрэчу з пазаштатным аўтарскім актывам. А.П. Сыч рыхтаваў справаздачу аб ёй, разлічаную на цэлую газетную старонку. Але ў апошні момант аказалася, што да заканчэння той самай паласы, на якой была змешчана справаздача, не хапала радкоў 30-40 тэксту. Час прыспешваў, трэба было здаваць нумар у друкарню…
– Забудзем пра сціпласць, – заўважыў Аляксандр Пятровіч, трымаючы ў руках амаль гатовую паласу, на якой зіхацела белая пляма. – Паставім здымак рэдактара з ушанавання каго-небудзь з пазаштатных аўтараў.
Так і было зроблена – той здымак прыйшоўся якраз да месца: ён удала праілюстраваў атмасферу, што панавала на сустрэчы.
Як гром з яснага неба
На той час, у 1992 годзе, я працаваў ужо ў “Гродзенскай праўдзе”. У сярэдзіне красавіка пайшоў у адпачынак і на некалькі тыдняў паехаў на вёску, цалкам адключыўшыся ад усіх падзей і навін.
Вярнуўшыся ў Гродна, перш за ўсё пачаў праглядваць пошту, якой сабралася шмат. Адкрыў адзін з нумароў абласной газеты – і вачам сваім не паверыў: паведамлялася аб раптоўнай смерці А.П. Сыча. Памёр ён напачатку мая, калі займаўся сваёй любімай у вольны час справай – працаваў на агародзе. Дактары сказалі, што не вытрымала сэрца…
Разам з Аляксандрам Пятровічам мы працавалі роўна тры гады, якія праляцелі як тры дні. І ніводнага разу за ўвесь гэты час не было выпадку, каб ён нават у няпростай сітуацыі павысіў голас, некага неабгрунтавана папракнуў ці пакрыўдзіў: тактоўнасць была яму ўласціва не менш, чым сціпласць.
І гэта не толькі маё меркаванне. У Гродна зараз жыве нямала з тых, хто ў свой час працаваў у Астраўцы, сустракаўся з А.П. Сычом, добра ведаў яго. Сярод іх – і былы старшыня Астравецкага райвыканкама Мікалай Васільевіч Галай.
– Я працаваў у Астраўцы першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі, а з 1983 па 1989 год – старшынёй райвыканкама, – узгадвае Мікалай Васільевіч. – З рэдактарам “раёнкі“ даводзілася сустракацца часта – і па службовых справах, і ў прыватным парадку. Аляксандр Пятровіч, нягледзячы на сваю адказную пасаду, быў надзвычай простым чалавекам, шчырым і адкрытым. Зорак з неба, па праўдзе кажучы, не хапаў, ды і не імкнуўся да гэтага, а добрасумленна і адказна ставіўся да сваёй справы. За гэта яго цанілі і паважалі.


------------------------------
Уладзімір ТОМЧЫК, намеснік рэдактара газеты “Астравецкая праўда” ў 1985-1988 гг., г. Гродна.



Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений