Почти на 70 лет разлучила война Татьяну Волкову с родиной

13:00 / 16.01.2014
3852
Танечцы ішоў шосты год, калі захопнікі ўварваліся ў іх Міхайлаўскае… Дзяўчынка ніяк не магла зразумець значэння слоў “вайна” і “немцы”, якія выляталі з вуснаў аднавяскоўцаў і вылучалі водар небяспекі.
Тады дзяўчынка з усіх ног кінулася ў другі канец вёскі, дзе жыў яе сябар Яша. Хлопец ад нараджэння быў нямым і меў мянушку “немец”. Таня моцна набіла яго дубцом і вярнулася дадому. Малая расказала маме, што “немца” не трэба баяцца, бо Яша сам заліваецца слязьмі, забіўшыся ў кут. Мама нічога не сказала, а толькі ўсміхнулася праз слёзы, якія засцілалі вочы. Яна, дарослы чалавек, усё разумела. А вось Танечка ніяк не магла ўцяміць, чаму такі вэрхал і перапалох стаіць у іх вёсцы.
…А калі Міхайлаўскае разам з жыхарамі, якія засталіся, успыхнула чырвоным полымем, колерам крыві ўсіх ахвяр ненасытна-пражэрнай, незразумелай для простага чалавека вайны, на сэрцы дзяўчынкі з’явіліся глыбокія раны.
Яны крывавілі і падчас вайны, і пасля яе – у дзетдоме. І нават у студэнцкія гады нылі халоднымі ўспамінамі, голадам і кляймом “дзетдомавец”.
Таццяна Высоцкая пакінула вёску Міхайлаўскае, дзе скончылася яе дзяцінства, так і не паспеўшы пачацца, у далёкім сорак чацвёртым… А вярнулася сюды ўжо з прозвішчам Волкава амаль праз семдзесят гадоў…

…Яна доўга варочалася з боку на бок і ніяк не магла заснуць, нягледзячы на стому і ўнутраную слабасць. Успаміны вярталіся то выразнымі карцінамі, то бяссувязнымі абрыўкамі і змяняліся перад вачамі з непамернай хуткасцю.
Здавалася, гэта было толькі ўчора. Быццам час змяніў свой ход і стрэлка гадзінніка імгненна адкруціла не хвіліны і нават не гадзіны, а дзесяцігоддзі – цэлых семдзесят пяць гадоў!


І яна зноў стала той жа маленькай Танечкай. І ў яе былі мама і тата, маленькія брацікі і сястрычкі. І грушы па-ранейшаму раслі ля іх хаты і веснавой парою ўбіраліся ў карункавыя вясельныя строі квецені, а восенню частавалі не толькі Высоцкіх, але і ўсіх аднавяскоўцаў сакавітымі пладамі. Яны з пляскатам валіліся на зямлю і разбіваліся, пакідаючы невялікія лужыны.
Дзетвара, мужчыны і жанчыны збіраліся каля хаты Высоцкіх, каб паслухаць музыку на патэфоне і пачаставацца крамянымі бэрамі. І Танечка ганарылася патэфонам, які збіраў такую колькасць людзей, – бо ён быў адзін на ўсю вёску.
Яна не памятала матчын характар, але з ёй засталіся, бы адвечныя зарубкі на сэрцы, успаміны, дзе прысутнічала мама…
...Танечка частуе свайго маленькага трохмесячнага браціка “ляндрынкай”.
– І чаму ж гэта ты не радуешся? – дзяўчынка глядзіць на спавітага ў свежыя пялюшкі браціка.
Маці ўсхопліваецца, кідае кросны – і стрымгалоў ляціць да малога. Жанчына хутка дастае з роту немаўляці цукерку – і паказвае малой кулак. Таня ратуецца ад матчынай кары: ускочыла на печ і сабралася саскочыць на зямлю, а тут маці злавіла малую і моцна сціснула ў сваіх абдымках. Таня спалохалася, што атрымае наганяю, а матуля замест таго, каб пакараць свавольніцу, залілася смехам…


Мама…
Ноччу, пасля паездкі ў Міхайлаўскае, Таццяна сасніла маму. Як і ў кожным сне, яна была апранутая ў тое адзенне, у якім загінула: ружовая кофта ў кветкі і спадніца ў палоску. Гледзячы дачушцы ў вочы, мама пяшчотным, да болю знаёмым голасам прамовіла:
– Танечка, а ты не там паставіла свечкі, не туды палажыла кветкі, – і паказала месца, дзе яна з маленькім сыночкам знайшлі апошні прытулак.
Таццяна ўсхапілася з ложка. Сэрца калацілася ў грудзях і моцна аддавала ў вушах – здавалася, што нехта моцна біў малатком унутры галавы.
“Не там паклала… Не знайшла…” – думкі пульсавалі ў скронях разам з крывёю, а па шчоках сцяклі пякучыя слёзы.
…На працягу гэтых доўгіх гадоў Таццяна Нікіфараўна Волкава не ведала, дзе пахаваны яе блізкія. На Радаўніцу жанчына заўсёды малілася і ставіла ў царкве свечку, але не магла, як іншыя, прыйсці на могілкі, каб запаліць агеньчык памяці ці пакласці букет кветак. Яна не магла паплакаць на іх магілах, расказаць пра набалелае або падзяліцца радасцю…
Толькі сёлета жанчына разам з дзецьмі, якія ўжо даўно самі сталі бацькамі, знайшла ў сабе сілы паехаць на Гомельшчыну, у вёску Міхайлаўскае Петрыкаўскага раёна, дзе нарадзілася. Яна не была там з далёкага 1944 года, хоць усё жыццё імкнулася туды – страчаная радзіма клікала да сябе. Але ўвесь час адкладвала паездку. Яна суцяшала сябе думкамі, што заўтра абавязкова сабярэцца – і паедзе. Але кожны новы дзень, які яшчэ ўчора насіў цэтлік “заўтра”, змяняў другі дзень – новае “заўтра”. Так міналі гады. І з кожным новым годам страчаная радзіма клікала да сябе ўсё мацней. Але толькі ў 2013 годзе жанчына адважылася на паездку.
Дачка і сын перажывалі за маці і баяліся, што ваенныя шнары пачнуць ізноў крывавіць і яна не зможа ў другі раз перажыць тыя жахі, якія, быццам прывіды, крочылі ўсе гэтыя гады за ёй па пятах…
Машына рухалася ў канец вёскі да могілак. Таццяна Нікіфараўна разам з дзецьмі доўга шукала, дзе пахаваны яе родныя і блізкія. Толькі праз гадзіну пошукаў і блуканняў убачыла дзве магілкі – дарослую і дзіцячую. Волкавы ў цішы запалілі свечкі, паклалі кветкі і памаліліся.
– Мама, дзе ты? – пыталася жанчына, і слёзы гарачымі раўчукамі цяклі па шчоках. – Ты тут… – супакойвала сябе Таццяна Нікіфараўна.
З могілак Волкавы паехалі ў вёску. Таццяна Нікіфараўна спадзявалася, што пасля вайны нехта з жыхароў вярнуўся ў Міхайлаўскае і зараз жыве тут.
Вёска змянілася непазнавальна: многіх хат ужо не было, на іх месцы выраслі другія – новыя. Але краявіды былі пазнавальнымі нягледзячы на тое, што таксама змяніліся за гэты час.
У жанчыны сярэдніх гадоў, якая ішла ім насустрач, Таццяна Нікіфараўна запыталася пра хату Высоцкіх. Аднак кабета не памятала такіх, хоць была з мясцовых, і параіла падарожнікам ехаць да канцавых хат, дзе жылі тры старэнькія жанчыны, равесніцы Таццяны Нікіфараўны.
Нечакана з адной хаты, да якіх раіла Волкавым ехаць маладзіца, выйшла жанчына. Таццяна Нікіфараўна адразу пазнала ў ёй малодшую сястру сваёй сяброўкі Тані. Ліда таксама прызнала Танечку – жанчыны яшчэ доўга галасілі і абдымалі адна адну. Яны то плакалі па страчаным мінулым, то смяяліся, успамінаючы шчаслівыя моманты з жыцця.
Ліда расказала сяброўцы, якую на доўгія гады аддаліла ад яе вайна, што па суседству жывуць Хіма і Зіна. І жанчыны пайшлі да іх. Таццяна Нікіфараўна не паспела назваць сваё дзявочае прозвішча, як пачула ў адказ плач – абедзве жанчыны таксама пазналі Таццяну: Хіма і Зіна былі маладзейшымі за Ліду, пагэтаму адразу прызналі Высоцкую, нягледзячы на тое, што апошні раз бачылі яе шасцігадовай дзяўчынкай.


У Міхайлаўскім было 360 двароў. Праз вёску цягнулася доўгая вуліца, якую абступалі з двух бакоў хаты, а за імі раскінуліся вялікія сады… Таня памятала з расповедаў дарослых, што да вёсак пачалі далучаць хутары. І вёска пабольшала: другой паласой-шнурам за калгаснымі яблынямі і грушамі пачалі вырастаць хаты хутарскіх перасяленцаў.
І дзяўчынка, такая смелая і адважная, разам з сяброўкамі бегае па панадворку былога хутара, углядаецца ў неабсяжную даль, дзе зелянеюць лугі і палеткі…
Пасля 1945-га яны будуць сніцца Таццяне Нікіфараўне… Настолькі рэчаісныя, што, здаецца, паварушыш травінку або кветачку – і адтуль выляціць спалоханы матылёк.


Жанчыны падышлі да Лідзінай хаты, па суседству з якой калісьці стаяла і хата Таццяны. Нікіфараўна не пазнала б гэтае месца, каб не сяброўкі. Толькі засохлая груша ўзвышалася над зямлёй. Дрэва перажыло два іншых, ад якіх не засталося і следу, але ўжо таксама было мёртвым.


Таня моцна любіла гэтыя тры грушы. Дзяўчынка добра засвоіла ад бацькі, што грушы трэба не абтрасаць, а падбіраць з зямлі. Збірала іх і з асалодай смакавала сакавітыя плады… Праз гады Таццяна пранесла гэты смак.


Позірк вачэй праслізнуў ссохлую грушу. На тым месцы, дзе некалі стаяла іх хата, узнёсся велічны помнік з надпісам: “Вызваліцелям, замучаным, загінуўшым і згарэўшым у агні”. Якраз на гэтым месцы, дзе яна, маленькая, змагалася з непаслухмяным парогам, яе аднавяскоўцы знайшлі свой апошні прытулак у брацкай магіле.
Фашысты за адну ноч спалілі Міхайлаўскае.


Калі знік тата і на вачах загінула мама – увесь цяжар і клопат аб малых лёг на Таніны плечы. Дзяўчынка ўвесь час ганяла меншых брацікаў і сястрычак, якія хаваліся на печы, на агарод. А пасля ізноў адпраўляла іх на цёплую падушку. І ўвесь час баялася, што немцы падпаляць хату, а яна разам з малымі не паспее ўратавацца.
Аднак знайшоўся добры чалавек, які прыехаў на кані, каб забраць асірацеўшых дзяцей. Воз не ад’ехаў ад вёскі і паўкіламетра, як хата Высоцкіх запалала. З’явіўся б гэты чалавек на пяць хвілін пазней – ні Тані, ні яе братоў і сясцёр не засталося б у жывых.


Жанчына моўчкі праглынула камяк і з палёгкай уздыхнула: знайшла месца, дзе яна гадавалася, рабіла свае першыя крокі і гаварыла першыя словы. Ды яшчэ сустрэла трох сябровак!
Жанчыны хадзілі па вёсцы і ўспаміналі дзяцінства. Чым больш расказвалі Зіна, Хіма і Ліда, тым больш успамінала Таццяна. Усё сцёртае да гэтага часу і схаванае пад пячаткай “забаронена” – успомнілася.
Зраненая вайной свядомасць, якая выразала з памяці жудасныя ўспаміны, цяпер узарвалася. Напэўна, такі механізм – “сцёртыя” ўспаміны – быў закладзены для самазахавання.
…Таццяна Нікіфараўна ўспамінала прозвішчы. Яны самастойна ўсплывалі і не падпарадкоўваліся ні розуму, ні памяці. Жанчына сама не магла зразумець, адкуль усё гэта ведае.


“Во тут хата Архіпавай стаяла, – успамінала жанчына – і ўсё вярталася на кругі свае. – Тут Ігнатовічы жылі, – жанчына абвяла позіркам згорбленую, як бабулька, хатку. – Сарокі, Трэццякі, Крэкі…”


З кожным новым прозвішчам яна ўспамінала і людзей.
А калі незаўважна падышлі да могілак, Таццяна Нікіфараўна ўспомніла, што яшчэ некалькі гадзін таму ёй кінулася ў вочы чатырохвугольная прастора зямлі пасярод іх без крыжоў і помнікаў.


У час вайны праз могілкі праходзіла абаронная лінія немцаў. Яны тут капалі траншэі, а косці пахаваных у гэтай зямлі людзей выкідвалі ў поле.
Пасля вайны людзі, якія выжылі, вярнуліся ў Міхайлаўскае. Першае, што яны зрабілі, – захавалі астанкі прашчураў у адной магіле – брацкай. З таго часу да гэтага пляцу сталі падступаць з розных бакоў крыжы і помнікі, але гэтае месца не краналі – ніхто не хацеў хаваць на касцях сваіх дзядоў і прадзедаў.


Жанчыны сціскалі адна адну ў абдымках, разам смяяліся, плакалі і маўчалі...
І страчаная даўно радзіма адпусціла, перастала зваць да сябе…
Па дарозе дамоў, у Варняны, Таццяна Нікіфараўна не магла абмінуць Азарычы, дзе падчас вайны знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер. Там яе аднавяскоўцы, жыхары суседніх вёсак і зусім незнаёмыя людзі, знайшлі свой апошні прытулак.
Цяпер на гэтым месцы стаяць тры высокія стэлы, якія сваімі шпілямі ўпіваюцца ў неба. Іх барэльефы дэманструюць карціны з жыцця канцлагера… І мора кветак навокал… Здаецца, усё наваколле выслана рознакаляровымі бутонамі. Яны з усіх бакоў падступаюць да стэлаў…
А на балоце чарнеюць дрэвы – не хочуць яны расці на чалавечых касцях…
Праз дарогу на ахвяраванні мецэната была пабудавана каплічка. З розных куточкаў Беларусі і ўсяго свету ў гэтую святую кропку на памінальныя дні з’язджаюцца людзі, каб памаліцца за тых, для каго канцэнтрацыйны лагер стаў апошнім домам.


...Усіх жыхароў Міхайлаўскага і бліжэйшых вёсак пагналі да Азарычаў. У небе кружылі самалёты. З размоў старэйшых людзей, якія ішлі побач з Танечкай, яна разумела адно толькі слова, якое прамаўлялася з нейкай шчымлівай надзеяй і адначасова, пякучым адчаем, – “нашы”. Яны былі ў небе, кружылі, але не кідалі бомбы, бо людзі ў калоне былі жывым шчытом і прыкрыццем для немцаў ад паветранай атакі.
Таццяне было дзевяць гадоў, калі яна трапіла ў канцэнтрацыйны лагер Азарычы.
На вуліцы была слатлівая вясна. Каб схавацца ад холаду, людзі туліліся адзін да аднаго, але і гэта не ратавала ад снегу, які ўперамешку з дажджом сыпаўся з неба.
Танечка ішла па гэтым месіве з аднаго канца лагера ў другі і ўвесь час спатыкалася. Дзяўчынка не ведала, нават падумаць не магла, што ходзіць па трупах. У іх мясцовасці дарогу з вёскі да вёскі масцілі з бярвенняў, і называлася яна грэбляй.
Таня звярнулася да цёткі, якой трымалася ўвесь час у лагеры:
– Якая дрэнная грэбля!
Жанчына прашаптала на вушка:
– Гэта, Танечка, не грэбля, а мерцвякі…
Пасля гэтых слоў дзяўчынку апанаваў такі жах, што яна не магла зварухнуцца з месца.
Немцы не давалі хаваць памерлых, таму страшная эпідэмія тыфу касіла людзей з хуткасцю маланкі. За два тыдні з 55 тысяч чалавек, якія знаходзіліся ў Азарычах, загінула 20 тысяч. Больш дзесяці дзён тут ніхто не жыў.
Таню і астатніх вязняў выратавалі чырвонаармейцы… Але хвароба ўсё ж узяла сваё: шмат салдат і ўчарашніх вязняў неўзабаве памерла ад тыфу. А Таня неяк выжыла…


Таццяна Нікіфараўна глянула на чорныя, пакрытыя мохам дрэвы, якія стаялі тут, быццам свечкі, – і зайшлася душа. Хацелася ўголас крычаць і выць – каб аддаць гэтай зямлі ўвесь свой боль.
Таццяна Нікіфараўна моўчкі ўпала на калені і цалавала гэтую палітую крывёю, шматпакутную зямлю, заліваючыся гарачымі слязьмі болю, жаху і пакут, якія застануцца тут, у гэтым страшным, але святым месцы, вызваліўшы душу жанчыны ад непасільнага цяжару, які ёй прыйшлося несці ў сабе не адзін дзясятак гадоў…
Дарога дадому, якая цягнулася семдзесят гадоў, скончылася.


-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений