Гражина Кручинская рассказывает, чем заняться в декретном отпуске

15:00 / 14.01.2014
2
У вас нарадзілася дзіця – і цяпер тры гады можна спакойна правесці дома, не спяшацца кожную раніцу на работу... Адпачынак? Як для каго... Некаторыя ў гэты час круцяцца, як вавёрка ў коле… Многія маладыя маці час, калі нарадзілася дзіця і з’явілася магчымасць пасядзець дома, пастараліся выкарыстаць для таго, каб больш увагі ўдзяліць сваёй сям’і і сваім захапленням. Адна з такіх – Гражына Кручынская з Гудагая.

З гэтай дзяўчынай я знаёма з дзяцінства: жылі непадалёк. Пазней, калі я ўжо працавала ў школе, Гражына вучылася ў старэйшых класах, і яе творчасці і запалу можна было толькі пазайздросціць. Да любой справы яна падыходзіла не толькі адказна, але і творча. І ўсё атрымлівалася ў яе не проста добра, а цудоўна.
З дзяцінства Гражына захаплялася маляваннем, любіла ляпіць з пластыліну. А яшчэ вялікім захапленнем дзяўчыны былі песні – яна з задавальненнем выконвала іх, сама складала канцэртныя праграмы і сцэнарыі да шматлікіх школьных святаў.


– Больш за ўсё мне запомніўся школьны конкурс “Міс школы”. Тады рыхтавалі да ўдзелу ў іх іншую дзяўчыну, маю аднакласніцу, але яна захварэла, і мне прыйшлося выручаць клас, – расказвае Гражына. – Выйсці на сцэну, праспяваць песню, станцаваць ніколі не было для мяне праблемай, наадварот, усё гэта мне вельмі падабалася. Затое колькі радасці было, калі я стала лепшай і мне прысудзілі тытул “Міс школы”! Пачуцці невыказныя!


У школьныя гады Гражына не раз удзельнічала ў раённых конкурсах чытальнікаў вершаў, была ўдзельнікам школьнай каманды КВЗ, абараняла гонар класа і школы на шматлікіх музычных конкурсах і мерапрыемствах. І таму я здзівілася, калі даведалася, што пасля школы Гражына скончы- ла курсы цырульнікаў і спецыялістаў па манікюру. Зразумела, што і ў гэтых прафесіях немагчыма без творчасці, але…
Праўда, потым яна рэзка змяніла накірунак сваёй дзейнасці – паступіла ў Гродзенскі каледж мастацтваў і стала працаваць у Гудагайскім сельскім Доме культуры. Менавіта тут яна і сустрэла свайго будучага мужа Валодзю.
Маладыя людзі даволі доўга правяралі на трываласць свае пачуцці – і нарэшце, вырашылі пажаніцца. У хуткім часе нарадзіўся першы сын Дарык, а потым і другі – Дамінік.


– Я не вельмі веру ў забабоны, але чула, што для таго, каб дзеці сябравалі паміж сабой, іх імёны павінны пачынацца на адну і тую ж літару. Імёны выбіралі доўга – таму і атрымаліся яны не зусім звычайныя: Дарык і Дамінік.


У дэкрэтным адпачынку Гражына, жыццё якой да гэтага віравала, засумавала. Дзяўчына, якая прывыкла ўвесь час знаходзіцца ў гушчыні падзей, быць сярод людзей, раптам апынулася ў чатырох сценах з двума маленькімі дзецьмі на руках. Муж увесь час знаходзіўся на рабоце, а вольныя хвіліны праводзіў на будаўніцтве дома.


– Я па гараскопу – Блізняты, і, як усе людзі гэтага знаку, не магу доўга сядзець на адным месцы, – расказвае Гражына. – Хацелася нечага новага, але, калі ў доме маленькае дзіця, заняцца чым-небудзь па-за сценамі кватэры не заўсёды ўдаецца.


Тады Гражына і задумалася: чым бы сябе заняць? А тут і выпадак падвярнуўся: у бабулі з дзядулем набліжалася дата залатога вяселля, і мама папрасіла Гражыну спячы торт.
Адкладваць справу ў доўгую скрыню – не ў характары дзяўчыны. Сказана – зроблена. Тым больш, што і да гэтага Гражына не раз радавала сваіх блізкіх смачнай выпечкай. Праўда, на гэты раз яна пакапалася ў кулінарных часопісах і інтэрнэце і знайшла прыклады афармлення тортаў з дапамогай масцікі. Першы блін не стаў камяком. Торт атрымаўся на славу – вялікі, прыгожы і, што немалаважна, – смачны. І Гражына пачала эксперыментаваць і тварыць: маленькія і вялікія двухпавярховыя, для дзяцей і дарослых, з кветкамі і казачнымі персанажамі, прымеркаваныя да розных падзей... З часам пачало атрымлівацца ўсё лепш. Сёння на ўсе сямейныя святы стол упрыгожвае “эксклюзіўны” торт, зроблены рукамі Гражыны.


– У мяне ні разу не было двух аднолькавых тортаў: нават калі і просяць спячы такі, як быў у Дамініка, ён ніколі не атрымаецца такім жа. Не люблю паўтарацца.


Але Гражына не толькі сядзіць дома, выхоўвае сваіх малышоў і выпякае смакату для сваіх родных, блізкіх, сяброў – яна яшчэ займаецца танцамі. Па прафесіі дзяўчына – рэжысёр народных святаў і абрадаў, але калі ў Гудагайскай школе ёй прапанавалі арганізаваць танцавальны гурток, адразу ж згадзілася. Сёння амаль пяцьдзясят школьнікаў наведваюць танцавальны гурток – і з задавальненнем пад кіраўніцтвам Гражыны Віктараўны спасцігаюць новыя “па” і рухі.


– З самымі маленькімі, першакласнікамі, я займаюся асобна. З імі складана – але ім падабаецца танцаваць! І гэта вельмі важна. Са старэйшымі лягчэй, толькі вольнага часу ў іх няшмат. Але я ўпэўнена, калі ёсць жаданне – будзе і вынік, – гаворыць Гражына.


А дома маладую маму і жонку кожную хвілінку чакаюць сыночкі і муж. Старэйшы Дарык ужо сёння з задавальненнем спявае і танцуе – праўда, пакуль што не на публіку, а для мамы з татам. Малодшы Дамінік больш спакойны, але ноткі творчасці праяўляюцца і ў яго. У хуткім часе маладая сям’я пераедзе ў новы дом, пабудаваны ўласнымі рукамі, у якім, можна не сумнявацца, будуць валадарыць прыгажосць, любоў і творчасць.


Алена ЯРАШЭВІЧ.