Тридцать лет в лесном хозяйстве - и ни капли сожаления о своём выборе

12:00 / 30.04.2013
Згодна з рашэннем райвыканкама партрэт дырэктара Астравецкага лясгаса Рыгора Мечыслававіча Долгага занесены на раённую Дошку гонару.
Сваё першае дрэва Рыгор Мечыслававіч пасадзіў у дзяцінстве, а пасля заканчэння тэхналагічнага інстытута прыйшоў у лясную гаспадарку. Мінула трыццаць гадоў з першага працоўнага дня, не адзінкі, не дзесяткі дрэў, а цэлыя лясы пасаджаны за гэты час…

Рыгор Мечыслававіч Долгі нарадзіўся ў вёсцы. Аднак бацькі неўзабаве пераехалі ў Глыбокае Віцебскай вобласці. Кожнае лета хлопчык бавіў час у дзядулі і бабулі. Бабуля часта брала з сабой малога, калі збірала зёлкі. А дзядуля, заўзяты пчаляр, вучыў не толькі азам пчалярства, але і прывіваў любоў да дрэў і лесу.
Хлопчыка вабіла мора. Здавалася, што блакіт нябёс і марскі блакіт зліваюцца ў адно, сціраючы небакрай, і прыносяць з сабой выключна прыгоды.
Дзіцячы рамантызм знік у 1978 годзе, калі Рыгор скончыў школу. Ён без ваганняў вырашыў звязаць жыццё з лесам, нягледзячы на тое, што ніхто з родзічаў не меў дачынення да лясной гаспадаркі. Вучыўся хлопец добра, і Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава скарыўся яму з першай спробы. Учарашні абітурыент стаў студэнтам першага курса факультэта лясной гаспадаркі. Пры інстытуце існавала дружына па ахове прыроды, і Рыгор разам з сябрамі-аднадумцамі выязджаў у прыгарады Мінска ў рэйды. Пасля трэцяга курса студэнты атрымалі дазвол уступаць у таварыства паляўнічых.
Дні вучобы ляцелі хутка, юнак не паспеў азірнуцца, як за плячыма засталіся паспяхова здадзеныя залікі і экзамены. На пятым курсе Рыгор ажаніўся са сваёй аднакурсніцай Наталляй, і ўжо разам у 1983 годзе пасля заканчэння інстытута яны прыехалі ў Глыбокае.
Пачынаў свой працоўны шлях з пасады інжынера па ахове лесу ў Глыбоцкім доследным лясгасе, праз 8 гадоў быў прызначаны галоўным ляснічым. Спраў хапала кожны дзень, бо побач быў Ушацкі раён і Бярэзінскі запаведнік, які служыў выдатнай школай па захаванні лясных угоддзяў і ўсяго жывога ў іх.
На той час дырэктарам лясгаса з’яўлялася жанчына і, магчыма, яе патрабавальнасць і жорсткі рабочы графік далі маладому спецыялісту добрую школу жыцця і – вопыт.
У Глыбокім Рыгор Мечыслававіч пабудаваў дом, пасадзіў уласнымі рукамі вялікі сад і стаў бацькам двух сыноў.
У жыцці вельмі дапамагала дзедава навука. Мужчына і прышчэпкі сам рабіў, і новыя сарты дрэў прывозіў ажно з Мінска. Вясной, калі яблыні, грушы, слівы, вішні ўбіраліся ў бела-ружовыя строі, водар кветак цешыў не толькі Рыгора Мечыслававіча, але і пчол. Цэлая пасека раскінулася за домам!
Першы год з пчоламі дапамагаў упраўляцца дзядзька: прыязджаў, глядзеў, даваў парады. У хуткім часе Долгі пазнаёміўся з вопытнымі пчалярамі. Браты Макаранка пераехалі ў Глыбокае з Алтая і прывезлі з сабой пчол і ўласную тэхналогію пчалярства – корпусныя вуллі. Яны ж падарылі вулей сваёй канструкцыі Рыгору Мечыслававічу, і захапленне пчалярствам з разраду хобі перарасло ў прафесійнае. Менавіта ад братоў Макаранкаў ён пераняў сістэму размяшчэння вулляў. У яго стала атрымоўвацца, а колькасць мёду задавольвала сям’ю, сяброў ды знаёмых – і пчалярства пачало адсоўваць на другі план яшчэ адзін любімы занятак – рыбалку.
Аднак нават яно не змагло выцясніць з жыцця палявання. Колькі сябе памятае Рыгор Мечыслававіч – і ў Глыбокім, і пасля пераезду ў Астравец – яны трымалі паляўнічых сабак.


– Паляванне захоплівае. На першым часе было паляванне дзеля палявання, а пасля па абавязку службы давялося арганізоўваць сам працэс – і гэта стала часткай працы і жыцця. Аднак пры гэтым неад’емным складнікам работы застаецца ахова жывёлы, яе падкормка, развядзенне новых відаў.
Раней паляванне служыла асноўнай крыніцай пражыцця чалавека, і ён здабываў звера, каб прынесці дахаты мяса. А цяпер многія паляўнічыя адмаўляюцца браць з сабою здабытую дзічыну… Людзі прыходзяць на паляванне ў першую чаргу дзеля стасункаў.


У Глыбоцкім лясгасе Рыгор Мечыслававіч адпрацаваў 20 гадоў. І, калі прапанавалі пасаду дырэктара Астравецкага лясгаса, вагаўся. На радзіме заставаліся бацькі, сябры, знаёмыя. Заставаўся дом, кожная цаглінка якога зведала дотык яго далоняў. Яблыні ўвабраліся ў рост і давалі добры ўраджай. Аднак рашэнне было прынятае і адступаць не выпадала.
Рыгор Мечыслававіч пераехаў у Астравец. Цэлы год давялося жыць аднаму: старэйшы сын паступаў у вышэйшую навучальную ўстанову, а малодшы заканчваў школу. Але затым уся сям’я Долгіх перабралася ў Астравец. Перавезлі і паляўнічых сабак, і пасеку.
Бацька не навязваў дзецям свайго меркавання, і хлопцы самі, як калісьці і Рыгор Мечыслававіч, вызначалі сваю прафесійную дарогу. Магчыма, пэўную лепту ўнёс час тэхналогій і навацый: старэйшы сын стаў інжынерам-электрамеханікам, а малодшы набыў спецыяльнасць інжынера-сістэматэхніка.
Нягледзячы на тое, што сыны не пайшлі па слядах бацькоў, ім удалося прывіць дзецям любоў і пашану да прыроды і лесу.
Рыгор Мечыслававіч Долгі 30 гадоў працуе ў лясной гаспадарцы – і ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Разам з падначаленымі саджаў дрэвы і пракладваў дарогі, закладваў плантацыі і гадавальнікі. Асабліва вясной і летам, калі наступае гарачая пара, уся “лясная” каманда заўсёды напагатове. Ратаваць лес ад агню ў любы час сутак гатовы кожны спецыяліст лясной гаспадаркі. Сямейныя абставіны, уласныя праблемы адыходзяць на другі план, калі трэба ратаваць лес...
Прыход зімы прыносіць адносны спакой. Хоць арганізацыя палявання і ахова лесу ад браканьераў таксама патрабуюць намаганняў і працы.


– Беларусы ранней здзіўляліся, калі бачылі, што па палях Польшы і Славакіі днём хадзілі казулі. Не верылі сваім вачам! А сёння і мы прыйшлі да гэтага. Некаторая частка жывёл вырасла ў лесе, іншыя гадуюцца ў вальерах.
У Астравецкім раёне можна ўбачыць прадстаўнікоў розных відаў жывёльнага свету. Браканьерства не знікла, аднак большасць не толькі рыбакоў і паляўнічых, але і насельніцтва прыходзіць да культурнага ўзаемадзеяння з прыродай.
Людзі ідуць у лес на ціхае паляванне – з фотаапаратам, відэакамерай, з дыктафонам, каб запісаць гукі прыроды, – спажывецкія адносіны да прыроды памалу адыходзяць. Раней было больш смецця ў лясах, ламалі альтанкі і абсталяваныя месцы адпачынку… Цяпер дамінуюць беражлівыя адносіны да лесу і да прыроды.


Рыгору Мечыслававічу Долгаму ўдалося вывесці Астравецкі лясгас на лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Падчас яго кіраўніцтва адкрыты два дамы паляўнічага, якімі можа пахваліцца не кожны лясгас. У 2007 годзе былі пабудаваны вальеры і закуплены ласі, лані еўрапейскія, алені плямістыя, якія ўжо не першы год даюць прыплод… Паступова паляўнічая гаспадарка Астравецкага лясгаса набыла статус “паказальнай”.
Згодна з эканамічным рэйтынгам, які штогод вызначае Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Астравецкі лясгас у ім за 2012 год заняў 13 месца ў рэспубліцы і 3 месца у вобласці.
Прамысловая дзейнасць тут таксама наладжана на высокім узроўні. На поўную магутнасць працуе дрэваапрацоўчы цэх і лесапільны – для апрацоўкі дробнай і сярэдняй драўніны, сушыльная гаспадарка для сушкі піламатэрыялаў; наладжана вытворчасць па выпуску ацыліндраваных вырабаў…
Аднак у дырэктара з гэтай нагоды ёсць сваё меркаванне:


– Лясная гаспадарка раёна і да майго кіраўніцтва была добрай, дзякуючы цудоўнаму калектыву. Намагаемся развіваць новыя накірункі дзейнасці, але я не магу сказаць, што мы – лепшыя. Лічу, што Астравецкі лясгас – сярэдні. У адным годзе былі мацнейшымі за іншых, у наступным можам саступіць гэтае першынство. У кожнай лясной гаспадаркі вобласці ёсць свае моцныя і слабыя бакі. Так, у нас ёсць цікавыя сферы, якія нас адрозніваюць ад іншых. Мы выбралі свой шлях і, здаецца, пакуль усё атрымліваецца. Рухаемся, працуем, і ў нашай працы няма месца гультайству – магчыма, у гэтым і хаваецца сакрэт поспеху.


Рыгору Мечыслававічу Долгаму ўдаецца спалучаць чалавечыя якасці і якасці кіраўніка. Ён заўсёды стараецца ўнікнуць
у праблему і ў сітуацыю; адэкватна ацэньвае магчымасці канкрэтнага спецыяліста – і ставіць перад ім рэальныя задачы. Прпатрэбе – прыходзіць на дапамогу.


– З любой сітуацыі, якой складанай яна б ні здавалася на першы погляд, можна знайсці выйсце. Трэба шукаць – і перамагаць!
Галоўнае – даць людзям цікавую працу і каб у іх вочы гарэлі – тады кіраўнік у калектыве будзе задаваць толькі накірунак…


Гэтае жыццёвае крэда Рыгора Долгага дае свой плён – і ў працы, і ў жыцці.



Адзін дзень з жыцця дырэктара Астравецкага лясгаса

Дзень Рыгора Мечыслававіча Долгага пачынаецца рана: у 5.00 ці 5.30 раніцы.
У 7 гадзін дырэктар ужо знаходзіцца на сваім працоўным месцы. У дрэваапрацоўчым цэху збіраюцца галоўныя спецыялісты, з якімі Рыгор Мечыслававіч праводзіць планёрку: падсумоўваюць вынікі мінулага дня і плануюць працоўныя справы на бягучы.
У 8.30 кіраўнік з’яўляецца ў канторы лясгаса, дзе яго чакаюць спецыялісты бухгалтэрыі, фінансавыя пытанні і банкаўскія справы…
Часта даводзіцца працаваць без абеду – Рыгор Мечыслававіч выкройвае час, каб праехацца па лясніцтвах, пабываць на аб’ектах. Ён стараецца ўбачыць на свае вочы, як працуюць людзі, пачуць кожнае пытанне, якое патрабуе ўмяшання менавіта дырэктара…
Вечарам чакае пошта, з якой не заўсёды ўдаецца пазнаёміцца. Пагэтаму Рыгор Мечыслававіч часта бярэ паперы з сабой. Дома даводзіцца патраціць гадзіну, а то і болей, каб прачытаць і размеркаваць усю карэспандэнцыю па спецыялістах.
Часу на сон застаецца няшмат. А ў 5 гадзін раніцы новага працоўнага дня дырэктар Астравецкага лясгаса ўжо на нагах…


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.