Евгений Ефимов - руководитель островецкого хоккея

15:46 / 22.05.2012

Яны пасябравалі раз і назаўсёды – Жэня Яфімаў і спорт.


Жыццё не раз ставіла падножку і пазбаўляла яго магчымасці займацца любімай справай, але ён зноў і зноў знаходзіў выйсце са, здавалася б, бязвыхаднага становішча. Гуляў сам, а пазней стаў трэніраваць і вучыць усяму, што ўмеў, іншых. Яго выхаванцаў зараз ведаюць ва ўсёй вобласці, і калі аб’яўляюць, што на лёд выходзіць астравецкая каманда хакеістаў, сапернікі рыхтуюцца да напружанай гульні. Усё гэта – не ў апошнюю чаргу заслуга інструктара-метадыста Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба, трэнера па хакею, які за спорт хварэе душой – Яўгена Міхайлавіча Яфімава.


Жыццё Яўгенія Міхайлавіча ніхто не назаве лёгкім і простым. Ён рана застаўся без бацькі – хлопчыку было сем месяцаў, калі той трагічна загінуў у аварыі. Мужчынскую ролю ў выхаванні ўнука ўзяў на сябе дзед, Канстанцін Васільевіч Быкаў. Напэўна, ён таксама паса-дзейнічаў у вызначэнні будучыні Яўгена, бо ніколі не забараняў унуку займацца тым, што яму больш за ўсё падабалася – футболам і хакеем.


Праўда, спартыўны шлях таксама быў звілістым і ўхабістым, быццам нябачныя сілы зноў і зноў расстаўлялі паміж ім і спортам нейкія пасткі, стваралі цяжкасці і прымушалі пераадольваць усё новыя перашкоды. Зараз Яўген Міхайлавіч ужо дакладна і не памятае, калі паміж ім і спортам праляцела іскра, што злучыла іх навечна. У дзяцінстве, як і ўся дзетвара, ён проста любіў пагуляць у футбол. А зімой, калі мяч па снезе не паганяеш, змяняў яго на канькі і клюшку.


–У футбол я пачаў гуляць, напэўна,  гадоў з васьмі, – успамінае дзяцінства Яўген Міхайлавіч. –А вось у хакей крыху пазней, калі        з’явіліся нармальныя канькі, на якіх можна было катацца, а не толькі крыху коўзацца па лёдзе. Але, шчыра кажучы, свае спартыўныя захапленні лічыў толькі захапленнямі. Так, мне вельмі падабаліся футбол і хакей, але якому хлапчуку яны не падабаліся? Таму будучую прафесію са спортам ніяк не звязваў.


У пошуках той самай будучай прафесіі, а заадно – і самога сябе, Яўген пасля заканчэння 8 класа Астравецкай школы адправіўся ў далёкі Чалябінск. Там жылі цётка з дзядзькам, якія і запрасілі юнака да сябе. Там ён скончыў 9 клас. Дзядзька быў ваенным. І гледзячы на яго статную выпраўку, прыгожую форму, наслухаўшыся гісторый з жыцця арміі, Жэня вырашыў: хачу быць ваенным. Хадзіў у школу, рыхтаваўся да паступлення ў Чалябінскае ваеннае вучылішча.


А ў вольны час ногі самі неслі яго на адкрытую хакейную пляцоўку ля стадыёна “Буравеснік”. Пад такой жа назвай гуляла тады і чалябінская хакейная каманда. Разам з імі і трэніраваўся юнак. А затым выступаў на розных турнірах за каманду школы, дзе вучыўся, забіваў жаданыя галы, перажываў за паражэнні і радаваўся перамогам…


Па сямейных абставінах Яўгену прыйшлося на некаторы час зноў вярнуцца ў Астравец, і выпускны 10 клас ён заканчваў тут. Але дадзенае аднойчы сабе слова ён стрымаў і пасля заканчэння школы падаў дакументы ў ваеннае вучылішча. Аднак, відаць, у нябеснай канцылярыі на Яўгена былі іншыя планы. На ваеннага ён не паступіў па стану здароўя –падвёў зрок.


–Што тут зробіш? Не атрымалася стаць ваенным, вырашыў паспрабаваць сябе ў іншым амплуа. – паехаў у Вільнюс. Там скончыў прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча і атрымаў спецыяльнасць слесара-інструментальшчыка. У вольны час з рабятамі-аднакурснікамі збіраліся і зноў гулялі ў футбол і хакей. А калі адвучыўся, надышоў час ісці ў армію. Служыў у Падмаскоўі ў зенітна-ракетных войсках. Пасля арміі ў 1973 годзе паехаў у Чалябінск, хацеў зноў паспрабаваць у ваеннае вучылішча    паступіць, ды ў той час дзед моцна захварэў. Ён быў вельмі дарагі для мяне чалавек, і я ўсё кінуў і прыехаў у Астравец.


Хутка маладога хлопца запрасілі працаваць трэнерам у дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. І гэта была свядомая і сур’ёзная прапанова. Бо тут не па чутках ведалі, а ўвачавідкі бачылі, як ён па-майстэрстку валодае мячом і клюшкай. Чаму б Яўгенію не навучыць гэтаму і юных астраўчан? Так у 1974 годзе Яўген стаў трэнерам ДзЮСШ. І на працягу чатырох гадоў старанна выконваў свае абавязкі. Летам – з футбольным мячом на стадыёне, зімой – на хакейнай пляцоўцы з клюшкай. У розныя гады некаторыя з яго выхаванцаў уваходзілі ў склад абласной зборнай, удзельнічалі і заваёўвалі медалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах. І гэта – найлепшы доказ для трэнера, што яго работа аказалася патрэбнай.


–Сяргей Мароз, Віктар Павядзёнак, Раман Бабойць… Цудоўныя былі ігракі. На жаль, іх ужо няма ў жывых. Але ў памяці назаўсёды застануцца нашыя незабыўныя матчы…– з болем у голасе ўспамінае сваіх колішніх выхаванцаў і таварышаў Яўген Міхайлавіч. Але засталіся Анатоль Кісель, Алег Герт, Часлаў Сянюць...







А пасля ў яго жыццё ўмяшалася прырода. Зімы з кожным годам станавіліся ўсё цяплейшымі, каток заліваўся ўсё радзей, трэніравацца не было магчымасці, а затым і наогул Астравецкая ДзЮСШ пераўтварылася ў спецыялізаваную па лёгкай атлетыцы. Яўгену Міхайлавічу давялося звольніцца. На той час ён ужо ажаніўся, трэба было карміць сям’ю. І яны з жонкай вырашылі паспрабаваць шчасця на Украіне. Пераехалі ў горад Ізюм Харкаўскай вобласці. Мужчына перакваліфікаваўся ў токара, стаў працаваць на заводзе. І думаю, не варта казаць, што ў гэты ж час у складзе мясцовай хакейнай і футбольнай каманды з’явіўся новы няўрымслівы ігрок Яўген Яфімаў.

–Канешне, і там гуляў і ў футбол, і ў хакей. Наша каманда ўдзельнічала ў першынстве Харкаўскай вобласці, ды і ў іншых спаборніцтвах таксама. Але праз нейкі час мы зноў вярнуліся ў Астравец. Мяне запрасілі стаць старшынёй добраахвотнага спартыўнага таварыства “Ураджай”. Згадзіўся. Пасля зноў працаваў на іншай рабоце. А ўжо ў 1983 годзе стаў дырэктарам стадыёна. Тады ж з дапамогай і пры падтрымцы Р.А. Герта паставілі на стадыёне хакейную каробку, пабудавалі раздзявальню, паставілі душавыя кабінкі, склады. На нашый пляцоўцы праходзілі шматлікія спаборніцтвы, сюды прыязджалі госці, мы арганізоўвалі таварыскія сустрэчы. Ды што там казаць! У Астраўцы тады праводзілася першынство вобласці па хакеі сярод дарослых і нават “Залатая шайба”! Таленавітыя ігракі гулялі, цудоўныя каманды выступалі, ды і наогул, насычаны, цікавы і відовішчны гэта быў перыяд. А яшчэ інструктарам-метадыстам у той час у нас працаваў Іван Базюк з Карэліі. На радзіме ён займаўся боксам, вось вырашыў і на Астравеччыне гэты від спорту прывіць. І наш вядомы трэнер па боксе Аляксей Маргуж – гэта яго выхаванец.


Аднак так ужо традыцыйна складвалася ў жыцці Яўгена Міхайлавіча, што па розных прычынах не мог ён пастаянна займацца сваёй любімай справай. Ён зноў змяніў спорт на іншую дзейнасць. Аднак, дзе б мужчына не працаваў, ён усё роўна не пераставаў выходзіць з мячом на поле ці з клюшкай на лёд. Пазбавіць гэтага яго – усё роўна, што перакрыць кісларод, страціць нешта вельмі каштоўнае і здрадзіць самому сабе.


Аднойчы на чарговым павароце лёсу Яўген Міхайлавіч сустрэўся з Алегам Расціслававічам Гертам, з якім яны згулялі не адзін хакейны матч у свой час. Алег рашуча сказаў: “Паслухай, тваё месца – спорт! Трэба тэрмінова адраджаць хакей у раёне. Лепш за цябе гэта ніхто зрабіць не зможа. Галоўнае – пачаць, а там і памочнікі з’явяцца і дапамогуць. Ды і я, чым змагу…”


–Ну вось з таго часу на працягу дзевяці гадоў толькі гэтым і займаюся, – усміхаецца Яўген Міхайлавіч. –Навошта мне ўсё гэта патрэбна? Ды проста па гараскопе я – Шалі. Перш, чым штосьці зрабіць, доўга ўзважваю ўсе “за” і “супраць”, але калі ўжо рашыў ці паабяцаў – лічу сваім абавязкам выканаць. Ды і не люблю ў кабінетах сядзець, мне патрэбен пастаянны рух, актыўны лад жыцця. А можа, вось і для гэтага… (Яўген Міхайлавіч указвае на палічку, дзе ледзь змяшчаюцца розных памераў кубкі). Гэта – перамогі і прызавыя месцы нашых рабят. За гэтыя гады трэніравалася нямала цудоўных ігракоў. Больш за ўсё, канешне ж, запомніўся наш “залаты дубль” на “Залатой шайбе”. Малайцы рабяты! Наогул за гэты час мы шмат чаго дасягнулі. Дарэчы за падтрымку і спонсарскую дапамогу на працягу не аднаго года хочацца падзякаваць Алегу Герту, Міхаілу Андралойцю, Уладзіміру Алізару, Віктару Фалевічу, Аляксею Багдзюну, Юрыю Тухта, Вадзіму Міхцееву, Івану Сяржанаву, Уладзіміру Янковічу, Вацлаву Купрэвічу і ўсіх, хто застаецца нераўнадушным да спорту.


Як сапраўдны аматар і знаток спорту, Яўген Міхайлавіч любіць не толькі гуляць, але і назіраць за гульнёй. Праўда, зараз, як сам прызнаецца, больш цвяроза і менш фанатычна ацэньвае матчы, чым у маладосці. Бо падабаецца прыгожая майстэрская гульня.


–Я – за відовішчнасць, прафесіяналізм і справядлівасць у спорце. І калі каманда гуляе класна, нават калі гэта – нашы сапернікі, трэба прызнаць іх прыгожую і бездакорную тэхніку і гульню. Канешне, я люблю глядзець спартыўныя гульні. Зараз вось сачу за падзеямі на чэмпіянаце свету па хакеі, часам за матчамі кубка Стэнлі. Заўсёды падабалася, як гуляюць канадцы, фіны, у мінулым – Савецкі Саюз, зараз – каманда Расіі. Любімыя ігракі? Сярод хакеістаў гэта Валерый Харламаў, Яўген Малкін, Марыо Лем”е, Бобі Хал. А вось у футболе яшчэ памятаю, як неверагодна гуляў Пеле,  захапляўся гульнёй Марадоны, сярод сучасных – лепшы ігрок – гэта Мессі. Яны суперфутбалісты, богі футбола. Нямала і іншых цудоўных ігракоў розных пакаленняў: Гулліт, Раналдо, Зідан… А сярод каманд вельмі падабаецца іспанская “Барселона”. Акрамя цудоўнай гульні, я паважаю іх за тое, што там 70% ігракоў – выхаванцы, а не запрошаныя легіянеры. Падрыхтаваць выдатных футбалістаў – гэта дарагога каштуе.


Партрэт Яўгенія Міхайлавіча Яфімава ўжо другі год запар заносіцца на Дошку гонару раёна – з’ява ўнікальная, гэта адзіны падобны выпадак пасля яе аднаўлення. І гэта аб многім сведчыць. Ён можа бясконца расказваць пра сваіх выхаванцаў і іх заслугі ці наогул пра спорт і вельмі неахвотна – пра сябе.


–Аб чым я мару? Ды мара ў мяне толькі адна – каб у Астраўцы пабудавалі хоць бы невялікую пляцоўку са штучным лёдам, каб рабятам было дзе трэніравацца. А больш мне нічога і не трэба…



Марына МАЦКЕВІЧ.