Нашы землякі ў свеце

15:23 / 30.03.2011

21 сакавіка адбылося чарговае пасяджэнне рэдакцыйнай калегіі энцыклапедычнага даведніка “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах”.
Сярод персаналій, якія ўвайшлі ў гэты даведнік, нашы землякі – вучоныя, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, вайскоўцы – усяго прыкладна 1850 прозвішчаў. Сярод іх ёсць і ўраджэнцы Астравецкага раёна. Таму я лічу сваім грамадзянскім абавязкам пазнаёміць з гэтымі артыкуламі чытачоў “Астравецкай праўды”
Пачынаем мы з імя прафесара Мечыслава Яцкевіча, які, ведаю, і сёння многае робіць для Астравецкага раёна.


Адам Мальдзіс



Прафесар Мечыслаў Яцкевіч

Яцкевіч Мечыслаў (26.3.1931, в. Бокшышкі Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., цяпер Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), доктар габілітаваны, літаратуразнавец, перакладчык, грамадска-культурны дзеяч, дыпламат.
З 1931 г. жыў у Вільні, дзе бацька працаваў слесарам. У 1938 г. М. Яцкевіч пайшоў у Віленскую пачатковую школу № 11. У час Другой сусветнай вайны жыў у Вільні, потым — у Кямелішках (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.), дзе закончыў сярэднюю школу. Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Тракай. У 1951 г. працаваў настаўнікам у Кямелішках. У 1951–1954 гг. праходзіў ваенную службу ў радах Савецкай Арміі ў Туркменіі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Літву, дзе працаваў настаўнікам у Міцкунах каля Вільнюса. У 1954 г. ажаніўся і разам з сям’ёй выехаў у Польшчу. У 1956–1958 гг. выконваў абавязкі дырэктара сярэдняй школы, у 1958–1969 гг. быў дырэктарам дзіцячага дома. У 1961 г. закончыў настаўніцкія курсы ў Кшэшавіцах каля Кракава па спецыяльнасці педагогіка-ахова дзяцей. У 1966 г. закончыў рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта. У 1969 г. пераехаў у Ольштын, дзе ў 1969–1973 гг. быў генеральным сакратаром грамадска-культурнага таварыства “Паазер’е”. У 1973 г. пачаў працаваць у Вышэйшай педагагічнай школе ў Ольштыне. У 1975 г. у Варшаўскім універсітэце атрымаў званне доктара гуманітарных навук. У 1988–1998 гг. працаваў на кафедры ўсходазнаўства і балтыстыкі Універсітэта імя А. Міцкевіча ў Познані, дзе выкладаў гісторыю літоўскай літаратуры. У 1994 г. атрымаў навуковае званне доктара габілітаванага ў галіне параўнальнага літаратуразнаўства. З 1994 г. працаваў у Вышэйшай педагагічнай школе ў Ольштыне і ва Універсітэце імя А. Міцкевіча. Быў на пасадзе Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Вільнюсе (1998–2002).
Цяпер каардынуе дзейнасць Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў пры Асяродку навуковых даследаванняў імя Кянтжынскага ў Ольштыне. Арганізаваў паездкі групы кіраўнікоў Ольштынскага ваяводства ў Беларусь, у выніку чаго была заключана дамова аб супрацоўніцтве паміж Астравецкім раёнам Гродзенскай вобласці і паветам Лідзбарк Варміньскі Ольштыньскага ваяводства.
М. Яцкевіч актыўна займаецца навукова-даследчай працай. Апублікаваў 14 кніг (адна з іх — “Гісторыя літоўскай літаратуры да 1917 года”, Варшава, 2003) і каля 450 артыкулаў, прысвечаных пытанням польскай, беларускай і літоўскай літаратур і культур. Перакладае творы беларускіх і літоўскіх пісьменнікаў. Неаднаразова бываў у Мінску, выступаў на навуковых кангрэсах і канферэнцыях беларусістаў.


Тэрэса Голуб


Хто ёсць хто сярод беларусаў свету : энцыклапедычны даведнiк. Частка 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах / рэд. кал. А. Мальдзіс i iнш. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2000. – С. 307.