Успаміны знакамітага выпускніка Варнянскай школы

10:02 / 07.02.2011
1

Роўна 50 гадоў таму, у далёкім 1961-ым я разам са сваімі аднакласнікамі закончыў Варнянскую сярэднюю школу, якая тады знаходзілася ў старым будынку на перакрыжаванні дарог Варона–Больнікі.
У Карвэлях, па месцы жыхарства, існавала толькі сямігодка, таму ў восьмы клас тым, хто хацеў працягваць адукацыю, прыйшлося ісці ў Варнянскую школу.





Наш восьмы клас быў зборным – яго аснову, канешне, складалі тыя, хто ўжо вучыўся ў гэтай школе, але да іх далучылася вялікая група школьнікаў з бліжэйшых вёсак: Бабраўнікі, Газа, Лынкішкі, Філіпаны, Карвэлі, Катлоўка і інш. Стрыжань класа складалі выхаванцы існаваўшага ў тыя часы Варнянскага дзіцячага дома. Гэта былі цудоўныя хлопцы, з якімі я пасябраваў неяк адразу, і яны сталі для мяне блізкімі і роднымі. Гэта былі ў асноўным “дзеці вайны”, пазбаўленыя бацькоўскай пяшчоты і цяпла, роднага дома.  Ужо тады, у школьным узросце, яны разумелі, што ўсё ў гэтым жыцці залежыць толькі ад іх саміх.
Выдатна памятаю сям’ю Ляхаў: Толя вучыўся ў нашым класе, а разам з ім у дзіцячым доме знаходзіліся яго малодшыя брат і сястрычка. Я пасябраваў з імі так моцна, што часам абедаў у іх і нават начаваў.
У школу з родных Дубнікаў я дабіраўся на веласіпедзе, і пасля ўрокаў – а тым больш у суботу і нядзелю – мой “ровар” пераходзіў у “арэнду” дзіцячаму дому, гадаванцы якога  эксплуатавалі яго на поўную магутнасць, пакуль не ламалі. Дамоў мне нярэдка прыходзілася вяртацца на сваіх дваіх, цягнучы ў руках веласіпед, па дарозе прыдумваючы розныя “сур’ёзныя” прычыны, каб апраўдацца перад татам.
Нашым ідэолагам, Настаўнікам з вялікай літары быў класны кіраўнік Іосіф Іосіфавіч Матулойць. Ён выкладаў беларускую мову і літаратуру. Яго мова была чыстай, прыгожай, глыбока літаратурнай, кожнае слова Іосіф Іосіфавіч вымаўляў з асаблівай мелодыкай, уласцівай толькі беларусам. Напэўна, у многім дзякуючы яго ўрокам, нягледзячы на 50-гадовае прабыванне ў Расіі і адсутнасць моўнай практыкі, у мяне захавалася традыцыя: кожны раз, калі я падчас чарговага адпачынку прыязджаю ў родную вёску, я без асаблівай цяжкасці ў зносінах з землякамі літаральна на другі дзень пераходжу на беларускую мову. Хаця многія словы забыліся, і безумоўна, мая гаворка далёкая ад той прыгажосці, якая была ўласцівай мове Іосіфа Іосіфавіча.
З нашым “класным” у мяне звязана і асабістая гісторыя. Па паспяховасці я быў у ліку лепшых вучняў школы, а вось мой почырк прачытаць было цяжка, ды і глядзеўся ён – нібы курыца лапай надрапала. Неяк ужо ў 10 класе, ацэньваючы мае школьныя поспехі, Іосіф Іосіфавіч сказаў: “Па ўсяму відаць, Лёня, што пасля школы ты пойдзеш вучыцца далей, але з-за почырку праблем табе не пазбегнуць”. Для выпраўлення почырку ён параіў мне кожны дзень адпрацоўваць каліграфію ў сшытках для першакласнікаў – у касую лінейку. І я чэсна (праўда, употайкі ад аднакласнікаў), трымаючы ў руках чарнільную ручку з пяром “зорачка” , старанна, з націскам у адпаведных месцах выводзіў літары алфавіту. Колькі спісаў сшыткаў – не памятаю, але дакладна, што больш за дзесяць.
На жаль, на мой почырк гэтыя заняткі не аказалі ніякага ўплыву, і ён аказаўся ўсё такім жа “куралапым”. Пазней мой бацька нярэдка кпіў з мяне. Маўляў, вучылі цябе, сынок, 16 гадоў (10 – школа, 6 – ваеннае вучылішча), а пісаць так і не навучылі. Мае пісьмы бацькі, пакуль былі жывымі, спрабавалі прачытаць усёй сям’ёй. А вось у таты почырк быў шыкоўны, хаця яго адукацыя абмяжоўвалася трыма класамі польскай школы.
Нам, тагачасным вучням, вельмі пашчасціла, што ў Варнянскай школе тых часоў склаўся высокапрафесійны педагагічны калектыў, у якім багаты вопыт ветэранаў арганічна спалучаўся з маладым задорам і невычэрпнай энергіяй учарашніх выпускнікоў педагагічных ВНУ Беларусі.
З ветэранаў, акрамя І.І. Матулойця, значны след у маёй памяці пакінулі настаўнік рускай мовы і літаратуры І.І. Маслоўскі і, асабліва, – Іван Іосіфавіч Кардзіс, які вучыў нас дакладным навукам: алгебры, геаметрыі, трыганаметрыі, астраноміі. Гэта быў чалавек старой, яшчэ польскай фармацыі. Ён стараўся данесці да кожнага з нас усе нюансы і тонкасці гэтых прадметаў. Сам любіў свае навукі самазабыўна і стараўся прывіць гэтую любоў нам. Хоць слухалі мы яго не заўсёды ўважліва. У адносінах да мяне Іван Іосіфавіч выказваў асаблівую павагу, нярэдка давяраў мне абараняць гонар школы на раённых алімпіядах. І пасля таго, як я закончыў школу, ён яшчэ некалькі гадоў дэманстраваў вучням наступных класаў мае працы і кантрольныя заданні па матэматыцы.
Нашы настаўнікі сумленна выконвалі свой абавязак, былі глыбока адданымі прафесіі. Яны даўно пайшлі з жыцця, але мы будзем памятаць пра іх заўсёды. З удзячнасцю і павагай.
Многае ў маім школьным жыцці звязана з сем’ямі Волкавых і Зяленскіх.
Алена Іванаўна Зяленская прыйшла да нас у якасці настаўніка гісторыі, калі мы вучыліся ўжо ў дзявятым класе. Была яна маладой, сімпатычнай, поўнай задору. Алена Іванаўна жыва і цікава пасвячала нас у таямніцы стварэння дзяржавы Расійскай, станаўлення СССР і роднай Беларусі.
Таццяна Нікіфараўна Волкава ўсё сваё настаўніцкае жыццё прысвяціла самай высакароднай справе – навучанню малышоў пачатковых класаў. Вялікім аўтарытэтам і ўдзячнасцю яна карысталася ў бацькоў вучняў не толькі з Варнян.
Сёння абедзьве яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, радуюцца поспехам сваіх дзяцей, дзеляць зямныя радасці з унукамі. І дай Бог ім здароўя, жыццёвага аптымізму і доўгіх-доўгіх гадоў жыцця ў наш няпросты час. Усё гэта яны заслужылі сваёй шматгадовай педагагічнай працай.
Асаблівыя адносіны ў мяне, ды і ва ўсіх рабят нашага класа, склаліся з Георгіем Паўлавічам Зяленскім і Уладзімірам Васільевічам Волкавым. Яны пайшлі з жыцця даволі рана, многае засталося нерэалізаваным, але і за тое, што яны зрабілі для нас, мы ў вечным даўгу перад імі. Усе 50 гадоў пасля заканчэння школы гэтыя цудоўныя людзі жывуць у маёй памяці і, ведаю, будуць жыць заўсёды. Яны былі не проста настаўнікамі, а, па сутнасці, нашымі старэйшымі братамі і вучылі нас практыцы жыцця, выходзячай далёка за межы школьнай праграмы.
Георгій Паўлавіч быў рознабакова адукаваным чалавекам. Акрамя фізікі, якую выкладаў проста бліскуча, ён на добраахвотнай аснове арганізаваў у школе гурток кінааматараў. А яшчэ раздабыў недзе стары спісаны грузавік і вечна яго рамантаваў. Вядома, пры нашым самым актыўным удзеле. Затое якой сілы агульная эйфарыя панавала ў школьным двары, калі нашаму грузавіку ўдавалася выехаць па нейкіх школьных заданнях за яго межы!
Была ў Георгія Паўлавіча адна нестандартная звычка, якая нас, вучняў, прыводзіла ў шок. Асабліва па панядзелках. Што грэх таіць, ужо ў 9-10 класах па суботах мы хадзілі на танцы, балазе, калгасныя клубы існавалі тады амаль у кожнай вёсцы. Ясная справа, у нядзелю пасля танцаў мы адсыпаліся амаль да паўдня. Георгій Паўлавіч у гэты час сядаў на веласіпед аб’язджаў нашы вёскі. Ветліва распытваў нашых бацькоў, а потым у панядзелак з жартамі, прымаўкамі, у гумарыстычнай форме падводзіў, так бы мовіць, вынікі нашага суботняга адпачынку: хто з кім, у якой кампаніі, калі заявіўся дадому і г.д. Даставалася ўсім.
Уладзімір Уладзіміравіч Волкаў вёў у нас самыя любімыя  (асабліва ў хлопцаў) прадметы: фізкультуру і ваенную справу. Фізкультурай мы літаральна жылі: гулялі ў валейбол, баскетбол на перапынках, пасля ўрокаў дапазна заставаліся ў школе і ганялі мяч або трэніраваліся ў секцыях – хто на што здатны. Абедам для нас быў (у лепшым выпадку!) хатні бутэрброд з салам або з кумпячком. Уладзімір Уладзіміравіч валодаў дарам адкрываць таленты ў кожным са сваіх вучняў: у мяне – бег на кароткія дыстанцыі, у Валодзі Салаўя – на сярэднія, у Стаські Мажайлы – скачкі ў вышыню, у Толі Ляха – кіданне кап’я і г.д. Ва ўсіх нас была агульная мара, да якой нас вёў Уладзімір Васільевіч: дабіцца роўнасці ў супрацьстаянні з Астраўцом. Да нас усе папярэднія класы прайгравалі астравецкім школьнікам практычна ва ўсіх спартыўных дысцыплінах: у футбол – з двухзначным, баскетбол – з трохзначным лікам.       І нам штосьці ўдалося – мы сталі выйграваць у некаторых пазіцыях лёгкай атлетыкі, на роўных пачалі гуляць ва ўсе гульні з мячом. Хаця да значных перамог было яшчэ далекавата – гэтага ўдалося дасягнуць тым, хто ішоў пасля нас.
Думаю,  у тым, што я звязаў сваё жыццё з арміяй, заслуга Уладзіміра Васільевіча. Прывіў нам любоў да ваеннай справы, страявых прыёмаў, стральбы, да ваеннай гісторыі СССР. Памятаю, як атрымаў ад яго “пяцёрку” за тое, што першым у класе намаляваў пагоны ўсяго афіцэрскага саставу Савецкай Арміі – ад малодшага лейтэнанта да Маршала Савецкага Саюза. Прычым на пагонах мы павінны былі намаляваць знакі адрознення розных відаў і родаў войск: артылерыі, авіяцыі, танкістаў, мотапяхоты, сапёраў, аўтамабілістаў і г.д.



На жаль, у маім сямейным альбоме вельмі мала захавалася фатаграфій школьных часоў. Зрэшты, іх і было няшмат. Адна з іх – вось гэта. На ёй наш 8-ы клас. У цэнтры ў другім радзе – класны кіраўнік Іосіф Іосіфавіч Матулойць. У першым радзе: справа – аўтар гэтых радкоў, другі побач са мной – мой школьны сябар, сын дырэктара школы – Валодзя Салавей.
У тым жа радзе – крайні злева, у салдацкім мундзіры – Стаська Мажайла, які потым закончыў Саратаўскае ваенна-хімічнае вучылішча. Побач з ім – Іван Субаткевіч, наш класны фатограф; жыве ў Літве.
Мой сябар Валодзя Салавей жыў небам. Напэўна, ён лятае да гэтага часу. На жаль, яго бацькі выехалі з Варнян і след Валодзі страціўся. Затое засталіся і жывуць у Варнянах і сёння Хрысціна Стакун (прашу прабачэння, што ўзгадваю яе толькі дзявоцкім прозвішчам) – на фатаграфіі яна крайняя злева, а таксама Генюсь Сінкевіч (у першым радзе ў цэнтры у кашулі) і наш лепшы матэматык Марыя Адула (чацвёртая справа ў трэцім радзе).
Звязалі сваё жыццё з Мінскам нашы класныя прыгажуні, да якіх была нераўнадушнай уся юнацкая палова класа, – Яня Валэйка (трэці рад, чацвёртая злева) і Геня Талочка (трэцяя справа ў трэцім радзе). Недзе на Гродзеншчыне настаўнічала Валя Міхаленка (трэці рад, пятая злева). Страціліся недзе на прасторах Літвы і Беларусі адпаведна нашы камсамольскія важакі Дануся Грагоўская (другая злева у трэцім радзе) і Галя Курыла (трэці рад, другая справа).
Практычна нічога невядома пра далейшы жыццёвы шлях выхаванцаў дзіцячага дома Галі Курылы, Толі Ляха, Майсака і іншых. Не ведаю, як склалася дарослае жыццё сястрычак з Лынкішкаў Іры (другі рад, злева) і Браніславы (чацвёртая злева ў трэцім радзе) Сянюць.
Лёс так распарадзіўся, што літаральна на наступны дзень пасля выпускнога школьнага балю ў пошуках уласнай жыццёвай дарогі я павінен быў выехаць у Расію. Не атрымалася з першага разу паступіць у ваенна-марское вучылішча ў Баку. Затое з другой спробы я звязаў сваё жыццё з ракетна-касмічнымі войскамі.





Амаль 34 гады аддаў армейскай службе. Прайшоў праз розныя армейскія пасады на касмадроме “Плесецк” у Архангельскай вобласці, цэнтральным апараце камандуючага касмічнымі войскамі Расіі, Расійскім касмічным агенцтве (свайго роду міністэрства Расіі па космасу). Удзельнічаў у больш чым 1000 пускаў розных айчынных ракет касмічнага прызначэння з касмічнымі апаратамі, уключаючы і запускі касманаўтаў па пілатуемай касмічнай праграме. У 1996 годзе выйшаў на пенсію,  але ўсё роўна працягваю працаваць ў расійскім космасе. Прайшоў усе касмадромы СССР, многія – у свеце (ЗША, Кітай, Аўстралія), прымаў удзел у будаўніцтве расійскага касмадрома ў Французскай Гвіяне ў Паўднёвай Амерыцы, цяпер удзельнічаю ў работах па будаўніцтву новага расійскага касмадрома “Усходні” ў Амурскай вобласці на Далёкім Усходзе.
Школьныя гады – адны з лепшых у нашым жыцці. Гэта своеасаблівы водападзел паміж адыходзячым дзяцінствам і яшчэ неакрэсленым, туманным, поўным узлётаў і падзенняў дарослым жыццём.
І я думаю, што агучу агульную думку маіх аднакласнікаў, калі скажу, што школьная навука і выхаванне не прапалі бясследна. Той задзел, які мы атрымалі ў школе, кожны з нас выкарыстаў у поўнай меры ў сваім жыцці, каб апраўдаць ганаровае званне “Выпускнік Варнянскай сярэдняй школы” – незалежна ад набытых прафесій і пасад, якія мы займаем або займалі.


Я жадаю вялікіх творчых поспехаў усяму настаўніцкаму калектыву роднай школы, цярпення, настойлівасці і жыццёвага аптымізму ў выхаванні годных грамадзян нашага грамадства, нашай Роднай Беларусі.


З павагай выпускнік Варнянскай сярэдняй школы 1961-га года, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ у галіне навукі і тэхнікі, заслужаны выпрабавальнік ракетна-касмічнай тэхнікі Расіі, заслужаны выпрабавальнік касмадрома “Байканур”, палкоўнік-інжынер Леанард ТАПУЦЬ.