Гордость Островецкого района: Петр Барановский вернулся на "круги своя"

14:29 / 20.03.2017

avtopark.jpg

Існуе меркаванне, што чалавеку толькі здаецца, што ён – гаспадар свайго жыцця, што менавіта ад яго залежыць, куды завядзе яго жыццёвая дарога. На самой справе ён нараджаецца не толькі з наборам пэўных якасцей і рысаў характару, але і з канкрэтным маршрутам, які нябесны картограф распрацоўвае для кожнага індывідуальна. І куды б чалавек ні накіроўваўся, ён абавязкова вернецца на “кругі свая” – як адбылося з вадзіцелям аўтапарка №4 Пятром Пятровічам Бараноўскім. Яго прафесійнае жыццё, пакружыўшыся ў пошуках лепшай долі, апынулася там, дзе аднойчы пачалося…

Прыпынак “Дзе нарадзіўся”

Нарадзіўся Пётр Пятровіч Бараноўскі ў вёсцы Вялікія Яцыны ў сям'я палявода і вадзіцеля. Менавіта адтуль, з роднай вясковай хаты, дзе не цураліся цяжкай работы і добра ведалі, як здабываецца кожная капейка, і пачынаецца любоў Пятра да тэхнікі.

З шостага класа хлопец самастойна спраўляўся з бацькавым ГАЗ-51, падвозячы то бульбу ў полі, то да камбайна пад'язджаючы…

– Ногі да педаляў ледзь даставалі, – усміхаючыся ўспамінае Пётр Пятровіч, – але ж “паруліць” так хацелася!

Пасля трох класаў Вяліка-Яцынскай школы хлопец працягваў вучобу ў Чэхскай, дзе скончыў восем класаў, а пуцёўку ў самастойнае жыццё пасля дзясятага класа яму выдала Міхалішкаўская “альма-матар”.

Свае першыя правы – на кіраванне трактарам – Пётр атрымаў яшчэ ў школе падчас вучобы ў вучэбна-вытворчым камбінеце.  Потым былі суседнія Ашмяны, дзе юнак абзавёўся “корачкамі” вадзіцеля грузавога аўтамабіля. І ўрэшце, хоць яму яшчэ не споўнілася васямнаццаці, Пётр пайшоў працаваць “на машыну” ў родны калгас Леніна – яму даверылі малакавоз.

1982 год запомніўся салдату Бараноўскаму новым, па-ваеннаму строгім, укладам жыцця: час службы ў арміі ў далёкай Украіне загартаваў яго характар і выхаваў у ім сапраўднага мужчыну.

Прыпынак “Самастойнасць”

Вярнуўшыся, доўга без работы не сядзеў – жвавы, актыўны і хуткі, Пётр не мог і не хацеў быць на шыі ў бацькоў, таму зноў пайшоў працаваць у калгас, які, праўда, ужо называўся “Радзіма”.

У 1987 годзе Пётр Пятровіч звярнуў са знаёмых да дробязей вясковых дарог на больш перспектыўную – як запэўніваў  яго дзядзька, які, хоць сам быў з Міхалішак, не першы год працаваў у Астравецкім аўтапарку, – “гарадскую”. Пётр скарыстаўся магчымасцю змяніць месца працы, хоць і ў калгасе ён адчуваў сябе спакойна і камфортна.

Прыходзілася вадзіцелю працаваць на грузавых машынах – “пяцьдзясяттройцы”, самазвале і МАЗе – перавозіць грузы па тэрыторыі раёне і за яго межамі. А потым наступіў 1989 год, знамянальны для Пятра Пятровіча тым, што з гэтага часу пачаўся адлік яго сямейнага жыцця: з жонкай Людмілай, прыгожай і працавітай дзяўчынай з Завельцаў, хлопец пазнаёміўся на вяселлі падчас танцаў, на якія тады збіраліся не толькі аднавяскоўцы, але і з ўсёй ваколіцы.

 Статус жанатага чалавека падштурхнуў вадзіцеля вырашаць актуальнае жыллёвае пытанне. У аўтапарку яму нават аднапакаёўка “не свяціла”, таму мужчына пераходзіць працаваць у “меліярацыю” – зноў жа вадзіцелем па падвозу людзей на аб'екты. І тут з жыллём нічога не атрымалася – Пётр Пятровіч вымушаны быў шукаць яго ў іншым месцы. Да таго ж у 1990 годзе ў сям'і Бараноўскіх нарадзіўся сын Артур, які сваім з'яўленнем яшчэ раз пацвердзіў, што для поўнага шчасця яго бацьку не хапае толькі ўласнага дома.

Тых грошай, што маладая сям'я збірала на ажыццяўленне запаветнай мары было недастаткова, таму Пётр Пятровіч вырашае паспрабаваць зарабіць грошай, працуючы на сябе, – у той час у раёне якраз  пачалі развіваць сваю дзейнасць першыя прадпрымальнікі. Рызыкнуў і Бараноўскі – і дзякуючы “аўтамабільнаму бізнесу” праз некалькі гадоў змог купіць хату “на перавоз”, каб паставіць яе на адной з самых  ціхіх вуліц Астраўца.

– Ці хацеў жыць у кватэры? – перапытвае Пётр Пятровіч. – Спачатку не было магчымасці яе купіць, а цяпер разумею, што зрабіў правільна, калі вырашыў будаваць дом, хоць жонка, можа, са мной не пагадзіцца.

Але гэты хлеб быў нялёгкі – у дарозе розныя непрыемнасці здараліся, і паломка аўтамабіля была далёка не самым сур'ёзным выпрабаваннем.  Усіх грошай не заробіш – вырашыў Пётр Пятровіч, мара якога памалу пачала ажыццяўляцца, і зноў пайшоў працаваць “на дзяржаву” – хоць заробкі меншыя, але сталыя, да таго ж спакайней і сям'я каля боку.

Так, зрабіўшы вялікі шматгадовы круг, жыццё Пятра Пятровіча Бараноўскага вярнулася ў аўтапарк №4, дзе ён і працуе да гэтага часу.

Прыпынак “Цэнтр руху”

– З 2010 года я працую вадзіцелем у пасажырскай калоне. І нікуды больш  не збіраюся, – упэўнена гаворыць мужчына.– А навошта, калі ўсё задавальняе: зарплата, рэжым работы і тэхніка? Канешне, працаваць з людзьмі – справа нялёгкая, ды і розныя выпадкі здараюцца: нецвярозыя ці хворыя таксама некуды едуць. Але мне падабаецца мая работа, асабліва магчымасць назіраць за пасажырамі, размаўляць з імі – усе людзі розныя, са сваімі характарамі, паводзінамі і адносінамі. Яны кожны дзень бесперапынна працякаюць праз дзверы майго аўтобуса, нібы паўнаводная рака, якая нясе свае хвалі наперад, незалежна ад таго, што творыцца навокал. Атрымліваецца, што я – у цэнтры руху, я – частка іх жыцця…

Раней на маршруце працаваў, цяпер жа ў асноўным двойчы на дзень важу і забіраю пасля змены будаўнікоў атамнай станцыі. Але бываюць і далёкія рэйсы – у Гродна ці Мінск.

Здараюцца і паломкі – гэта ж тэхніка, але на падхваце заўсёды вопытныя інжынеры і слесары, таму рамонт праходзіць хутка. А вось мыць свой аўтобус я люблю сам, хоць для гэтага таксама ёсць чалавек.

З   асабістага

* Я пабудаваў для сям'і дом, пасадзіў вакол яго цэлы сад і выгадаваў сына. Цяпер чакаю ўнукаў.

* Добра адпачыць можна і ў нас, у Беларусі, ды і на Віліі ёсць шмат прыгожых мясцін.

* Любоў да транспарту ў мяне  пачалася з веласіпеда, які я пастаянна круціў–рамантаваў. Потым быў матацыкл – і яго я таксама ўвесь час разбіраў-збіраў, чысціў і мыў, за ім – бацькаў аўтамабіль.

* Ужо ў восьмым класе я дапамагаў бацьку мяняць рухавік, мог выставіць запальванне…

* Больш за ўсё люблю працаваць зімой – не так спякотна.

* Цемра для мяне не праблема – за шмат гадоў вочы прывыклі.

* Не адношу сябе да працаголікаў, але ўжо на трэці дзень адпачынку хачу на работу.

* Я не проста працую вадзіцелем, я сябе ім адчуваю – здаецца, і нарадзіўся з гэтым пачуццём.

Нічога ў жыцці Пятра Пятровіча Бараноўскага не прыходзіла само: усяго ён дабіваўся сам. Можа, таму яго мары заўсёды былі “зямнымі” – такімі, якія ён, колькі б ні спатрэбілася на гэта часу, мог ажыццявіць. Можа, таму ён хутка зразумеў, што сэнс яго жыцця не ў вялікім багацці і трохпавярховым палацы, а ва ўменні адчуваць задавальненне ад кожнага новага, пражытага ў ладзе і згодзе з усім светам  дня – у тым ліку і працоўнага.

І з таго часу ён знаходзіць радасць у тым, што рухаецца па адным крузе –прывычным, адладжаным і добра вядомым маршруце.

Вольга ХАЦЯНОВІЧ,

ostrov-red.hotyanovich@tut.by

Текст: Главный администратор